Подсобное хозяйство ушачан

Личное подсобное хозяйство

У гэтай прыгожай, руплівай, шчырай жанчыны так ужо атрымалася, што менавіта з-за асабістай гаспадаркі прыйшло ў рукі сапраўднае шчасце. А было так, што яна скончыла вучылішча і стала працаваць у РКБА.P1010002 Маці, якая жыла ў Арэхаўне, з гадамі ўсё больш перажывала, прыгаворвала, маўляў, калі ты, дачка, не кінеш работу ва Ушачах, то давядзецца пазбавіцца каровы, бо цяжка ўжо яе трымаць. А без гэтай жывёліны старэйшыя людзі, як вядома, не ўяўлялі свайго жыцця. І вось аднойчы Ірыне падвярнулася работа прыбіральшчыцы ў Арэхаўскай школе. Тады яе мама, а яшчэ і настаўніца ды проста добры чалавек Надзея Андрэеўна Долгая зрабілі ўсё, каб яна ўладкавалася на месцы.

Гэта вяртанне з’явілася пачаткам яе статусу вясковай гаспадыні, бо стала непасрэдна займацца тым, чым займаліся продкі: агародам, жывёлай. Клопатаў у Ірыны было – хоць адбаўляй. Патрабавала ўвагі сям’я: мама (пазней яе не стала), муж, двое дзяцей. Але на рабоце і дома хапала яе руплівасці. Усюды ўсё ладзілася. Была толькі праблема, ад якой пакутуюць нямала жанчын. І, пражыўшы з мужам у шлюбе пятнаццаць гадоў, яна не вытрымала, вымушана была пайсці на развод.

Можа цягнула б асабістую гаспадарку адна, напаўняла свае будні і святы толькі радасцю за дзяцей, не звязвала свой лёс з іншымі мужчынамі, раз не атрымалася з першым. Але здарылася ўсё вельмі дзіўна: да іх у школу прыйшоў працаваць Ілья Крыскевіч (цяпер ён – майстар вучэбна-курсавога камбіната). Яны некалі вучыліся ва Ушацкай СШ у паралельных класах, але адзін аднаго не ведалі. А як убачылі пяць гадоў таму, так і зразумелі: знайшлі тое, што трэба.

У іх усё склалася адразу. Ілья не быў дагэтуль жанаты, жыў са сваёй мамай у Крыскавічах. Скончыў тэхнікум. У Ірыны наадварот была ўжо практыка адносін з мужам, магчымасць параўноўваць двух мужчын.

– У мяне гэтыя пяць гадоў – сапраўднае шчасце, – гаворыць жанчына. – Не магу і цяпер прывыкнуць, як гэта, калі муж не п’е, у хаце спакой і парадак.

А парадак і сапраўды бачны адразу, калі заходзіш у двор. Усё акуратна. Новы гараж. Калонка не проста ўцеплена, а зроблена нават невялікае зрубленае з бярвення ўкрыццё. З цаглінак выкладзена вялікая клумба, бо гаспадыня вельмі любіць кветкі.

У хаце таксама ўсё да толку: прыбрана, дываны на падлозе. І што асабліва кінулася ў вочы ў першым пакоі – гэта вялікі халадзільнік. А ўсё таму, што сям’я трымае дзвюх кароў, цялушку, свіней, курэй. Малако і мяса трэба захоўваць.

Ірыну і Ілью ў многім аб’ядноўвае іх сялянская жылка, тое, што з’яўляюцца перакананымі вяскоўцамі, прывыклі да бацькоўскага ўкладу жыцця. Калі яна і адна гаспадарку вяла, усё роўна не пазбавілася ад агарода і жывёлы, ён са сваёй мамай таксама не адрывалі- ся ад звыклага, нават цяпер у жанчыны ёсць конь і куры.

Ірына і Ілья фактычна на дзве гаспадаркі працуюць: на арэхаўскіх і на крыскавіцкіх надзелах траву косяць, сена нарыхтоўваюць, зерневыя вырошчваюць. Да слова сказаць, у Ільі ёсць трактар, касілка, але і каня не пазбаўляюцца. Ірына разважае: хочацца, каб больш усяго было, расказвае: калі яшчэ яго бацька быў жывы, стаў думаць, што з цялушкай рабіць, а яна прапанавала: “А давайце мы падгадуем, а вясной прададзім”. Як пакінула, так і карова з яе атрымалася. Хутка дзве целяцца.

Вясна звычайна для тых, хто трымае кароў, больш складаная, чым зіма. Першае, што трэба думаць пра выпас. Тут клопат і аб тым, як наладзіць яго, і аб выдзяляемых плошчах. Ірына Пятроўна хвалюецца, расказвае, што паўнацэннага статка ўжо няма, а ў каго каровы засталіся, тыя ў мінулым годзе наймалі пастуха. Ці будзе такое сёлета, невядома. Жанчына ўсміхнулася: “Гавару: давай, Ілья, збудзем кароў. Мы не зможам іх пасвіць, працуем жа ўдвух. А ён кажа: а навошта тады агарод”.

Такое вось замкнёнае кола, што не адпускае гаспадарлівых вяскоўцаў, якія не прывыклі сядзець дома без справы. Як бы абставіны ні складваліся, усё роўна выхад знаходзіцца. Вось і з каровамі. Звычайна, калі распадаецца статак, то іх навязваюць на пашах. Добра тое, што ёсць сёння дзе пасвіць і дзе касіць. Проста не ўсім з маладзейшых людзей падабаецца ўшчымляць свой адпачынак.

– Канечне ж, калі гаспадарка ёсць, то работы хапае, – расказвае Ірына Пятроўна. – У пяць гадзін устаеш, спраўляешся, ідзеш на работу, у поўдзень бяжыш кароў даіць, вечарам зноў з гаспадаркай. Ноч праходзіць як імгненне. А што як касьба пачынаецца, то і посуд няма калі памыць, і папалоць градкі. Галоўнае тут – назапасіць сена ў зіму.

І ўсё ж ёсць іншае. Жанчына прыгадвае: яшчэ на яе памяці было такое, што з дзесяці капешак толькі адну давалі ўзяць сабе, астатнія ў калгас трэба было здаць. Во дзе было гора, як сена накасіць. Цяпер касі ўсё сабе, толькі не лянуйся. І сеяных траў некалі мала было, усё толькі па лугах…

Канечне, усё малако Ірына і Ілья не спажываюць. Дачка ж жанчыны працуе ў Ржаўцы, што пад Бешанковічамі, яна атрымала сярэднюю спецыяльную адукацыю, цяпер завочна вучыцца ва універсітэце, юрыст. Сын жыве ва Ушачах, пасля службы ў арміі жаніўся, працуе ў будаўніцтве. Ірына Пятроўна расказвае, што ў асноўным малако яны прадаюць насельніцтву, часткова здаюць мясцовай гаспадарцы.

Свіней гадуюць сабе для харчавання. Купляюць камбікорм, але і сваё зерне выкарыстоўваюць на корм. Самі мелюць на муку. Збожжавыя ідуць і курам. Бульбы сваёй хапіла ў мінулым годзе і сабе, і жывёле да новага ўраджаю.

Немалым падспор’ем у доглядзе жывёлы з’яўляецца агародніна. Буракі, кабачкі, гарбузы дзяруць на тарцы, скормліваюць сырымі.

Пра ўсё гэта Ірына Пятроўна расказвае з веданнем справы. Слухаеш яе і разважаеш: перад табой не пажылая жанчына, якая трымае жывёлу з апошніх сіл, а маладая прадаўжальніца гаспадарскай справы, адной з самых трывалых на вёсцы, хаця ўжо і значна менш распаўсюджанай, чым даўней. А тут яшчэ ёй садзейнічаюць светлыя пачуцці паміж людзьмі. Гэта цудоўна!

Г.ВАРАТЫНСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *