За «пьяную» езду житель Ушачского района Олег Харченко отправился… в тюрьму

Закон - один для всех

Прозвішча гэтага чалавека на слыху ва ўшацкіх праваахоўнікаў. У свае 40 гадоў ураджэнец Забораўна, жыхар Пліна Алег Харчанка паспеў неаднойчы праштрафіцца. Прычым, нагоды для прыцягнення яго да адміністрацыйнай адказнасці былі самыя розныя: ад знаходжання ў нецвярозым стане ў грамадскіх месцах да неаднаразовых дробных хуліганстваў. Былі ў біяграфіі мужчыны і крымінальныя «ходкі», пакаранне па якіх, на жаль, злоснаму парушальніку на карысць так і не пайшло.

У верасні 2013-га Алега, які знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення, за рулём матчынага мотаблока затрымалі супрацоўнікі ДАІ. Мужчына быў аштрафаваны на 2,5 мільёна рублёў і пазбаўлены права кіравання транспартным сродкам на тры гады. Штраф ён у хуткім часе заплаціў, аднак ужо ў красавіку зноў сеў за руль «падшафэ». На гэты раз яго транспартным сродкам стаў матацыкл, які ён пазычыў у свайго таварыша, каб з’ездзіць за «дагонам» у Двор Пліна. Дарэчы, гэты самы таварыш не быў уладальнікам транспартнага сродку – ён таксама ўзяў яго на некаторы час у свайго знаёмага. Пайшоўшы па руках, матацыкл так і не вярнуўся ў родныя пенаты… Як вядома, транспартны сродак (каму б ён ні належыў), за рулём якога на працягу года паўторна затрымліваецца нецвярозы чалавек, падлягае канфіскацыі.

У ходзе адкрытага судовага пасяджэння Алег Харчанка цалкам прызнаў сваю віну і патлумачыў, што ведаў аб тым, якія строгія санкцыі дзейнічаюць з кастрычніка 2013-га, але «… не мог стрымацца: выпівалі з таварышамі, паказалася мала – вось і сеў за руль».

Па месцы жыхарства мужчына характарызуецца таксама не лепшым чынам. Злоўжывае алкаголем, мае зносіны з людзьмі, якія вядуць антыграмадскі лад жыцця, часта праяўляе агрэсію да акружаючых. Улічваючы ўсё гэта, а таксама папярэднюю судзімасць Алега (у 2013-м ён быў прыгавораны да пазбаўлення волі з адтэрміноўкай), суд проста не мог вынесці «мяккі» вердыкт: яму прызначана пакаранне ў выглядзе 1 года і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму з утрыманнем часткі даходу, прымусовае лячэнне ад алкагалізму і канфіскацыя матацыкла.

У нашым раёне гэта далёка не першы выпадак прымянення санкцыі артыкула 317 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (пасля ўнясення змяненняў і дапаўненняў) і канфіскацыі транспартнага сродку. Але першы – пазбаўлення волі. І, відаць, не апошні: паводле звестак ДАІ, нецвярозыя вадзіцелі працягваюць «гарэзіць».  А пры гэтым яшчэ і «падстаўляюць» сваіх таварышаў, бо часта садзяцца за баранку чужога транспартнага сродку, а яго ўладальнікі так давяраюць ім, што гатовы стаць без віны пакаранымі.

К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *