Как вылечить дерево и чем испугать медведку? На эти и другие вопросы садоводов и огородников отвечает специалист

Калейдоскоп Сельское хозяйство

Незалежна ад надвор’я і пары года ў агароднікаў і садаводаў заўсёды знойдуцца тэмы для абмеркавання і пытанні да спецыялістаў. Гэта пацвярджаюць і перыядычныя звароты ў раённую інспекцыю па насенняводстве, каранціне і ахове раслін, і пытанні, якія паступілі падчас “прамой лініі” да яе начальніка Галіны Мікалаеўны КАШКО. Адказы на некаторыя з іх, пэўна, спатрэбяцца і іншым.

– На ствалах многіх садовых дрэў у апошні час з’явілася шмат лішайнікаў, у якой ступені яны шкодныя і як з імі змагацца?
– Лішайнікі, якія пасяліліся ў значнай колькасці на кары ствалоў і галінах, парушаюць прыток паветра да ўнутраных частак дрэва ці куста. Служаць яны і добрым сховішчам для шкоднікаў. Устаноўлена, што вымываемыя з лішайнікаў кіслоты аказваюць негатыўнае ўздзеянне як на травяністыя расліны, так і драўняныя пароды. Калі ў вашым садзе на ствалах пладовых дрэў з’явіліся лішайнікі, саскабліце іх драўляным скрабком (жалезны прадмет можа пашкодзіць дрэва). Ачышчанае месца апрацуйце растворам меднага купарвасу (100 г на 10 л вады). Папярэдзіць “засяленне” лішайнікамі пладовых дрэў дапаможа пабелка ствалоў і галін вапнай. Дарэчы, лішайнікі з’яўляюцца індыкатарамі чысціні паветра, яны аддаюць перавагу месцам, дзе паветра багатае кіслародам і ў ім мала шкодных рэчываў.
– Летась значна сапсавала ўраджай і адпаведна наш настрой мядзведка, якая пасялілася на ўчастку. Хутка новы сезон і не хочацца сустрэцца з гэтым “госцем” на сваіх сотках зноў. Якія метады барацьбы з мядзведкай вы можаце параіць?
– На ўчастак мядзведка трапляе часцей за ўсё з гноем, у якім любіць зімаваць і харчавацца каранямі пустазелля. Таму ўважліва праглядвайце гной, які завозіце. Не падкормлівайце свае расліны свежым каравяком – гэта можа прыцягнуць шкодніка. А вось птушыны памёт, наадварот, адпужвае мядзведку, таксама як і попел. Эфектыўным спосабам барацьбы лічыцца якасная перакопка зямлі яшчэ восенню, а ў першай палове вегетацыі – пустых участкаў і дарожак, а таксама знішчэнне пустазелля. Пры перакопцы паміж радамі і на дарожках на глыбіню 10-15 см устанаўліваюць пасткі: слоік з вадой укапваюць так, каб гарлавіна была на ўзроўні зямлі або крыху ніжэй глебы – шкоднік трапляе ў ёмістасць і тоне. Ловяць мядзведку і на сумесь забрадзіўшага піва (50-100г) і чайнай лыжкі мёду: сумесь наліваюць у бутэльку з-пад шампанскага, горла завязваюць марляй, укапваюць бутэльку ў зямлю пад вуглом 45 градусаў так, каб горла было на ўзроўні глебы, і крыху прысыпаюць зямлёй. Мядзведка хутка пачуе пах піва, прагрызе марлю, забярэцца ўнутр, а назад ужо выбрацца не зможа. Праз некаторы час трэба замяніць бутэльку на новую. Наліць на дно можна таксама і сланечнікавага алею. Для аховы парнікоў ад мядзведкі эфектыўным з’яўляецца абкопванне канаўкамі глыбінёй 30-40см, а таксама абгароджванне цяпліцы кавалкамі шыферу ці шкла.
У маі, калі мядзведка лятае, на ўчастку ўстанаўліваюць якую-небудзь крыніцу святла, а пад ёй размяшчаюць ёмістасць з водна-газавай эмульсіяй. Шкоднікі ляцяць на святло і, удараючыся аб ліхтар, падаюць у ёмістасць і гінуць. Важна своечасова заўважыць на ўчастку гнёзды мядзведкі і знішчыць лічынак да іх сталення. У пачатку лета звяртайце ўвагу на ўчасткі без расліннасці з невялікім бугарком. Калі знайсці гняздо, то можна знішчыць усіх шкоднікаў.
Не пераносяць мядзведкі паху аксамітак і хрызантэм, таму пасадзіце іх паміж градкамі ці на краі ўчастка. Можна прагнаць непрыемнага “госця” і галінкамі алешыны, усунуўшы іх на градкі праз кожныя 1-2 метры, яшчэ лепш падзейнічае пілаванне гэтага дрэва, якім трэба пасыпаць глебу.
– Якія сарты яблынь з’яўляюцца найбольш устойлівымі да ракавых захворванняў?
– Чорны рак – шырокараспаўсюджанае захворванне яблынь. Хваробай паражаюцца ствалы, галіны, лісце, кветкі і плады. Спачатку на кары ствала з’яўляюцца плямы, якія паступова разрастаюцца, кара пакрываецца трэшчынамі, а затым і адмірае. Узбуджальнік хваробы пранікае ў дрэва праз пашкоджанні ад сонечных апёкаў, механічных уздзеянняў, у тым ліку і пры абрэзцы. Найбольш устойлівымі да рака з’яўляюцца такія сарты, як “Беларускае салодкае”, “Бананавае”, “Беларускі сінап”, “Весяліна”, “Мінскае”, “Пэпін”, “Сябрына”, “Памяць Сікоры”, “Уэлсі”, “Антонаўка Белсад”, “Мінскае Белсад” і некаторыя іншыя.
Падрыхтавала В.КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *