Ремонт столовой, дисконтные карты и система скидок… Какие ещё новшества ожидают посетителей объектов торговли и общественного питания Ушачского райпо

"Патрыёту" отвечают Выясняем ситуацию Зваротная сувязь

Як не дзіўна, але падчас “прамой лініі” з выконваючай абавязкі старшыні праўлення Ушацкага райспажыўтаварыства Л.А.Долгай пытанняў ад жыхароў не было. Аднак гутарку з Ліліяй Альбінаўнай мы будавалі на тых праблемах, якія паўставалі раней і з якімі сутыкалася сама як пакупнік.

– Працягнем тэму нарыхтовак. Ці разлічваеце вы на прыёмку з’ёмных яблыкаў і ці зможам мы ўжываць свае, ушацкія, хаця б да студзеня?

– Яблыкі мы, канечне, прымаем. А каб яны ўтрымліваліся ў належных умовах – закупляем адпаведнае абсталяванне і ствараем спецыяльнае яблыкасховішча, дзе будзе падтрымлівацца тэмпература і не будзе ніякай іншай сыравіны. Не магу сказаць, колькі праляжаць яблыкі, гэта ў першую чаргу залежыць ад сартоў, хацелася б, каб ушачане дзяліліся лішкамі больш лёжкіх, зімніх сартоў.

– Лілія Альбінаўна, раней падымалася пытанне аб увядзенні ў абарот дысконтных картак, каб пакупнікі маглі атрымліваць тавар са скідкамі?

– Так, і мне прыемна паведаміць, што карткі заказаны і нават выраблены, хутка з’явяцца ў райспажыўтаварыстве. Тады мы падрабязней раскажам, дзе іх набываць і якімі будуць скідкі па накапляльнай сістэме.

– Працягваючы тэму скідак. Цяпер у гандлёвай сетцы вінаград па самай прывабнай ва Ушачах цане. Гэта пастаўкі лагістычнага цэнтра Белкаапсаюза?

– Так, там закупляецца вялікая партыя і гэта дазваляе мець нізкі кошт. Дарэчы, ён адзіны па ўсёй сетцы “Белкаапсаюза”. Больш таго, перад тым, як закупляць партыю тавару, там запрошваюць цэны ў канкурэнтаў. Таму быў і будзе тавар па нізкім кошце, які на прылаўках пазначаны як тавар па акцыі.

Нагадаю таксама, што для пайшчыкаў існуе пастаянная 5-працэнтная скідка на ўсе прамысловыя тавары і харчовыя ў магазіне «Родны кут».

– Якія сюрпрызы яшчэ чакаюць ушацкіх пакупнікоў?

– Робім рамонт у памяшканні для адкрыцця магазіна “Дары прыроды”. У «Родным куце» для зручнасці пакупнікоў на касе будуць устаноўлены вагі: наведвальніку не давядзецца самому ўзважваць тавар ці клікаць прадаўца, гэта касір зробіць пры разліку за ўвесь тавар. Запланавана пераабсталяванне сталовай, у якой будзе дзіцячы куток, прыгатаванне тут жа, па заказе кліента, піццы… Зараз шукаем праектантаў.

В.КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *