Что беспокоит женщин ?(соцопрос)

Калейдоскоп

З 24 па 27 лютага 2010 года ўпраўленне ідэалагічнай работы Віцебскага аблвыканкама правяло сацыялагічнае апытанне “Жанчына ў сям’і” сярод жанчын, выбарачная сукупнасць якога склала 1200 чалавек. У апытанні ўдзельнічалі прадстаўніцы з Віцебска, Полацка, Оршы, Наваполацка, Верхнядзвінскага, Глыбоцкага, Пастаўскага, Браслаўскага, Віцебскага, Полацкага, Аршанскага і Чашніцкага раёнаў вобласці.

Найперш высвятлялася сацыяльнае самаадчуванне жанчын. Вынікі паказалі, што больш 60 працэнтаў апытаных ацэньваюць сваё матэрыяльнае становішча як нармальнае. 11 працэнтаў лічаць, што яны валодаюць дастаткова добрым узроўнем даходу (у гарадах – 9%, у сельскай мясцовасці – 15%). Толькі 21 працэнт рэспандэнтаў адносіць сябе да малазабяспечаных.

Як паказала апытанне, не заўсёды спрыяльна складваюцца і сямейныя адносіны. “Вельмі добрымі” і “хутчэй добрымі” іх ахарактарызавалі 68 працэнтаў рэспандэнтаў, 17 працэнтаў застаюцца незадаволенымі адносінамі ў сям’і. 15 працэнтаў апытаных жанчын увогуле не змаглі даць адказ на пытанне “Як складваюцца Вашы сямейныя адносіны?”.

Аналіз паказаў, што прыкладна чвэрць усіх апытаных адчуваюць у адносінах да сябе насілле ў сям’і, прычым, у сельскай мясцовасці яно распаўсюджана ў большай ступені, чым у гарадах (21% – у гарадах, 35% – у сельскай мясцовасці). Часцей за ўсё яно праяўляецца ў выглядзе маральнага і псіхалагічнага насілля (13%). Пагрозы, знявагу і забарону адчуваюць каля 20 працэнтаў сельскіх жанчын і 11 працэнтаў гараджанак. Фінансавая залежнасць (эканамічнае насілле) займае другую пазіцыю ў структуры відаў насілля, яго ўказалі 9 працэнтаў апытаных. Фізічнае насілле займае трэцяе месца (7%), і як высветлілася, больш за ўсё яму падвергнуты жанчыны з сельскай мясцовасці (11%), гараджанкі (5%).

Даволі дэталёва падчас апытання вывучалася сямейнае становішча рэспандэнтаў. Амаль 80 працэнтаў апытаных жанчын знаходзяцца ў афіцыйным шлюбе, 9 працэнтаў – у так званым “грамадзянскім шлюбе” (7% – у гарадах, 15 % – у сельскай мясцовасці). Большасць жанчын, якія скасавалі шлюб, пражывае ў гарадах (9%), маці-адзіночак больш у сельскай мясцовасці – 3 працэнты. Кожная другая жанчына знаходзіцца ў шлюбе больш 24 гадоў, амаль кожная другая – ад году да 23 гадоў.

Большасць сем’яў маюць толькі аднаго дзіця (44%), 39 працэнтаў – двух, 4 працэнты – трох. Няма дзяцей у кожнай восьмай з апытаных жанчын, якая знаходзіцца ў шлюбе.

Вывучаліся і сацыяльныя праявы насілля. Аб дамашнім насіллі ў асяроддзі сяброў і знаёмых чулі 28 працэнтаў жанчын. Выпадкі дамашняга насілля, на думку апытаных, часцей за ўсё звязаны з ужываннем алкаголю і наркотыкаў – так лічаць 85 працэнтаў рэспандэнтаў. У якасці асноўных прычын насілля ў сям’і прадстаўніцы слабага полу называюць рэўнасць, нізкі культурны ўзровень, недахоп грошай, прыродную схільнасць да насілля, жыллёвыя праблемы, адсутнасць работы, несумяшчальнасць характараў, умяшанне родных у справы сям’і. На думку 71 працэнта апытаных, менавіта жанчыны часцей за ўсё становяцца ахвярамі насілля ў сям’і, а 49 працэнтаў ахвярамі называюць дзяцей.

Як высветлілася падчас апытання, не заўсёды жанчыны, якія падвяргаюцца насіллю, звяртаюцца за дапамогай. Часцей такія факты замоўчваюцца. Толькі 13 працэнтаў тых, хто адчуў на сабе насілле, шукалі абарону. Часцей за ўсё за дапамогай звярталіся ў міліцыю, да родных і сяброў, і толькі ў адзінкавых выпадках – да адміністрацыі, у прафсаюзную арганізацыю па месцы працы. На жаль, як высветлілася з апытання, пасля такіх зваротаў сітуацыя не мянялася ў лепшы бок. Толькі 4 працэнты жанчын пацвердзілі, што ім дапамаглі. 2 працэнты жанчын выхадам з такой праблемнай сітуацыі лічаць скасаванне шлюбу.

В.ЗАХАРЭНКА, начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *