Не стала Рыгора Барадуліна

Общество

Памёр Рыгор Барадулін. Гэтая трагічная вестка прайшла з Мінска 2 сакавіка. На васьмідзясятым годзе жыцця, толькі што адсвяткаваўшы 79 гадавіну, памёр наш славуты зямляк паэт Рыгор Барадулін.

Не верыцца. Не хочацца верыць…

Паэт, які праславіў наш край, сваю Ушаччыну, мноствам вершаў і зборнікаў. Апошні, што ўбачыў свет у лістападзе 2013 года, так і называецца “Вушацкі словазбор”. Ён валодаў неабсяжна вялікай скарбонкай беларускага слова, унікальнага ўшацкага слова, на якім гаварылі яго землякі, яго маці Куліна. Ён так любіў свае Ушачы, што прыязджаў сюды, дадому, кожнае лета. Так і казаў, “я прыехаў дамоў”. Рыгор Іванавіч для ўсіх для нас – ушачан – прыклад бязмежнай любові да Бацькаўшчыны. Прыклад шчымлівай любові да Маці.

“Адышоў унікальны для Беларусі і не толькі для Беларусі паэт, апошні паэт незямной красы. Натуральны, моцна беларускі. Паэт такой сілы, што я не магу яшчэ гаварыць пра ягоную веліч, бо гэта вызначыць час”. “Шчасце, што Бог паслаў нам гэтага генія, чараўніка, правідцу”. “Гэта вельмі рэдка здараецца, што прыходзяць паэты такой сілы. Але шчасце, што здарылася. Дарагі Рыгор. Ты з намі. Мы дыхаем з табой. Жывем з табой. Ты будзеш жыць доўга побач з Янкам Купалам, Максімам Багдановічам, Васілём Быкавым”. “Не хачу і не магу казаць “жыў”. Не маю права. Не мела права і здарыцца тое, што здарылася з табой. Ты з намі”.

Нельга не пагадзіцца з усімі гэтымі выказваннямі пра Рыгора Іванавіча беларускіх літаратараў. Казаць “быў” пра Рыгора Барадуліна сапраўды нельга. Бо ёсць слупы, волаты, настолькі велічныя імёны ў гісторыі, што, здаецца, ніякія жыццёвыя нягоды, хваробы іх не крануць, проста не зрушаць. Ён быў такім волатам пры жыцці і застаецца ім, адышоўшы ў нябыт.

Не верыцца. Не хочацца верыць, што нікога больш не сустрэне тут, ля дома з чырвонай цэглы па вуліцы Школьнай, наш Рыгор Іванавіч. Толькі мінулае лета ён не быў дома – не было сілы. А наколькі гасцінным быў гэты дом раней. Да яго прыязджалі многія вядомыя беларускія дзеячы, прыходзілі простыя ўшачане, з дзецьмі, унукамі. Прыходзілі за аўтографам, прыходзілі, каб малыя запомнілі сустрэчу са славутым дзядзькам Рыгорам. У гэтыя жалобныя дні ў рэдакцыю патэлефанавалі сотні людзей, пакінулі свае каментарыі-спачуванні на сайце. “Не родны ж чалавек, а так шкада, так балюча”, – казалі ўшачане. Яны абменьваліся адзін з адным чорнай весткай і тым самым спачувалі адзін аднаму, усім нам.

“Памятаю, як разам з Рыгорам Барадуліным у 1979 годзе арганізоўвалі развітальную сустрэчу з землякамі Петрусю Броўку”, – дзяліўся ўспамінамі былы другі сакратар райкама КПБ Пётр Сцяпанавіч Марчанка. Дырэктара Вялікадолецкай школы Рыму Леанідаўну Аніскевіч напужаў позні званок сына. Студэнт не філалагічнага, а хімічнага факультэта БДУ любіць творчасць Барадуліна і смуткаваў ад горычы страты. Кожны з нас прыгадаў у гэтыя дні свае сустрэчы з паэтам…

“Што рабіць нам. Не чуўшым такога жывога беларускага слова, якое чулі Вы?” Запыталася неяк у Рыгора Іванавіча падчас аднаго інтэрв’ю, калі абмяркоўвалі нашы, ушацкія сакавітыя выразы. “Чытаць, – адказаў Барадулін. – Як рабіў гэта Максім Багдановіч, які вучыў мову ўдалечыні ад радзімы”.

І мы будзем чытаць, перачытваць, вучыць на памяць. Будзем вучыцца яго слову, яго мудрасці, яго жыццёвай навуцы. Многа крылатых выразаў у Барадуліна. Аднак прыгадаць хочацца ўсё ж радкі, які цытуе сёння кожны: “Трэба дома бываць часцей. Трэба дома бываць не госцем. Каб душою не ачарсцвець. Каб не страціць святое штосьці”. Ці вось гэты: “У мяне любоў не растрачана. Дзе б ні слаўся шляхоў сувой. Баравая мая Ушаччына, да апошняга ўздыху з табой”.

Учора ён назаўсёды вярнуўся дадому, у свае Ушачы, лёг побач з маці. Цела Рыгора Іванавіча падвезлі да роднага дома, перад гэтым адпяванне і развітанне з паэтам прайшло у касцёле Сымона і Алены ў Мінску. Праводзіць у апошні шлях Рыгора Іванавіча прыехалі родныя, знаёмыя з Мінска, прыйшло мноства ўшачан. Ён хацеў быць пахаваны дома.

Светлая памяць Вам, Рыгор Іванавіч. Вечная памяць.

В.КАРАЛЕНКА.



3 комментария по теме “Не стала Рыгора Барадуліна

  1. Светлая памяць сапраўднаму Чалавеку, Грамадзяніну і Паэту!

  2. Очень жаль.Соболезнования родным и близким и всем нам.Похороны будут в Ушачи.Просьба редакцию поддерживать информацией.

  3. Хочацца спадзявацца, што на радзіме Барадуліна з’явіцца вуліца яго імя…

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *