На полях КУСХП «Великодолецкое» вырос отличный урожай кукурузы

Сельское хозяйство

Хоць здаўна справядліва лічыцца, што хлеб – усяму галава, нельга скідваць з рахункаў і іншыя складнікі агульнага ўраджаю. Падышла пара ўборкі кукурузы, якая дапамагае працаўнікам сяла забяспечыць статкі пажыўнымі кармамі. Абмалаціўшы ў аптымальныя тэрміны зерневыя і зернебабовыя, аграрыі КУСГП “Вялікадолецкае” першымі ў раёне прыступілі да яе закладкі на сілас.

Здаецца, што няма нічога складанага ў адпрацаванай тэхналогіі вырошчвання цеплалюбівай культуры, але гэта толькі на першы погляд. Фактараў шмат: і якасць працы, і своечасовая наяўнасць угнаенняў, ды і тэхніка мае ўласцівасць ламацца. Але ж тое, што ўраджай царыцы палёў сёлета будзе добрым, дырэктар гэтай буйной гаспадаркі Іван Піліпавіч Дарошчанка бачыў яшчэ некалькі тыдняў таму.

Кукуруза стаяла сцяной нават на бедных пясчаных землях ля Садкоў і Рагозіна. На асобных жа участках за Малымі Дольцамі і ля Жаўніны расліны ўзнімаліся на вышыню каля двух з паловай метраў!

– Вывезлі арганіку, своечасова пасеялі і ўнеслі азот, – адкрывае сакрэты высокай ураджайнасці вопытны кіраўнік. – Трэба будзе вельмі пастарацца, каб справіцца з уборкай.

Заклапочанасць дырэктара раздзяляюць і механізатары, бо 400 гектараў сакавітых пасеваў – лічба вельмі сур’ёзная, тым больш што на падкормку жывёлы падчас экстрэмальнай летняй спёкі ў “Вялікадолецкім”, у адрозненне ад некаторых іншых гаспадарак, кукурузу не выкарыстоўвалі.

– Пяты дзень сёння працую, – Рыгор Філімонаў пакінуў штурвал “Палесся” ў кароткі прамежак чакання трактара і, усміхаючыся, дадаў: – ураджай такі, што да лютага мне хопіць убіраць…

Сапраўды, ураджайнасць кукурузы за першыя дні ўборкі склала ў сярэднім 462,6 цэнтнера з гектара. Прычэп МТЗ-82 Пятра Падворнага ў лічаныя хвіліны запоўніўся зялёнай масай і гэта нягледзячы на тое, што ва ўсіх прычэпах, задзейнічаных на адвозцы, дзякуючы нарошчаным бартам умяшчальнасць павялічылася амаль удвая. На адвозцы задзейнічаны яшчэ тры МТЗ-1221 – Генадзя Качана, Сяргея Вусько і Андрэя Паршонка. Дарэчы, толькі ў яго за трактарам зачэплены ПІМ.

За тры дні ў “Вялікадолецкім” курган сіласу вагой у 1300 тон “вырас” у Засценку, а ў панядзелак Віктар Бука на “Амкадоры” трамбаваў яго ўжо ля МТФ “Міхалкаўшчына”. Вопытны механізатар паведаміў, што ўначы яго зменіць Васіль Малякоў – працэс закладкі ў гаспадарцы ідзе кругласутачна, сіласная маса перасцілаецца ячменнай саломай, што дазваляе зменшыць вільготнасць і кіслотнасць корму. Калі курган “вырасце” да патрэбных памераў, яго герметычна ўкрыюць плёнкай, каб корм не псаваўся і паўнацэнным паступаў жывёле ў перыяд зімоўкі.

“З кармамі ў нас кожны год праблем няма – праблемы толькі з іх нарыхтоўкай”, – жартуюць вялікадолецкія механізатары. А калі сур’ёзна, то якім бы не быў год – кармоў тут хапае заўсёды, нават іншым сельгаспрадпрыемствам дапамагаюць. Прадаюць або абменьваюць, напрыклад, на маладняк жывёлы, прычым не толькі ў нашым, але і ў суседніх, “багатых” раёнах. Вось і атрымліваецца, што ў “Вялікадолецкім” пры стараннай працы аграрыяў, аддачу і прыбытак даюць не толькі камяністыя ўзгоркі мясцовых зямель, але і вось такія, штучныя курганы.

Д.РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *