«Приезжаю в Беларусь, как на Родину». 91-летний ветеран войны Е.Д.Шипулин, имя которого значится в числе погибших на одной из плит на мемориальном комплексе «Прорыв», посетил Ушачский район

В памяти их имена Общество

З ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, палітруком другой роты атрада імя Даватара брыгады імя Панамарэнкі Е.Д.Шыпуліным, які зараз жыве ў горадзе Клінцы Бранскай вобласці, напэўна, пазнаёміліся многія ўшачане: у ліпені бягучага года Елісей Данілавіч на некалькі дзён прыязджаў у наш раён, быў ганаровым госцем на святкаванні Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Ушаччына стала для ветэрана тым месцам, дзе яму пашчасціла ў другі раз нарадзіцца, куды заўсёды цягнулася душа. Нягледзячы на паважаны ўзрост Е.Д.Шыпулін сёлета вырашыў увасобіць у жыццё сваю запаветную мару — прыехаць туды, дзе ваяваў, дзе назаўсёды засталося яго сэрца. Між іншым, маючы зносіны з гэтым адкрытым, энергічным, вясёлым чалавекам, цяжка ўявіць, што ён размяняў ужо 91 год. Як жартаўліва кажа ветэран, ён сам не верыць лічбам у сваім пашпарце, бо ў душы адчувае сябе толькі на 19 гадоў…

З Ушаччынай Е.Д.Шыпуліна звязвае вельмі многае. У 1944-м у адным з баёў падчас прарыву варожай блакады ён быў тройчы паранены. Цела яшчэ жывога Елісея Данілавіча было кінута ў агульную брацкую магілу, але яно яшчэ падавала ледзь прыкметныя подыхі жыцця. Іх і заўважыла мясцовая жанчына, якая разам з іншымі вяскоўкамі была накіравана на месца нядаўняга бою для пахавання рускіх у адзінай магіле. Цела Елісея Данілавіча выратавальніца паклала зверху на астатнія і твар не прысыпала зямлёй, а насунула на яго кавалачак дзёрну з травой, дзе зрабіла адтуліны для дыхання. Такая канспірацыя была патрэбна, бо немцы дастрэльвалі ўсіх, хто яшчэ шавяліўся. А тут быў шанц…
Жанчына прыйшла на гэтае месца глыбокай ноччу, адкінула дзёран з твару і шчакой датулілася да яго. Хлопец быў яшчэ жывы! Выратавальніца хуценька выцягнула цела з брацкай магілы і схавала ў сваёй адрыне.

— Прыйшоў у прытомнасць я толькі на 11-ы дзень, — расказвае Е.Д.Шыпулін. — Пасля цяжкай кантузіі, як маленькае дзіця, зноў вучыўся гаварыць. Выратавальніца залечвала мае раны народнымі лекамі, паіла малаком, прыносіла ежу, якую гатавала для сябе. Гэта была вельмі разумная, адукаваная жанчына, якая валодала медыцынскімі навыкамі. На жаль, час сцёр з маёй памяці дакладныя звесткі аб ёй.
Прайшло шмат часу з тых ваенных падзей, але і сёння, быццам жывыя, паўстаюць перад Елісеем Данілавічам беларускія лясы, твары загінуўшых таварышаў. Менавіта таму падчас сёлетняга візіту на Ушаччыну ён вырашыў пабываць ва ўсіх знакавых для яго месцах, атрымаць як мага больш інфармацыі і ўражанняў ад знаходжання на сваёй другой радзіме. Абавязковай кропкай падарожжа ветэрана па Ушацкім раёне стала вёска Мосар, дзе знаходзіцца магіла камандзіра роты атрада Даватара брыгады імя Панамарэнкі, яго вялікага сябра Якава Васільевіча Бурдыкі. На мемарыяльным комплексе «Прарыў» Е.Д.Шыпулін усклаў карзіну з кветкамі да падножжа манумента, пастаяў ля пліты, дзе ў ліку іншых гераічна загінуўшых партызан значыцца і яго імя. Сваёй велічнасцю здзівіў партызана музей народнай славы імя У.Е.Лабанка, дзе Елісей Данілавіч з захапленнем разглядаў ваенныя экспанаты і нават дапаўняў аповед экскурсавода ўласнымі ўспамінамі. Няпроста ветэрану было зайсці ў трэцюю залу экспазіцыі, прысвечаную прарыву варожай блакады: углядаючыся ў фотаздымкі загінуўшых, са слязамі на вачах ён успамінаў таварышаў.
Тут жа, у музеі, Ушацкая раённая арганізацыя РГА «Белая Русь» наладзіла сустрэчу Е.Д.Шыпуліна з актывам раённай ветэранскай арганізацыі. У цёплай сяброўскай атмасферы прысутныя дзяліліся сваімі ўспамінамі, разам спявалі ваенныя песні.
Напэўна, надоўга запомніцца Елісею Данілавічу і сустрэча з прадстаўнікамі маладога пакалення Ушаччыны — выхаванцамі аздараўленчага лагера «Турасполле». Дзеці ўважліва слухалі аповед удзельніка вайны, шчыра цікавіліся падрабязнасцямі яго партызанскага жыцця. Каб падзякаваць ветэрану за сустрэчу, хлопчыкі і дзяўчынкі падрыхтавалі для яго невялікую канцэртную праграму — таленты юных ушачан так уразілі Е.Д.Шыпуліна, што той нават сам спяваў разам са школьнікамі. Сустрэча ў «Турасполлі» дала дзецям магчымасць не толькі з першых вуснаў даведацца аб некаторых гістарычных падзеях свайго раёна, але і зразумець, наколькі цесныя адносіны былі і ёсць паміж Беларуссю і Расіяй. Дарэчы, падчас усіх мерапрыемстваў Елісей Данілавіч падкрэсліваў, што трэба і надалей умацоўваць праверанае ў крывавых баях братэрства паміж народамі дзвюх дзяржаў.
— Заўсёды прыязджаю ў Беларусь, як на сваю радзіму, з упэўненасцю, што тут мяне сустрэнуць як самага дарагога госця, — адзначыў ветэран. — Так адбылося і на гэты раз. Хачу падзякаваць выконваючаму абавязкі старшыні райвыканкама Віктару Віктаравічу Родзічу, старшыні раённага Савета дэпутатаў Алене Васільеўне Пашковіч, якія арганізавалі цёплы прыём, насычаную праграму майго прабывання ў раёне, ну і, безумоўна ж, усім ушачанам. Уражанні, атрыманыя падчас наведання вашага цудоўнага краю, застануцца са мной да канца жыцця.
К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *