Профессионализм и универсальность помогли Генадию Качану стать победителем районных соревнований среди механизаторов сразу в двух номинациях!

К профессиональному празднику Наш современник Сельское хозяйство Экономика и малый бизнес

Устаць у 5 гадзін раніцы, выехаць на траншэю, каб накарміць цялят у Рагозіна, потым у Міхалкаўшчыне, а яшчэ і паспець раздаць кармы дойнаму статку на іншым памяшканні фермы — гэта, па словах Генадзя Віктаравіча Качана, не самае цяжкае ў яго безумоўна нялёгкай прафесіі.

— Зараз куды прасцей, асноўныя работы ў полі скончыліся, — спакойна тлумачыць механізатар з амаль трыццацігадовым стажам, нешта наладжваючы ў кормараздатчыку. — Працую на фермах, а вось у сезон круціўся нібы вавёрка ў коле…

І сапраўды, прасцей пералічыць віды работ, на якіх бы Генадзь Віктаравіч не быў задзейнічаны. Зразумела, што пры наяўнасці ў «Вялікадолецкім» энерганасычаных трактароў і сучасных пасяўных агрэгатаў сеяць яму не даводзілася, а вось на ўнясенні ўгнаенняў, хімпраполцы, нарыхтоўцы травяных кармоў, адвозцы зерня ад камбайнаў і кукурузы на сілас яго МТЗ-82 і сам механізатар былі незаменныя. Расказвае сумленны працаўнік, што за дзень бывала па некалькі разоў змяняў прычапныя механізмы, бо, напрыклад, калі быў задзейнічаны на адвозцы кукурузы, ніхто яго ад працы па раздачы кармоў не вызваляў. Таму раніцай даводзілася ехаць на фермы, потым змяняць кормараздатчык на прычэп, а потым зноў з поля вяртацца на фермы. Да такой напружанай працы Генадзь Віктаравіч ставіцца з разуменнем, адзначае, што разам з калегамі трактарыстамі і вадзіцелямі ўласнымі сіламі справіліся з адвозкай зерня падчас жніва і нарыхтоўкі кармоў, у той час як іншым сельгаспрадпрыемствам раёна ў гэтай справе аказвалі дапамогу шэфы.

Правы трактарыста ён атрымаў яшчэ юнаком, адразу пасля школы, а за баранкай «жалезных каней» пачаў працаваць з 1985 года на роднай зямлі ў калгасе «Новае Жыццё» імя П.У.Броўкі, бо нарадзіўся і вырас у Казімірове. У «Вялікадолецкае» Генадзь Віктаравіч трапіў праз 10 год, калі стварыў сям’ю. «Хіба што месца жыхарства змяніў, а так зараз маладолецкія землі нашы, зноў іх даводзіцца апрацоўваць», — філасофскі адзначае механізатар першага класа. Яго жонка Святлана Міхайлаўна працуе медсястрой у Вялікадолецкай бальніцы, старэйшая дачка па прыкладзе маці зараз таксама набывае прафесію медыка, яшчэ двое дзетак вучацца ў 10 і 5 класах — пра свой сямейны тыл шматдзетны бацька расказвае з асаблівай пяшчотай.

Аб іншай працы, не звязанай з сельскай гаспадаркай, ён ніколі ўсур’ёз і не думаў, кажа, уцягнуўся ўжо, ды і наўрад ці дзе лепей атрымаецца. Вынікі ж раённых спаборніцтваў сведчаць — атрымліваецца вельмі добра. Пра тое, што ён стаў пераможцам сярод вадзіцеляў, занятых на адвозцы зерня ад камбайнаў у групе трактароў МТЗ-1221 і МТЗ-82, Генадзь Віктаравіч ведаў: «Чытаў у вашай газеце». А вось таму факту, што яго ўніверсальнасць і хуткасць выканання самых розных відаў работ прынеслі яшчэ адно першае месца, на выпрацоўцы эталонных гектараў сярод механізатараў на трактарах магутнасцю да 82 конскіх сіл, вельмі здзівіўся і нават крыху разгубіўся. Але тут жа знайшоўся і важка зазначыў: «Атрымліваецца, нездарма мяне Іван Піліпавіч з сабой на «Дажынкі» ў Гарадок вазіў — выходзіць, заслужыў!». І з гэтым нельга не пагадзіцца.

Д.РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *