Праздник картошки для жителей Селищ организовали администрация местного сельхозпредприятия и работники клуба

Сельское хозяйство

Калі давялося вырашаць, дзе правесці першае раённае свята, прысвечанае галоўнаму ласунку беларусаў, арганізатары доўга не вагаліся, бо толькі дзве гаспадаркі ў раёне вырошчваюць наш другі хлеб. Адна з іх — ААТ «Агра-Селішча» — з задавальненнем згадзілася прыняць у мясцовым сельскім клубе гасцей мерапрыемства «Бульбачка родная — усім нам годная», а дырэктар сельгаспрадпрыемства Віктар Васільевіч Кажан не толькі падтрымаў ідэю, але і дапамог у арганізацыі і правядзенні свята.

А пачалося яно пастаноўкай, якую разыгралі перад гледачамі ўдзельнікі селішчанскага драматычнага гуртка. У ёй расказвалася, як у даўнія часы да нас трапіла бульба.

Кулінары сцвярджаюць, што з гэтага прадукту можна прыгатаваць больш 500 страў. На выставе-дэгустацыі, арганізаванай на свяце, найменняў, праўда, было крыху менш, аднак паспытаць гурманам было што: аб гэтым паклапаціліся мясцовыя гаспадыні Таіса Мікалаеўна Ананьева, Людміла Іванаўна Крывёнак, Наталля Васільеўна Піткевіч, Алена Дзмітрыеўна Чырвоная, Таццяна Ільінічна Мугака, Таіса Валянцінаўна Бародзіч.

Дадавалі добрага настрою музычныя нумары ў выкананні ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці РДК і РМЦ, а таксама мясцовай спявачкі Людмілы Крывёнак. Не абышлося свята і без галоўнай гераіні Бульбінкі, якая забаўляла гледачоў загадкамі і конкурсамі. Асабліва спадабалася прысутным спаборніцтва «Хто хутчэй і больш з’есць клёцак».

Пераможцу гэтага конкурсу чакаў арыгінальны прыз — бульбяныя пацеркі. Зрэшты, паласавацца адной з любімых страў ушачан — духмянымі клёцкамі, прыгатаванымі ў сталоўцы «Агра-Селішча», змаглі ўсе ўдзельнікі свята, якое, па агульным прызнанні, абавязкова павінна стаць традыцыйным.

Г.МЯЛЕШКА, загадчыца Селішчанскага сельскага клуба.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *