25 юношей из Ушачского района в ноябре станут солдатами Вооружённых Сил Республики Беларусь

Образование и молодежь

Прызыўная кампанія ў рады Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь «Восень-2014» наблізілася да свайго завяршэння. У лістападзе 25 юнакоў Ушаччыны стануць салдатамі, наперадзе ў іх — няпростыя армейскія будні ў вайсковых фарміраваннях і падраздзяленнях Мінска, Віцебска, Гомеля, Заслонава і Бароўкі.

На мінулым тыдні аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама сумесна з раённым ваенным камісарыятам праведзена раённая патрыятычная акцыя «Прызыўнік». Будучыя салдаты традыцыйна сабраліся ля помніка загінуўшым воінам і партызанам у гарпасёлку, хвілінай маўчання ўшанавалі памяць герояў, якія абаранялі нашу Радзіму ў гады Вялікай Айчыннай вайны, усклалі рытуальны вянок да падножжа помніка.

Працягнулася дзейства ў раённым Доме культуры. Падчас праграмы «Вы служыце, мы вас пачакаем» у адрас прызыўнікоў прагучалі цёплыя словы пажадання ад Надзеі Іванаўны Гардзіёнак — галоўнага спецыяліста аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Мудрымі парадамі, як годна прайсці першы сур’ёзны іспыт на сталасць, мужнасць і вынослівасць, падзяліўся з хлопцамі старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» Анатоль Валянцінавіч Рудкоўскі. З віншаваннямі і падарункамі да маладых людзей, якія да прызыву працавалі ў арганізацыях Ушаччыны, прыйшлі і іх калегі. Так, прадстаўнікі цэнтральнай аптэкі №65 Ушацкага раёна і ААТ «Ільюшынскі» (дарэчы, з апошняга на службу сёлета накіруецца адразу трое маладых спецыялістаў) выказалі спадзяванне, што пасля службы юнакі абавязкова вернуцца ў свае арганізацыі, дзе іх будуць чакаць.

Няпроста даваліся віншавальныя словы ў адрас будучых салдат Людміле Іванаўне Волах з Вялікіх Долец. Яно і не дзіўна, паколькі ў гэты прызыў трапілі адразу двое яе сыноў — Яраслаў і Андрэй.

— Будзьце гонарам для сваіх бацькоў, праявіце сябе добрымі справамі, — са слязамі на вачах казала жанчына. — І пастарайцеся як мага часцей пісаць і тэлефанаваць дамоў: блізкім людзям жыццёва важна ведаць, як у вас справы.

Служба ў арміі была, ёсць і будзе не толькі абавязкам, але і гонарам, асаблівай адзнакай мужчынскай годнасці, — падкрэсліў падчас урачыстасці ваенны камісар раёна У.Я.Пальчэх. У сваім выступленні ён адзначыў, што зараз у вайсковых падраздзяленнях створаны належныя ўмовы для службы салдат. Уладзімір Яўгенавіч уручыў прызыўнікам павесткі.

— Ніколі не баяўся службы ў арміі, — падзяліўся з намі навабранец Андрэй Жукаў. — Асабліва прыемна, што мне давядзецца выконваць воінскі абавязак у пагранічных войсках, дзе не так даўно служыў старэйшы брат Дзмітрый. Спадзяюся, што змагу праявіць сябе найлепшым чынам і праз паўтара года вярнуся дадому з новымі ведамі і ўменнямі.

Зусім хутка ў жыцці маладых людзей пачнецца новы этап. Пажадаем ім поспехаў, годна і сумленна несці службу і не баяцца цяжкасцей!

К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *