Агроэкоусадьбы на Ушаччине знают как удивить гостей

Общество

Вынікі работы турыстычнай галіны падчас летняга сезона абмеркавалі ўдзельнікі пасяджэння прэзідыума раённага Савета дэпутатаў, якое прайшло на гэтым тыдні ў выязным фармаце. Дырэктар Турцэнтра Ушацкага раёна Дар’я Мілая распавяла пра ўсе віды турпаслуг, што аказваюцца ў рэгіёне. Намеснік старшыні райвыканкама Валянціна Леанідаўна Хамёнак у сваю чаргу падкрэсліла, што ўстанова, якую ўзначальвае Дар’я Пятроўна, працуе планамерна і плённа, уносіць значны ўклад у раскрыццё турыстычных магчымасцяў рэгіёна.
Удзельнікі пасяджэння наведалі дзве ўшацкія аграэкасядзібы, пазнаёміліся з тым, якія ўмовы створаны для гасцей на аб’ектах, а іх уладальнікі, у сваю чаргу, змаглі агучыць хвалюючыя пытанні.

Павульская гасціннасць і водныя прыгоды

Упершыню прымаў падобнае мерапрыемства на аграэкасядзібе “Павульская гасціннасць” яе гаспадар Дзяніс Гурын. Хоць аб’ект быў зарэгістраваны каля года таму, шырокую дзейнасць ён пакуль не разгарнуў. На гэта ёсць аб’ектыўныя прычыны: вялікі катэдж, у якім будзе шэсць гасцявых пакояў, дзе адначасова змогуць размясціцца да 30 чалавек, яшчэ толькі будуецца.
Тым не менш, першых гасцей Дзяніс Анатольевіч сёлета ўжо прыняў. Хоць рэкламную кампанію фактычна не праводзіў, людзі ўбачылі звесткі пра новую сядзібу на ўшацкіх сайтах і захацелі адпачыць на беразе цудоўнага Павульскага возера, так што гаспадару прыйшлося пасяліць іх ва ўласным доме, які, прынамсі, вельмі ўтульны. Пражывалі тут, напрыклад, госці фестывалю “ЭкстрымПрарыў” – і засталіся задаволенымі.
Нават у дажджлівы вераснёўскі дзень спадабалася “Павульская гасціннасць” і ўдзельнікам выязнога прэзідыума, якім гаспадар расказаў пра свае планы. Мяркуецца, што галоўнай тэматыкай аб’екта стане адпачынак на вадзе: катанне на кацеры, “банане”, гідрацыклах, вэйкбордах. Ну а паколькі гасцявы дом будзе ўмяшчальным, зацікавіць ён і жадаючых адзначыць сямейныя ўрачыстасці.


Падзяліўся Дзяніс Анатольевіч і гісторыяй свайго прыезду ў наш раён. Карэннага мінчаніна, асноўная дзейнасць якога звязана з прадпрымальніцтвам у сферы гандлю, прывабіла неверагодная прырода тутэйшых мясцін і каля 10 год таму ён набыў участак у Павуллі. Канечне, вёска ва ўшацкай глыбінцы знаходзіцца на значнай адлегласці ад сталіцы, затое важкім “плюсам” у плане лагістыкі стала нядаўняе абнаўленне мясцовай дарогі. Каб ажыццявіць тут усё задуманае, патрэбны немалыя сродкі, таму гаспадар аб’екта зацікавіўся крэдытнымі прапановамі “Белаграпрамбанка” і падкрэслівае высокі прафесіяналізм, вельмі ўважлівыя адносіны супрацоўнікаў Цэнтра банкаўскіх паслуг №237 г.п.Ушачы. Асабліва адзначае яго дырэктара Дзіну Міхайлаўну Садоўскую, якую характарызуе ёмістай фразай: “Чалавек на сваім месцы”.
Прыемна было пачуць удзельнікам выязнога мерапрыемства і станоўчыя водгукі гаспадара сядзібы наконт узаемадзеяння з прадстаўнікамі ўлады: “Заходзіш у любое падраздзяленне райвыканкама – “Адно акно”, архітэктуру, іншыя – паўсюль прыемныя, чулыя людзі. Зараз вырашаем пытанні з электрычнасцю, і таксама ўсе ідуць насустрач”.
Калі ж мы пацікавіліся ў Дзяніса Анатольевіча яго меркаваннем наконт перспектыў развіцця аддаленых ушацкіх тэрыторый, ён характарызаваў іх з аптымізмам: “З цягам часу людзі ацэняць прывабнасць, экалагічную чысціню гэтых мясцін, яны будуць запатрабаванымі і атрымаюць новае жыццё”.
Ну а мы, у сваю чаргу, не сумняваемся, што водныя прыгоды, сумешчаныя з павульскай гасціннасцю – формула вельмі перспектыўная. Ну хто адмовіцца праімчаць з ветрыкам па гладзі возера і адпачыць у фешэнебельным катэджы?

Чым знакаміта “Дольчэ Віта”?

А вось на аграэкасядзібе “Дольчэ Віта” раённыя выязныя мерапрыемствы ўжо праводзіліся. Алена і Андрэй Барэйка настолькі гасцінныя, што заўсёды гатовы вітаць у сябе любую імпрэзу. А мы зусім і не супраць зноў завітаць у Корсакава! І выснова “Мы ж тут нядаўна былі, усё бачылі” – на гэтым аб’екце проста не працуе, бо штораз тут знойдзеш, чаму здзівіцца.
У гэтым сезоне гаспадары цалкам відазмянілі інтэр’ер пакояў, сцены гасцявога дома ўпрыгожылі стыльныя габелены, на першым паверсе ўзнік усходні “шацёр”, а ў дупле сімвала сядзібы – векавой ліпы – “пасяліўся” філін – плён творчых стасункаў з ушацкімі народнымі майстрамі. З гонарам паказаў нам Андрэй Пятровіч і новую лазню, прызначаную для гасцей “хіжыны” – асобнага рамантычнага доміка, аформленага з адмысловым каларытам. Дарэчы, якраз гэты арт-аб’ект прадставілі сёлета ўладальнікі “Дольчэ Віта” на адпаведны раённы конкурс, які праводзіў Турцэнтр. І, як мы ўжо раней паведамлялі, другі год запар атрымалі галоўны прыз!
Шчырыя працаўнікі ні хвіліны не сядзяць без справы: яны і вінаград вырасцілі, і новы беларускі дэсерт прыдумалі, складана нават проста пералічыць усе свежыя прапановы сезона. І госці гэта, канечне, цэняць.


Уражанымі засталіся і ўдзельнікі мерапрыемства. Падчас размовы ва ўтульнай “тавэрне” сядзібы абмяркоўваліся і праблемныя моманты. Галоўны – гэта стан вясковай дарогі, ёсць пытанні і з нарыхтоўкай дроў, паспрыяць у вырашэнні якіх пастараюцца прадстаўнікі ўлады.
Да слова, на сцяне “тавэрны” мы прыкмецілі фота Марыны Васілеўскай з яе аўтографам. Праўда, першая беларуская жанчына-касманаўт у Корсакава пакуль не заязджала – адпачываў яе брат, які і падарыў гэты здымак, але магчыма, і зорная госця калісьці сюды зазірне. Менавіта падобныя турыстычныя аб’екты цудоўна рэкламуюць нашу запаведную Ушаччыну.

Наталля Багдановіч



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *