В агрофирме «Райнбов-агро» не боятся экспериментировать

Сельское хозяйство

Калі ў сакавіку наведваў ферму ў Апанаскавічах, тут поўным ходам ішлі рамонтныя работы, а ў загонах стаялі 40 невялікіх бычкоў, якіх заснавальнік аграфірмы “Райнбов-агро” Сяргей Дзмітрыевіч Маслюк толькі прывёз з Чашніцкага раёна на дарошчванне. Адпавядаў сваёй назве і конь Малыш, якога набывалі на ролю “кормараздатчыка” для будучых насельнікаў аб’екта. Зараз ён вырас у ладнага жарабца, а сцены фермы за сем месяцаў пакінулі каля трох соцень быкоў.

– Сярэдняя вага жывёлы, якую рэалізоўвалі, складае 330-350 кілаграмаў, – расказвае С.Д.Маслюк. – Апошнюю партыю ў 70 галоў адгрузілі зусім нядаўна, хутка будзем завозіць маладняк.

Мы ўжо расказвалі, што жывёлагадоўляй у “Райнбов-агро”, дзе раней спецыялізаваліся выключна на прадукцыі раслінаводства, заняліся ў пэўнай ступені вымушана – гаспадаркі Бешанковіцкага і Чашніцкага раёнаў за кармы разлічваліся маладняком буйной рагатай жывёлы. Паспрабаваўшы вырошчванне самых розных культур, у аграфірме прыйшлі да высновы, што аптымальнымі для тутэйшых зямель і прымальнымі ў фінансава-эканамічным плане з’яўляюцца травы і рапс. Таму на працягу ўсяго летняга перыяду займаліся корманарыхтоўкай, у чацвер заканчвалі трамбаваць чарговую траншэю. Цяжка сабе ўявіць, але факт застаецца фактам – у наваколлі Ляснеўшчыны, Павулля і Вяркуд закладзена каля 8 тысяч тон кармоў, пераважна сенажу.

– Ужо ёсць дамоўленасць на продаж тысячы тон, – тлумачыць простыя разлікі кіраўнік аграфірмы. – Нават пры мінулагодніх цэнах гэта прыблізна 100 тысяч рублёў. Пры ўсёй неплацежаздольнасці сельгаспрадпрыемстваў працягваем з імі супрацоўнічаць, за кармы зноў будзем забіраць бычкоў, ферма не апусцее.

У гэтым няма сумнення, бо такой разнастайнасці на іншых жывёлагадоўчых аб’ектах не ўбачыш. У “Райнбов-агро” не баяцца эксперыментаваць, таму гадуюць пад пакрыццё цялушак мясных парод, трымаюць для гэтых мэт лімузіна і герыфорда – двух прыгажуноў-быкоў вагой пад 600 кілаграмаў. А яшчэ завялі авечак, маюцца і свінні, якія за паўгода дасягнулі ўнушальных памераў. Уся жывёла мае адпаведныя ветэрынарныя сертыфікаты, чыпы. Загадвае гэтай шматгалосай гаспадаркай С.С.Чарняўскі.

– Авечак ужо пад 140 галоў, дакладна не скажу, бо зараз ідуць масавыя акоты, – Сцяпан Сцяпанавіч паказвае загоны, дзе ўтрымліваецца жывёла, і бярэ на рукі чатырохдзённых ягнят, якія ўжо даволі шустрыя. – Сартую іх па ўзросце, ужо ёсць секцыя, прыдатная “на шашлыкі”. З кармамі ў нас праблем няма – калі пойдзе рэалізацыя, будзем павялічваць статак. Зараз яны яшчэ пасвяцца, але хутка размесцім на зімоўку.

Летам жывёла ў асноўным утрымлівалася ў пабудаваным побач з фермай загоне, а да стойлавага перыяду ў “Райнбов-агро” падрыхтаваліся грунтоўна. Абсталявана аўтаматычная сістэма паення, транспарцёр для выдалення гною. Набылі млын, дзе на муку пускаюць уласнае зерне, устанавілі кормаздрабняльнік, які задзейнічаны пастаянна, бо ўсім насельнікам фермы даспадобы кармавыя буракі. Іх вырасцілі непадалёк ад фермы, павялічыўшы такім чынам севазварот чарговымі гектарамі занятых калісьці пустазеллем і баршчэўнікам зямель. Зараз жывёла з задавальненнем ласуецца і бацвіннем, а буракі цярэбяцца і закладаюцца ў бурт, для гэтых мэт задзейнічана паўпадвальнае памяшканне фермы.

– Калі скончацца палявыя работы, будзем працягваць мадэрнізацыю, – дзеліцца планамі С.Д.Маслюк. – Неабходна дах замяніць на другім крыле фермы, аконныя і дзвярныя праёмы абсталяваць.

У “рэанімацыю” закінутага аб’екта ўкладзены немалыя сродкі. Але кіраўнік “Райнбов-агро” спадзяецца, што яны акупяцца, хаця на звышпрыбыткі не разлічвае. Ёсць у яго і вельмі цікавыя задумы па пашырэнні вытворчасці, аднак Сяргей Дзмітрыевіч прасіў іх пакуль не агучваць. Не тое што баіцца адпужаць прадпрымальніцкую ўдачу, проста з’яўляецца чалавекам справы: “Як зробім – тады і напішаце!”

Д.Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *