Фамилия контролёра 5 разряда РПУ «Ушачирайгаз» Елены Константиновны Апёнок занесена на районную Доску почёта

Наш современник Экономика и малый бизнес

Тыя ўшачане, хто карыстаецца газам ці толькі збіраецца падключыць “блакітнае паліва”, напэўна, добра ведае Алену Канстанцінаўну Апёнак. І хаця стаж работы яна мае далёка не ветэранскі, але аўтарытэт і павагу заслужыла. Канечне, добрасумленнай працай на даручаным участку работы. А сфера службовых інтарэсаў кантралёра пятага разраду РВУ “Ушачырайгаз” надзвычай шырокая.

Аб тым, што калі-небудзь давядзецца працаваць у газавай службе, Алена Канстанцінаўна і падумаць не магла. Як, у прынцыпе, і аб тым, што ёй – ураджэнцы Бігосава Верхнядзвінскага раёна – другой радзімай у хуткім часе стане Ушаччына. А лёс распарадзіўся менавіта так. Пасля заканчэння Віцебскага тэхналагічнага тэхнікума, дзе А.К. Апёнак набыла спецыяльнасць тэхнолага швейнай вытворчасці, яна па размеркаванні прыехала ва Ушачы. Пэўны час працавала ў камбінаце бытавога абслугоўвання насельніцтва. У 1996 годзе пайшлі чуткі аб скарачэнні пасады, якую займала Алена Канстанцінаўна, а таму жанчыне прыйшлося хутка шукаць новае месца працы. Якраз тады ў райгазе адкрывалася новая спецыяльнасць – кантралёр. Сумненні наконт пераходу, безумоўна, былі: пасада адказная, ды і дадатковага перавучвання патрабуе. Аднак у той сітуацыі выбару проста не заставалася, а таму А.Апёнак дамовілася з кіраўніцтвам газавай арганізацыі аб працаўладкаванні. І калі, як кажуць, усе масты былі разведзены, аказалася, што ў КБА скарачэння пасады майстра-тэхнолага не будзе. Запрашалі вярнуцца, аднак падстаўляць новых работадаўцаў, якія падтрымалі, паверылі ў яе, не хацелася.
Канечне, на першых этапах сваёй работы ў ролі кантралёра было складана, але, як прызнаецца Алена Канстанцінаўна, справіцца з усімі цяжкасцямі дапамагалі дырэктар райгаза Уладзімір Мікалаевіч Малаткавец, яго намеснік Зоя Паўлаўна Шчукіна, а таксама бухгалтар прадпрыемства Раіса Іванаўна Шыханцова. Дзякуючы іх парадам справа ладзілася, напрацоўваўся вопыт – і ўжо зараз Алена Канстанцінаўна адчувае сябе ў гэтай сферы як рыба ў вадзе. Яна вядзе аплату за карыстанне газам, правярае паказанні лічыльнікаў, кантралюе тэрміны эксплуатацыі газавага абсталявання, трымае на пастаянным кантролі ўсе пытанні па “адным акне” і многае іншае. Па праўдзе сказаць, амаль “кіламетровы” спіс службовых абавязкаў кантралёра газавай службы ўразіў. Каб скараціць колькасць даўжнікоў, а заадно зверыць бягучыя паказанні лічыльніка з фактычнай аплатай, праверыць, ці няма несанкцыянаваных урэзак у газаправод, ці захавана пломба на лічыльніку, наведвае ўсіх абанентаў. Той, хто лічыць гэты занятак простым – тыпу, хадзі па дамах, размаўляй з жыхарамі – глыбока памыляюцца. На жаль, не заўсёды гаспадары сустракаюць кантралёра так, як трэба: з добрай усмешкай і ўсім пакетам дакументаў. У некаторых дамах проста не адкрываюць – прыходзіцца ў наступны раз “ісці ў госці” да іх ужо з супрацоўнікамі міліцыі, а часам сутыкацца з адкрытым хамствам, калі кантралёра ледзь не сілай выпіхваюць са двара, маўляў, чаго вы прыйшлі.
Акрамя вялікай колькасці так званых “папяровых” спраў неабходна яшчэ добра разбірацца ў тэхнічных характарыстыках газавых прыбораў, прынцыпах іх работы. Пагадзіцеся, адолець такую “навуку”– для большасці жанчын задача амаль непад’ёмная. Але не для Алены Канстанцінаўны! “Калі вучылася на швачку, разбіралася ў абсталяванні швейных машын, – расказвае А.К.Апёнак, – а таму і новыя агрэгаты не “палохаюць”. Тым больш, што перад тым, як трапіць у райгаз, кожнаму работніку трэба прайсці спецыяльнае навучанне, ды і пастаянна ўдасканальваць навыкі: кожныя пяць гадоў праходзіць перападрыхтоўку, штогод здаваць экзамены на прафесійнае майстэрства.
Нягледзячы на вельмі вялікі “фронт” работы, жанчына заўсёды знаходзіць час на сям’ю, сяброў і цікавы адпачынак. Здаецца, няма нічога, што б не ўмела рабіць А.К.Апёнак: яна і шые цудоўна, і танцуе, спявае ў жаночым хоры арганізацыі, пастаянна ўдзельнічае ў спартыўных спаборніцтвах: бегае на лыжах, гуляе ў шашкі і з году ў год застаецца першай лэдзі па згібанні і разгібанні рук. Калегі па рабоце паважаюць яе за дабрыню, спагаду, абаянне, гатоўнасць заўсёды прыйсці на дапамогу. Таму не дзіўна, што прозвішча Алены Канстанцінаўны Апёнак у гэтым годзе занесена на раённую Дошку гонару.
К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *