Уроженец Ушачского района Пётр Хамёнок воспитал 35 мастеров спорта по кикбоксингу

Наши земляки Экономика и малый бизнес

Нядаўна трапіў мне ў рукі адзін з ліпеньскіх нумароў газеты “Новополоцк сегодня”. Увагу прыцягнула замалёўка майго калегі Уладзіміра Факеева “Третья сторона медали”. Размова – пра ўраджэнца вёскі Мар’янполле Селішчанскага сельсавета Пятра Хамёнка, спартсмена, трэнера, лаўрэата прэміі “Чалавек года Наваполацка”. Такім нашым земляком можна ганарыцца.

Добра ведаю працавітую сям’ю яго бацькоў. Пётр і яшчэ пяцёра дзяцей Валянціны Антонаўны і Пятра Віктаравіча выхоўваліся ў дысцыпліне, у кожнага былі свае абавязкі. Непасрэдная занятасць па гаспадарцы змянялася ў хлопцаў спартыўнымі заняткамі. Энергія пяці братоў вылівалася ў футбольныя і хакейныя баталіі на вясковым прыстасаваным полі, лядовым возеры. Яны стварылі сваю каманду і змагаліся з яшчэ адной – суседскай.

Дзіцячыя спартыўныя захапленні не прайшлі дарэмна. Калі Пётр (а таксама яго браты і сястра) пераехаў у Наваполацк, звыклыя фізічныя заняткі ён працягваў. У неабходнасці такога выбару пераканаўся ў час службы ў арміі, дзе прыкметна адрозніваўся па фізічнай падрыхтоўцы ад саслужыўцаў… З часам, калі прыйшла пара абраць канкрэтны спартыўны напрамак, аддаў перавагу кікбоксінгу. У Наваполацку добрыя магчымасці для заняткаў спортам. Займаўся сам, а потым стаў і трэнерам спартыўнай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву “Алімп”. Вось ужо 23 гады, як Пётр Пятровіч (так клічуць яго выхаванцы) перадае свае веды і майстэрства ў тайландскім боксе і кікбоксінгу юным навапалачанам.

Мне прыемна было даведацца ад свайго калегі, што наш зямляк падрыхтаваў 35 майстроў спорту, у тым ліку міжнародных. Кандыдатаў у майстры і разраднікаў – сотні, усяго ж вучняў – больш за дзве тысячы.

Хутка бягуць гады. Даўно не бачыла Пятра – памятаю яго яшчэ юнаком. Углядаюся ў газетны фотаздымак моцна складзенага мужчыны, пазнаю той жа адкрыты погляд, добрую ўсмешку. Такім і павінен быць кожны трэнер: спецыялістам, які вучыць маладых людзей быць моцнымі, настойлівымі, а яшчэ – да сілы прыкладваць розум і сэрца.

Г.ВАРАТЫНСКАЯ.



1 комментарий по теме “Уроженец Ушачского района Пётр Хамёнок воспитал 35 мастеров спорта по кикбоксингу

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *