Памятник в деревне Аферовщина — напоминание о подвиге былого поколения

70-годдзе Перамогі

Воінскае пахаванне на паўднёва-заходнім ускрайку вёскі Афераўшчына Вялікадолецкага сельсавета знешне мала чым адрозніваецца ад тысяч іншых, устаноўленых у нашай краіне. Хіба што месцам, намоленым многімі пакаленнямі мясцовых жыхароў, бо абеліск на брацкай магіле ўзвышаецца на ўскрайку дарогі з Весніцка на Кублічы якраз насупраць узгорка, дзе яшчэ можна заўважыць рэшткі падмурка праваслаўнага храма, існаваўшага тут да пачатку мінулага стагоддзя. У калісьці вялікай вёсцы на сённяшні дзень не засталося ніводнага жыхара, а вось на сілумінавай дошцы брацкай магілы з імёнамі вядомых партызан і чырвонаармейцаў, наадварот, з’яўляюцца новыя прозвішчы.

Абеліск вышынёй 1,5 метра быў устаноўлены ў 1964 годзе да 20-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, сама брацкая магіла мае даволі вялікі памер і займае плошчу каля 30 квадратных метраў. Надпіс “партызан Барсукоў Уладзімір Пятровіч” на абеліск быў нанесены ў 2006 годзе, калі родныя загінуўшага народнага мсціўцы звярнуліся ў раённую ветэранскую арганізацыю і райвыканкам з просьбай увекавечыць памяць продка, ваяваўшага ў злучэннях партызан на Ушаччыне, і прадставілі дакументы аб тым, што загінуў ён дзесьці ў навакольных мясцінах. Прозвішча стала 21, а невядомымі ў брацкай магіле застаюцца імёны яшчэ 31 удзельніка баявых дзеянняў. Але, шчыра кажучы, і некаторыя вядомыя прозвішчы назваць такімі можна з вялікай доляй умоўнасці. “Партызан Іван Іваноў” – шансы адшукаць дадатковыя звесткі пра чалавека ў архівах або электронных базах па дадзеных без года нараджэння і даты гібелі практычна роўныя нулю. Тым больш, што на пошукавым сайце Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі АБД “Мемарыял” крайне мала архіўных дакументаў, адлюстроўваючых падзеі партызанскага руху на акупіраваных фашыстамі тэрыторыях, асабліва ў яго пачатку – 1942-першай палове 1943 гадоў. Нічога не далі пошукавыя запыты і наконт указаных ва ўліковай картцы воінскага пахавання прозвішчаў пяцярых чырвонаармейцаў. Цікава, што даты іх гібелі прыходзяцца на перыяд з лютага па снежань 1943 года, калі на тэрыторыі раёна, зразумела, не магло быць рэгулярных злучэнняў Чырвонай Арміі. Застаецца толькі здагадвацца, хто яны: сяржант Міхаіл Паўлавіч Шалкуноў, радавыя Іван Ягоравіч Андрэеў, Васіль Васільевіч Дубяга, разведчык Лявон Яфімавіч Карэлін… Магчыма, гэта байцы, трапіўшыя ў першыя месяцы вайны ў акружэнне, і якія потым уліліся ў рады партызанскіх атрадаў, а магчыма і ўдзельнікі дыверсійных груп, што пазней былі накіраваны з Вялікай зямлі на акупіраваныя тэрыторыі для арганізацыі партызанскай барацьбы. Адно можна сказаць дакладна – прозвішчы іх не характэрныя для нашай мясцовасці, але назваць іх чужымі канечне нельга, бо кожны, хто склаў галаву за вызваленне раёна, з’яўляецца сваім, дастойным памяці пакаленняў, якія не ведалі вайны.

Сярод жа партызан сустракаюцца звыклыя для навакольных вёсак прозвішчы: Дрозд, Клачок, Падгол. На жаль, ніякіх дадатковых звестак аб іх адшукаць не ўдалося, а вось у баявых данясеннях аб беззваротных стратах у Беларускі штаб партызанскага руху сустракаюцца імёны некаторых народных мсціўцаў, пахаваных у Афераўшчыне, дзякуючы чаму можна вызначыць, якія партызанскія фарміраванні дзейнічалі ў наваколлі: брыгады Мядзведзева, імя Суворава (Хомчанкі), 2-ая Сіроцінская Кароткіна (Талаквадзэ), Чашніцкая “Дубава”, Лепельская імя І.В.Сталіна. За сухімі радкамі рассакрэчаных дакументаў – трагічны лёс простых людзей, якіх вайна заставіла ўзяць у рукі зброю: “Дзям’ян Сямёнавіч Карніловіч, калгаснік, ураджэнец вёскі Дзедзіна Докшыцкага раёна, 1906 года нараджэння, беларус, беспартыйны, 29 жніўня 1943 года цяжка паранены ў баі і памёр ад ран; Пётр Адамавіч Шэдзько, 1922 года нараджэння, ураджэнец вёскі Абалонне Сіроцінскага (зараз Шумілінскага) раёна, шафёр калгаса, загінуў 27 чэрвеня 1943 года; Віктар Дзям’янавіч Мядзведскі, 1923 года нараджэння, ураджэнец Бешанковіцкага раёна, калгаснік, загінуў 27 чэрвеня 1943 года падчас бою з карнікамі.”

У данясеннях прыгадваюцца таксама загінуўшыя партызаны і чырвонаармейцы, імён якіх няма на пліце абеліска, але з вялікай доляй верагоднасці можна сказаць, што менавіта яны ўваходзяць у лік невядомых пахаваных, бо па дакументах супадаюць і час гібелі байцоў, і ўказанае месца пахавання – Афераўшчына. Гэта палітрук узвода Трафім Міхайлавіч Васілевіч, які да вайны працаваў сакратаром Глыбоцкага райвыканкама, і ўраджэнец Маскоўскай вобласці, матацыкліст-разведчык Аляксандр Іванавіч Сядоў.

Па ўспамінах апошняга жыхара Афераўшчыны Віктара Феліксавіча Азевіча, які, на жаль, ужо пайшоў з жыцця, многа партызан у брацкай магіле пахавана ў канцы вясны 1944 года, пасля заканчэння карных экспедыцый гітлераўцаў і іх прыспешнікаў супраць партызан Полацка-Лепельскай зоны. У некалькіх крыніцах, у тым ліку і баявых данясеннях войскаў вермахта, ёсць звесткі, што 1-2 мая 1944 года на лініі абароны Вялікія Дольцы-Афераўшчына-Глінішча разгарнуліся вельмі цяжкія баі народных мсціўцаў з групай “Ангальт”, якая ўваходзіла ў “элітную” штурм-брыгаду эсэсаўцаў “Дзірлевангер”. Гэтае злучэнне карнікаў першапачаткова складалася з паляўнічых-браканьераў, а падчас Вялікай Айчыннай вайны ў яго склад сталі залічваць злачынцаў, асуджаных за цяжкія і асабліва цяжкія злачынствы, здраднікаў і зняволеных канцлагераў, якія добраахвотна перайшлі на бок ворага. Адносіны эсэсаўцаў “Дзірлевангера” да мірнага насельніцтва адрозніваліся асаблівай жорсткасцю – за 1942-1944 гады яны знішчылі на тэрыторыі Беларусі больш 200 вёсак, у тым ліку і Хатынь, расстралялі і спалілі звыш 120 тысяч чалавек.

І няхай фактычна няма ўжо Афераўшчыны, помнік пры дарозе стаіць, як напамін жывым аб подзвігу былых пакаленняў. Даглядаюць яго і займаюцца добраўпарадкаваннем працаўнікі лясгаса і нешматлікія жыхары бліжэйшых вёсак, а кветкі на брацкай магіле герояў з’яўляюцца не толькі ў традыцыйныя дні святкавання Перамогі і Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Успамінаў В.Ф.Азевіч выпадак, калі ў вёску прыязджаў жыхар нямецкага Фрыдрыхсхафэна, горада-пабраціма Полацка – шукаў магілу свайго бацькі, які загінуў на тэрыторыі раёна ў 1943 годзе. На штабных ваенна-палявых картах месцам пахавання яго і яшчэ чатырох салдат вермахта, трапіўшых ў партызанскую засаду, крыжыкам было пазначана наваколле Афераўшчыны. А не адшукаўшы магілы продка, пажылы сівы немец усклаў кветкі да брацкай магілы савецкіх воінаў і партызан…

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *