С открытием нового помещения Дома ремёсел народные мастера Ушаччины получили дополнительные возможности для творчества

Мир увлечений Официально Творчество наших земляков Экономика и малый бизнес

У адным з ліпеньскіх нумароў мы пісалі аб пераездзе Дома рамёстваў у новае памяшканне. Прайшло зусім нямнога часу — і вось у дзень святкавання 90-годдзя раёна адбылося ўрачыстае адкрыццё новага Дома рамёстваў, дзе праз пах свежай фарбы ўжо адчуваецца непаўторны дух творчасці некалькіх пакаленняў ушачан.

Сярод ганаровых гасцей — кіраўніцтва раёна, члены райвыканкама, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі С.В.Азевіч, а таксама дырэктар ДЛГУ «Ушацкі лясгас» М.М.Лёля і намеснік дырэктара УП ЖКГ Ушацкага раёна М.У.Свірко. Менавіта гэтыя арганізацыі аказалі значную дапамогу ў падрыхтоўцы будынка і добраўпарадкаванні тэрыторыі, дзякуючы чаму Дом рамёстваў зараз можа на новым узроўні прымаць гасцей і ў сваіх сценах размясціць не толькі прафесійных майстроў, але і мноства таленавітых дзетак.

Прыкметна хваляваліся дырэктар Ушацкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Марына Пятроўна Макрыдзіна і гаспадар — дырэктар Дома рамёстваў Міхаіл Аляксандравіч Багдановіч, якія выказалі словы ўдзячнасці раённым уладам за пашырэнне магчымасцей развіцця традыцыйнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Ушаччыны. Ідэя пераезду Дома рамёстваў у будынак аддзялення Дэпартамента аховы належала старшыні раённага Саветаў дэпутатаў В.М.Захарэнка і знайшла падтрымку ў старшыні райвыканкама В.В.Родзіча.

«Вялікай дзейнасці — вялікае памяшканне», — вобразна казаў падчас свайго выступлення Віктар Віктаравіч, які падкрэсліў, што і самі супрацоўнікі Дома рамёстваў правялі вялікую работу па навядзенні парадку і абсталяванні памяшканняў будынка, у чым удзельнікі ўрачыстасці змаглі пераканацца падчас невялікай экскурсіі. Папярэднічала ёй традыцыйнае пераразанне стужкі, пасля чаго старшыня райвыканкама ўручыў дырэктару Дома рамёстваў сімвалічны ключ.

З атрыманнем новага памяшкання М.А.Багдановічу ўдалося ажыццявіць даўнюю мару — у адным з пакояў стварыць музей майстроў Ушаччыны і тым самым выканаць абяцанне, дадзенае Сяргею Аляксеевічу Роўбу, самадзейнаму майстру разьбы па дрэве, чалавеку незвычайнаму, які бачыў скрытую прыгажосць і з дапамогай фантазіі ператвараў прыродны матэрыял у цудоўныя вырабы. Менавіта яго работы сталі першымі экспанатамі музея, які будзе пастаянна папаўняцца, бо ў нашым раёне жыве шмат майстроў. Напэўна самым вядомым з іх, які заслужана носіць званне «народнага», з’яўляецца ганчар Уладзімір Іванавіч Бязрукаў. Яго працы Дому рамёстваў перадалі з клуба майстроў «Адраджэнне», што таксама размясціўся пад дахам новага памяшкання.Зараз супрацоўнікі ўстановы маюць асобныя кабінеты. У метадыста па саломапляценні Айгуль Аразалаўны Смык, майстра роспісу па тканіне, вырабаў з бісеру і ў стылі дэ-купаж Крысціны Кляшчонак, кіраўніка гуртка вышыўкі і ткацтва Крысціны Малышкінай ужо ў дзень адкрыцця былі наведвальнікі. Работы супрацоўнікаў Дома рамёстваў выстаўлены ў салоне продажу, дзе іх могуць набыць усе жадаючыя. Сябе ж М.А.Багдановіч жартоўна называе «лодарам», бо дэ-юрэ не вядзе гурткоў і выконвае толькі адміністрацыйныя функцыі. Але на самой справе без творчай працы доўга выседзець не можа, вось і вучыць усіх жадаючых дзетак азам жывапісу. Хаця трэба адзначыць, што многія людзі, якія займаюцца дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам непрафесійна, прыходзяць ў сцены ўстановы не толькі займацца, але і атрымаць параду.

Зараз у майстроў Дома рамёстваў не толькі вялікія плошчы для работы аддзяленняў, але і вялікая тэрыторыя, дзе па задумах творчых людзей яшчэ многае трэба зрабіць. У бліжэйшых планах — набыццё ткацкага станка, пашырэнне відаў дзейнасці, вылучэнне на званне «народны» яшчэ некалькіх майстроў Ушаччыны, бо гэта — прэстыж раёна, яго «твар» на шматлікіх фестывалях і выставах.

Д.РАМАНОЎСКІ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *