С кубком княгини Ольги

Наши дети

Самыя цікаўныя, дапытлівыя, з шырокім кругаглядам вучні Ушацкай школы наведваюць гурток “Інтэлектуальныя гульні”, работай якога кіруе настаўніца Л.В.Трафімава. А вось асобныя, так сказаць, касцяк, ужо аб’ядналіся ў каманду “Венера” для ўдзелу ў інтэлектуальных спаборніцтвах за межамі раёна. Удзельнікаў у камандзе нямнога, усяго шэсць чалавек – Насця Міхайлава, Вольга Севярына, Андрэй Кандзякоў, Святаслаў Іваноў, Мікіта Белавусаў і Алег Касцюковіч. Яны ўсе аднакласнікі, у многім – аднадумцы, а галоўнае, што іх аб’ядноўвае, – жаданне многае зведаць і зразумець. І ў гэтых маладых інтэлектуалаў ёсць ужо першыя поспехі.

У сакавіку каманда “Венера” прыняла ўдзел у рэспубліканскім турніры “Кубак княгіні Вольгі”, які праходзіў у Віцебску. За званне лепшай там змагалася сорак каманд. Асобна праходзіў конкурс для ювеналаў, дзе з дванаццаці каманд-удзельніц “Венера” стала першай і атрымала “Кубак княгіні Вольгі”.

Напрыканцы сакавіка ўшацкія інтэлектуалы прынялі ўдзел у чацвёртым турніры па інтэлектуальных гульнях сярод школьнікаў “Кубак Зюзі Паазерскага” на прызы пастаўскага турыстычнага цэнтра. Сярод 28 каманд у двух конкурсах юныя ўшачане сталі абсалютнымі пераможцамі, а ў агульнакамандным заліку занялі другое месца.

Дастойна выступілі на гэтых інтэлектуальных турнірах і дзве іншыя каманды з нашага раёна: “Мозга-мозгі” (ЦПР) і “Звычайныя людзі” (Арэхаўская школа), якія рыхтуе Г.А.Даўгаполава.

Т.КЫЗЫМА,

член гуртка “Юны

журналіст” пры ЦПР.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *