Аграрии КУСХП «Глыбочаны» вышли на финишную прямую посевной кампании

Сельское хозяйство

Дождж, які ішоў два дні напярэдадні свята Перамогі, не дазволіў сустрэцца з механізатарамі КУСГП “Глыбачаны” на полі. Дакладней кажучы – на сяўбе, бо практычна ўсе яе ўдзельнікі ў непагадзь былі заняты на іншых відах работ у штогадовым прыпары барацьбы за будучы ўраджай. 70 працэнтаў пасеяных зерневых да канца першай дэкады мая – гэта, канечне, не той паказчык, якім можна ганарыцца. Але калі прыняць да ўвагі ўсе фінансава­матэрыяльныя фактары, то разумееш, што магло не быць і таго.

Завіхаліся працаўнікі гаспадаркі і на мехдвары: пад акампанемент дажджу ў памяшканні майстэрні слупы іскраў выляталі з­пад зварачнага апарата, ля паўразабранага трактара гаманілі, раячыся адзін з адным, мужчыны з чорнымі ад змазкі рукамі, а галоўны інжынер гаспадаркі адправіў мяне на комплекс, растлумачыўшы, што “асноўная канцэнтрацыя тэхнікі і людзей сёння там – займаюцца вывазам арганікі”.

Ля жывёлагадоўчага аб’екта працавалі чатыры адзінкі тэхнікі. З вялікім “Амкадорам” па­майстэрску ўпраўляўся ветэран гаспадаркі Васіль Сапега, два трактары з надпісам “КУСГП “Глыбачаны” не дазвалялі сумнявацца ў сваёй прыналежнасці тутэйшым механізатарам Анатолю Ляху і Міхаілу Брыціку, а вось яшчэ адзін належаў мясцоваму ўчастку УП ЖКГ – на дапамогу аграрыям прыйшоў брат Анатоля Мікалаевіча Аляксандр Лях.

– Добрае надвор’е ўсталюецца, пасаджу яго на сеялку, на якой Брыцік працаваў, – дзеліцца планамі па эфектыўным выкарыстанні шэфскай дапамогі і ўласных людскіх рэсурсаў дырэктар гаспадаркі Сяргей Іванавіч Кірпічонак. – Мішу адпраўлю з апырсквальнікам, час ужо палоць, рапс даглядаць…

У гаспадарцы даўно падкармілі азімыя зерневыя, якіх пасля зімоўкі з 650 гектараў засталося 500. Загінуўшыя плошчы зоймуць адналетнікамі. З 291 гектара яравога рапсу раніцай у аўторак у гаспадарцы заставаліся непасеянымі каля 40 гектараў, з якімі Андрэй Літвін на МТЗ­3022 з шасціметровым пасяўным агрэгатам павінен быў справіцца за дзень.

Паведамілі мне механізатары, што нават пры неспрыяльных умовах надвор’я сяўбу зерневых і зернебабовых ужо завяршылі б, ды перашкаджаюць гэтаму перабоі з палівам. Дарэчы, менавіта адсутнасць саляркі не дазволіла вывесці арганіку ўзімку, калі і транспарт быў свабадней, і не было такіх аб’ёмаў. Зараз жа да палявых работ далучыліся і клопаты па забеспячэнні выпасу гуртоў жывёлы – іх у “Глыбачанах” чатыры і за кожным замацавана тэхніка, якая таксама працуе не на вадзе. Трэба сеяць кукурузу, уносіць хімікаты – карацей кажучы, механізатары гаспадаркі практычна разрываюцца паміж шматлікімі справамі, але пагаджаюцца, што дырэктару яшчэ складаней, бо яму кожны дзень трэба думаць, як гэта ўсё арганізаваць і забяспечыць.

Нягледзячы на ўсе стрымліваючыя акалічнасці па стане на 12 мая “Глыбачаны” па тэмпах сяўбы ў ліку адстаючых не былі, пасеяўшы 78,1 працэнта ад запланаваных плошчаў яравых зерневай групы. Працэнт выканання задання вышэй, чым, напрыклад, у КУСГП “Арэхаўна” і ААТ “Ушацкі райаграсэрвіс”. Поўнасцю справіліся з зерневымі і зернебабовымі ААТ “Агра­Селішча” і “Дземенец”, прычым перавыканаўшы заданне. Скончылі сяўбу зерневых у КУСГП “Вялікадолецкае”, выходзяць на фінішную прамую ААТ “Ільюшынскі” і КУСГП “Кублічы” .

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *