30 лет ВНС. Своими воспоминаниями делится делегат первого и третьего Всебелорусского народного собрания от Ушачского района Ирина Пятница

Общество

Ірына Аляксандраўна Пятніца была дэлегатам першага і трэцяга Усебеларускага народнага сходу. Усё жыццё яна прысвяціла сельскай гаспадарцы: аграном па адукацыі, прайшла ступені ад дыспетчара да дырэктара гаспадаркі, у 1996 годзе, калі ехала на першы сход, з’яўляўся начальнікам паляводча-трактарнай брыгады, а ў 2006-м – намеснікам дырэктара саўгаса-камбіната “Арэхаўна”. А па характары – стапрацэнтны актывіст і ўдзельнік грамадскага жыцця. Камсамольскі лідар пярвічкі, дэпутат сельскага і раённага Саветаў, старшыня выбарчых участкаў. І хоць зараз прысвячае сябе выхаванню ўнукаў, актыўнай жыццёвай пазіцыі не страціла і не змяніла свайго палітычнага курса.

“Я зноў еду падтрымаць нашага Прэзідэнта” – так называўся артыкул у “Патрыёце” за 2006 год, у якім І.Пятніца дзялілася з чытачамі сваімі думкамі. Мінула дзесяць год, можна было параўнаць жыццё на вёсцы: зніклі паўгадавыя затрымкі з выплатай зарплаты, у гаспадаркі пачала паступаць новая тэхніка (узамен разграбленага па дварах у перыяд парабудовы пад выглядам прыватызацыі мехпарка), будаваліся камфортныя катэджы, якія і сёння называюць прэзідэнцкімі, боль за тое, з’явілася новае паняцце – аграгарадкі, у цэнтры гаспадарак зноў адраджалася сацыяльная інфраструктура. Першым у раёне ў яго ператварыўся цэнтр яе гаспадаркі – Арэхаўна. А тады, у 1996-м, яна прасіла Прэзідэнта: “Толькі не кідайце вёску”.

Просьба была агучана не са сцэны, а падчас перапынку ў холе спарткомплексу, дзе і праходзіў першы Усебеларускі сход. “Я рухалася па праходзе і “натрапіла” на натоўп з тэлекамерамі. Не ведала, што там, а аказалася – Аляксандр Рыгоравіч размаўляе з дэлегатамі. Проста выйшаў у народ – і яму пачалі расказваць пра жыццё на месцах і задаваць пытанні. Пераважна жанчыны, мы ж найбольш актыўныя. І калі за 10-хвілін да пасяджэння трэба было адпусціць Прэзідэнта, я паспела папрасіць за вёску”, – прыгадвае Ірына Аляксандраўна. Дарэчы, у гэты дзень яна вельмі хвалявалася, паколькі рыхтавалася і да выступлення са сцэны. Але з-за перавышэння рэгламенту абмеркаванне даклада было скарочана. А вярнуўшыся ў раён, сустракалася са сваімі выбаршчыкамі на месцах – жыхарамі і жывёлаводамі Увалокаў, Ляснеўшчыны, Ліпавак і іншых навакольных вёсак – і расказвала ім пра новы намечаны курс.

Аб тым, што з планаў ажыццявілася, яна ведае па жыцці сваіх землякоў. “Вяскоўцы выбраліся з беднасці, пенсіі нават у 2006 годзе ў паўтара раза перавысілі зарплату ў 1996-м, якая складала ўсяго 25 долараў. Даходаў пачало хапаць не толькі на ежу, але і на камп’ютары, мэблю, аўтамабілі – праблема прыпаркавацца зараз ёсць не толькі ў сталіцы, але і ў малых гарадах як Ушачы. Абсалютна рэальным стала ўзяць пазыку і пабудаваць жыллё – аб гэтым мы таксама ведаем па новых мікрараёнах гарпасёлка і добрых дамах у маім Сарочыне. Моладзь нават не ўяўляе, як мы выжывалі ў дзевяностыя, ну а старэйшае пакаленне ніколі не забудзе, як трымала па некалькі кароў і “свінафермы”, бо жылі выключна з натуральнай гаспадаркі. Як пускаліся з непад’ёмнымі бауламі ў суседнія краіны, каб прадаць тое, чаго там не было, ці намнога даражэй, каб зарабіць рэальную капейку. Дарэчы, тое, што зараз намнога скарацілася колькасць жывёлы на падворках вяскоўцаў, сведчыць таксама аб павышэнні дабрабыту – у гэтым няма патрэбы, хапае і пенсій, і заробкаў, каб набыць усё неабходнае ў магазінах і аўтакрамах. Хачу падкрэсліць, што асноўная мэта кожнай пяцігодкі – гэта павышэнне якасці жыцця беларусаў”, – кажа Ірына Аляксандраўна.

Дарэчы, размаўляем мы ў вялікім доме індывідуальнай планіроўкі, з гарачай вадой, пральнай машынай, мікрахвалевай печкай – усім тым, без чаго сёння не ўяўляеш ніводнай кватэры. А на яе кухні стаіць тэлевізар, падораны ўдзельнікам трэцяга Усебеларускага сходу. А менавіта на ім была абрана праграма развіцця малых населеных пунктаў, з’явіліся льготы па развіцці ў сельскай мясцовасці прадпрымальніцтва і фермерства.

Аб тым, што адбывалася на першым і трэцім Усебеларускіх народных сходах, І.Пятніца можа расказваць гадзінамі, паколькі захоўвае ўсе праграмы, падораныя фаліянты аб эканамічным і культурным развіцці краіны, значкі ўдзельніка сходаў, а таксама фірменны наручны гадзіннік. Ірыне Аляксандраўне не трэба адкрываць інтэрнэт, бо ў спецыяльных папках складзены газеты з выступленнем Прэзідэнта і прынятыя праграмы развіцця наступных пяцігодак.

“Галоўнае, што словы Аляксандра Рыгоравіча ніколі не разыходзіліся са справамі, літаральна ўсё, што абяцаў, ажыццявілася, мы вырваліся з вельмі складанага эканамічнага становішча і планамерна развіваемся, захаваўшы сацыяльна-арыентаваную дзяржаву, – зазначае І.Пятніца – Я ў складзе камісіі ўдзельнічала ў выбарах Прэзідэнта і на падліках бюлетэняў бачыла, што мае землякі, як і я, абсалютна вераць нашаму лідару. Мы ніколі не баяліся прысутнасці ніякіх міжнародных наглядальнікаў – з вялікай перавагай праходзіў менавіта Аляксандр Лукашэнка. Асабліва я ўдзячна нашаму Прэзідэнту за тое, што вёска не пакінута сам-насам. І не толькі таму, што аб гэтым прасіла я ці іншыя дэлегаты, а таму што наш Прэзідэнт сам лічыць яе сэрцам краіны, каранямі нацыі”.

Вольга КАРАЛЕНКА.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *