Трогают струны души

Наш современник Наши земляки Творчество наших земляков Экономика и малый бизнес

Вялікі летні адпачынак настаўнікаў з’яўляецца прадметам зайздрасці для прадстаўнікоў іншых прафесій. А вось удзельніцы квартэта “Натхненне” – выкладчыцы Ушацкай дзіцячай школы мастацтваў – свой сёлетні адпачынак прынеслі ў ахвяру музыцы. Гэта і не дзіўна, бо лета – сезон шматлікіх канцэртаў, а наш квартэт лічыцца зараз адным з самых запатрабаваных творчых калектываў Віцебскай вобласці.

Трэба адзначыць, што ў складзе квартэта ўпершыню за 15 гадоў існавання адбыліся змены. Адна з удзельніц вырашыла прыпыніць канцэртную дзейнасць, таму тэрмінова прыйшлося шукаць ёй замену. Паспрабаваць сябе ў “Натхненні” рашылася спявачка Ірына Коршун, якая не так даўно стала мамай. Талент, жаданне і працаздольнасць дапамаглі хутка засвоіць вялікі канцэртны рэпертуар, і на “Славянскім базары ў Віцебску” калектыў дэбютаваў у сваім новым складзе. Паўгадзінная праграма на адкрытай пляцоўцы непадалёк ад Успенскага сабора была складзена з ваенных, патрыятычных і сучасных беларускіх твораў. “Асабліва шчымлівым быў момант, калі пасля адной з песень да нас падышла жанчына ў адзенні манашкі і падарыла вялікі букет кветак ад матушкі, якую, па яе словах, надзвычай уразілі нашы спевы”, – расказвае кіраўнік квартэта Жанна Савіцкая.
І сапраўды, літаральна любы слухач можа знайсці сярод выконваемых “Натхненнем” твораў тое, што закране струны менавіта яго душы. Калектыў валодае рознымі манерамі выканаўчага мастацтва, таму мае вялікі ўніверсальны рэпертуар, адмысловае месца ў якім займае духоўная музыка. Дарэчы, квартэты вельмі рэдка ўключаюць царкоўныя творы ў свой рэпертуар. Выконваюць духоўную музыку звычайна хоры або ансамблі з васьмі і больш спевакоў – каб можна было выкарыстоўваць вакальны прыём так званага “ланцуговага дыхання”, калі падчас доўгай малітвеннай фразы ўдзельнікі па чарзе набіраюць паветра ў лёгкія. Але ж наш квартэт не пабаяўся ўзяцца за гэты складаны музычны жанр і дасягнуў у ім пэўных вышынь прафесіяналізму. Менавіта таму “Натхненне” ў ліку ўсяго двух калектываў Віцебшчыны было ўдастоена гонару прадстаўляць наш рэгіён на святочным канцэрце ў Мінску, які адбыўся пасля літургіі ў рамках святкавання 1025-годдзя Хрышчэння Русі. “Нельга ахарактарызаваць словамі тую ўзнёслую атмасферу, якая панавала падчас свята на тэрыторыі Мінскага замчышча!” – расказваюць удзельніцы квартэта і дадаюць, што ніколі яшчэ ім не даводзілася выступаць перад такой колькасцю гледачоў. Выконваць жа духоўныя творы перад настолькі дасведчанай аўдыторыяй было адказна ўдвая, аднак ушачанкі з гэтым выдатна справіліся – і сведчаннем таму стаў эпізод, калі пасля выступлення да іх падышла група жанчын-паломніц, якія па-мацярынску абнялі спявачак, прамовіўшы: “Дзякуй за тое, што вы робіце”. І гэтыя сціплыя словы былі найлепшай пахвалой за гадзіны ўпартых рэпетыцый. Дзяўчаты ж у сваю чаргу выказваюць шчырую падзяку канцэртмайстру Алегу Барысавічу Іванову за тэхнічную дапамогу ў падрыхтоўцы канцэртаў.
“Натхненне” і надалей збіраецца крочыць у абраным напрамку. У прыватнасці, плануе ў наступным чэрвені прыняць удзел у міжнародным конкурсе “Магутны Божа”, які штогод праводзіцца ў Магілёве. А значыць, яшчэ больш людзей даведаецца пра тое, што ў нашым невялікім пасёлку жывуць надзвычай таленавітыя і духоўна багатыя людзі.
Н.БАГДАНОВІЧ.
На здымку: А.Сазонава, А.Іўліева, І.Коршун, Ж.Савіцкая.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *