Сельхозпредприятия Ушачского района завершают уборку соломы с полей

Сельское хозяйство

Механізатары, занятыя на ўборцы саломы, увагі ўдастойваюцца рэдка і ў асноўным застаюцца ў цені калег, занятых на ўборачнай, пасяўной і нарыхтоўцы кармоў. Між тым, справа гэта адказная і ў цыкле сезонных сельскагаспадарчых работ ёй адведзена значная роля, бо ў зімовы стойлавы перыяд салома служыць асноўным матэрыялам, які ідзе на подсціл для жывёлы, а некаторыя яе віды выкарыстоўваюцца ў якасці кармоў, праўда пры належных умовах нарыхтоўкі і захаванасці.

Вялізныя сцірты рулонаў саломы на ўскрайку ўбраных, а дзе-небудзь ужо і пераараных палёў – карціна па восені звычайная. Зразумела, што найбольшыя аб’ёмы ў тых гаспадарках, дзе ўтрымліваецца вялікае пагалоўе. У ААТ “Ільюшынскі”, напрыклад, ужо нарыхтавана 3236 тон, у КУСГП “Вялікадолецкае” і ААТ “Ушацкі райаграсэрвіс” – 1993 і 1236 тон адпаведна. Разумеюць неабходнасць забяспечанасці ў саломе і ў КУСГП “Арэхаўна”, таму максімальна выкарыстоўваюць для гэтага падораныя вераснем пагодлівыя дні. Палі гаспадаркі ў пэўнай меры паказальныя, бо многія з іх знаходзяцца ля асноўных трас, перасякаючых раён, таму сілы ў першую чаргу былі накіраваны менавіта на прасаванне і ўборку такіх участкаў. Зрэшты, гэта не азначае, што салома будзе гніць на аддаленых ад дарог палетках – убраць яе ў “Арэхаўне” мяркуюць па-максімуму.

Дарэчы, у гаспадарцы, як і ў многіх іншых сельгаспрадпрыемствах, агучваць планы наперад не любяць. Малады механізатар Барыс Шалыга, які ў мінулую пятніцу прасаваў салому ва ўрочышчы Люцікі, кажа, што “МТЗ-82 – машына надзейная і ва ўмелых руках служыць дзесяцігоддзямі”. Канечне, трактару гэтаму далёка да магутнага МТЗ-3022 і нават да МТЗ-1221, але на такіх відах, як прасаванне, ён зарэкамендаваў сябе выдатна, ды і паліва “восемдзесятдвойцы” трэба куды менш.

– Як скорасць рэгулюеце? – пытаюся ў механізатара, калі чарговы рулон пакаціўся ад трактара з невялікага пагорка і далучыўся да дзясяткаў раскіданых па полі.

– Усё проста – яна залежыць ад памераў валка, – адказвае Б.Шалыга. – Асабліва не разгонішся, бо калі ехаць хутка, то салома падбіваецца пад прэс і працаваць становіцца немагчыма.

На ўскрайку поля адзін сцірт ужо складзены, як і складзена запрасаваная салома ўздоўж аўтадарогі на Полацк і ля комплексу ў Слабадзе, ля фермы ў Ціханятах. На ўборцы рулонаў дапамогу гаспадарцы аказваў лясгас і пастаянныя шэфы з ПУП “Сарочына”– механізатар прадпрыемства Валерый Лаюшка на трактары з маніпулятарам з’яўляецца тут асноўнай “баявой адзінкай”.

Нарыхтоўка саломы ў раёне працягваецца, прычым шэфы задзейнічаны не толькі ў “Арэхаўне”. Лясгас аказаў значную дапамогу на ўборцы саломы райаграсэрвісу, трактары з прадпрыемства меліярацыйных сістэм працавалі ў КУСГП “Кублічы”, а з Полацкай аўтабазы – у КУСГП “Глыбачаны”, астатнія гаспадаркі абыходзяцца сваімі сіламі. Пэўная колькасць рулонаў звозіцца да жывёлагадоўчых аб’ектаў, значная ж частка сціртуецца на палях, адкуль зімой па меры неабходнасці будзе падвозіцца на фермы.

Д.РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *