Лучшие комбайнеры района работают в ОАО «Ильюшинский»

К профессиональному празднику Наш современник Сельское хозяйство Экономика и малый бизнес

У ААТ «Ільюшынскі» шмат талковых і старанных механізатараў — для гэтага дастаткова азнаёміцца са спісамі пераможцаў раённых спаборніцтваў, дзе за апошнія гады наўрад ці якая гаспадарка мае такое прадстаўніцтва. Ільюшынцы традыцыйна ў ліку лепшых з лепшых практычна на ўсіх відах работ. І хоць нельга сказаць, што некаторыя з іх менш важныя, бо ў сезонным цыкле аграрыяў, дзе ўсё ўзаемазвязана, такіх проста не бывае, але па сваёй маштабнасці і медыйнасці, на мой погляд, асабняком стаіць уборачная кампанія, якая завяршае гадавыя намаганні пераважнай большасці аграрыяў.

Мала вырасціць добры ўраджай, яго яшчэ трэба ўбраць і захаваць. З 6884 тон сёлетняга рэкорднага намалоту ААТ «Ільюшынскі» без малога дзве трэціх намалацілі тры экіпажы старшых камбайнераў Анатоля Дзмітрыевіча Спірыдзёнка, Уладзіміра Уладзіміравіча Лёлі і Сяргея Уладзіміравіча Клопава. Тысячны намалот, які ў недалёкія часы быў марай для нашых камбайнераў, яны пераадолелі нават неяк будзённа. Што такое розніца ў 39 тон, раздзяліўшых А.Д. Спірыдзёнка і У.У.Лёлю? Паўдня работы, бо сёлета пры спрыяльным надвор’і ў асобныя дні ільюшынскія перадавікі ўбіралі па 100 тон зерня! Ля такіх працаўнікоў расце прафесійна і моладзь. А.Д.Спірыдзёнку зноў дапамагаў Ігар Коўшаль, сын Аляксей даўно надзейны памочнік для У.У.Лёлі не толькі на хлебнай ніве, прэмію за трэцяе месца з С.У.Клопавым раздзеліць Ігар Петухоў.

Скончылася жніво, даўно астылі рухавікі вялікіх КЗС-1218, але ў механізатараў хапала працы. У.У.Лёля, перасеўшы за штурвал КВК-800, паспеў стаць яшчэ і пераможцам на нарыхтоўцы зялёнай масы, на розных відах работ былі задзейнічаны і яго калегі. 11 лістапада, калі завітаў у гаспадарку, А.Д.Спірыдзёнак уздымаў зябліва, а вось У.У.Лёлю і С.У.Клопава, якія былі адпаведна ў водпуску і адгуле, на жаль, прыйшлося «вырваць» з дому. Але атрымалася, што яно і добра — імяніннікам аказаўся ў гэты дзень Сяргей Уладзіміравіч, якога шчыра віншавалі калегі і намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Таццяна Барысаўна Бондарава. «Валодзя, памагай, адзін не спраўлюся!» — звяртаўся А.Д. Спірыдзёнак да У.У.Лёлі, беспаспяхова спрабаваўшы «падкінуць» імянінніка. Гледзячы на жарты гэтых дарослых мужчын, неяк міжволі падумалася: «Вось яны, тры багатыры! Не былінныя, а самыя што ні на ёсць нашы, мясцовыя…»

Разам з многімі іншымі калегамі яны сталі ганаровымі гасцямі раённага свята ўшанавання працаўнікоў сяла, а кіраўніцтва роднай гаспадаркі 7 лістапада ўжо павіншавала лепшых ільюшынскіх аграрыяў.

Канечне, атрымліваць узнагароды і падарункі заўсёды прыемна. Але зазначаюць мужчыны, што для механізатара напэўна самым галоўным з’яўляецца надзейны стан тэхнікі, бездакорна выкананая праца і прызнанне землякоў, хлопцаў, з якімі вось ужо каторы год працуеш побач.

Д.Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *