В Ушачах прошли традиционные соревнования «Белорусская лыжня»

Cпорт

“Вунь яшчэ вадналыжнікі ідуць!” – жартавалі ў мінулую суботу ўдзельнікі “Беларускай лыжні-2015” над сабой і сапернікамі. Слотнае надвор’е сапсавала падрыхтаваную загадзя трасу, але не добры настрой спартсменаў з працоўных калектываў Ушаччыны. Хтосьці з іх вырашыў пазмагацца за перамогу, а хтосьці – проста прабегчы дыстанцыю для свайго задавальнення і адпачыць на прыродзе. Адметнай рысай сёлетняга мерапрыемства стала тое, што з-за неспрыяльных кліматычных умоў спаборніцтвы праводзіліся не на звыклай трасе ля вуліцы Дружбы, а на стадыёне пасёлка лясгаса.

Ужо ля дзесяці гадзін раніцы ён ажыў і загаманіў: на машынах, аўтобусах і пешшу прыбывалі ўдзельнікі “Беларускай лыжні”. Загучалі з дынамікаў любімыя ўсімі песні, лыжнікі праводзілі апошнія трэніроўкі, знаёміліся з дыстанцыяй перад выхадам на старт, а першыя пакупнікі завіталі ў палаткі райспажыўтаварыства.

Пачатку мерапрыемства папярэднічала цырымонія адкрыцця, дзе ганаровае права ўзняць Дзяржаўны сцяг атрымалі каманды УП ЖКГ і ААТ “Ільюшынскі” — пераможцы мінулых спаборніцтваў. Яны былі поўныя рашучасці замацаваць свой поспех і на гэтых, але сёлета падзеі на гарадскім стадыёне разгортваліся інакш і каманды-фаварыты не трапілі ў лік прызёраў.

Першымі выйшлі на лыжню жанчыны. Траса была яшчэ не разбітай, між тым менавіта яны дапускалі шмат памылак, асабліва на абгонах саперніц, і збіўшыся з лыжні на лёд, гублялі дарагі час. Аднак толькі адзінкі збочылі і не дабраліся да фінішу. Жанчыны старэйшых узроставых катэгорый на кіламетровай дыстанцыі ў прызёры трапілі амаль усе. Выдатныя байцоўскія якасці прадэманстравала заваяваўшая першае месца Ларыса Корабава з каманды Ушацкай школы. Настаўнікі выставілі каманду пад назвай “Белая Русь” і не толькі спрытам, але і элементамі сімволікі грамадскага аб’яднання вылучаліся сярод каманд іншых арганізацый. Па адзінай форме можна было адрозніць сярод іншых і каманду ДРБУ-105 – яе прадстаўніца ў катэгорыі жанчын звыш 50-гадовага ўзросту Ала Лодзіс стала другой, а трэцяе месца заняла Святлана Курган з раённага вузла электрычнай сувязі. Цікава, што ўжо пасля першых заездаў на верхніх радках выніковых пратаколаў адзначыліся ўдзельнікі амаль усіх 11 каманд, прыбыўшых на спаборніцтвы. Сярод жанчын узросту 40-49 гадоў не было роўных Ніне Шарыпе з прадпрыемства меліярацыйных сістэм, з другім вынікам фінішавала Марына Аўласенка з каманды райбальніцы, трэцяй, пакінуўшы ўсе сілы на лыжні, – Марыя Марозава з дружнага калектыву газавікоў. Цікавымі атрымаліся і наступныя забегі прадстаўніц “слабага” полу. Сярод самых маладых перамога дасталася педагогу фізічнай культуры Ушацкай школы Святлане Кладніцкай, другі вынік паказала Марыя Пліско з ААТ “Ільюшынскі”, якой не вельмі многа саступіла Вікторыя Шайтар з аб’яднанай каманды раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях і тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Першае ж месца Людмілы Давыдавай з каманды “Белай Русі” было, як кажуць, з разраду “запланаваных”. Людміла Васільеўна на раённых лыжных спаборніцтвах заўсёды ў ліку лідараў, што і пацвердзіла зноў выдатным выступленнем. У заездах жанчын узроставай катэгорыі 30-39 гадоў яна больш чым на паўтары хвіліны апярэдзіла бліжэйшую праследавальніцу, якой стала Ірына Каваленка з райспажыўтаварыства, трэцяй тут была яе цёзка і калега па камандзе Ірына Долгая.

Дарэчы, ні адзін з удзельнікаў апошняга калектыву не застаўся без узнагарод: у катэгорыі мужчын узростам 30-39 гадоў трэцім быў Дзмітрый Корабаў, а ў самай прадстаўнічай групе мужчын да 30 гадоў толькі праблемы з інвентаром перашкодзілі атрымаць перамогу Андрэю Альхоўку – дзвесце метраў праходжання дыстанцыі з адной палкай абярнуліся стратай хуткасці, і яго на пяць секунд апярэдзіў малады выратавальнік Юрый Кісель. Ужо праз некалькі хвілін пасля старту трохкіламетровай дыстанцыі па тэхніцы праходжання і хуткасці было відавочна – саставіць канкурэнцыю гэтым хлопцам наўрад ці хто зможа. І хаця талы снег не даваў магчымасці на поўную моц прадэманстраваць навыкі, аднак стараліся яны з усіх сіл. Пасля фінішу абодва хлопцы добрымі словамі ўспаміналі сваіх настаўнікаў фізічнай культуры: Ю.Кісель, выпускнік Вялікадолецкай школы – Уладзіміра Мікалаевіча Лапіцкага, а А.Альхоўка расказаў, што спасцігаў азы лыжнага спорту ў Мосарскай пад кіраўніцтвам Уладзіміра Міхайлавіча Магіліна. Трэці час ў гэтай узроставай групе паказаў майстар райгаза Віктар Селязень. У катэгорыі ж мужчын 30-39 гадоў Д.Корабава апярэдзілі работнік лясгаса Віталь Фурс і дырэктар ДРБУ-105 Анатоль Коцур, якія занялі адпаведна першае і другое месца.

Папярэдне азнаёміўшыся са спісам удзельнікаў заездаў у старэйшых узроставых катэгорыях сярод мужчын, многія загадзя аддавалі перамогу выратавальніку Андрэю Лапёнку і галоўнаму інжынеру прадпрыемства меліярацыйных сістэм Мікалаю Фядосенку, якіх на старце віталі напэўна самыя вялікія персанальныя групы падтрымкі. На першых адрэзках дыстанцыі самаму ўзроставаму ўдзельніку спаборніцтваў М.Фядосенку спрабавалі скласці канкурэнцыю прадстаўнік каманды “Белай Русі” Аляксандр Тарасеня і інжынер па ахове працы камунгаса Павел Пашкоў, але ў выніку занялі толькі другое і трэцяе месца. Упэўненую перамогу атрымаў і А.Лапёнак, за ім фінішаваў настаўнік фізкультуры Ушацкай школы Валерый Гугін, а трэцюю за дзень спаборніцтваў грамату камандзе райгаза прынёс Анатоль Амбражэвіч, заваяваўшы трэцяе месца.

Неўзабаве мацнейшых лыжнікаў чакалі дружныя апладысменты, дыпломы і ўзнагароды ад арганізатараў – аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама і раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Белая Русь”. Таксама былі падведзены вынікі камандных спаборніцтваў, дзе невялікую неразбярыху ў размеркаванне канчатковых месцаў унесла складаная сістэма падліку ачкоў, якія набіралі ўсе прадстаўнікі калектыву. Напрыклад, удзельнік, заняўшы ў хутчэйшым забегу 5 месца, можа набраць больш ачкоў, чым пераможца ў іншай катэгорыі. У выніку першае месца заняла каманда “Белая Русь” Ушацкай школы, дыплом і кубак за другое атрымалі меліяратары, а трэцюю суму балаў удалося сабраць лыжнікам лясгаса.

Усіх пераможцаў і ўдзельнікаў са спартыўным святам павіншавала начальнік адзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама І.Ф.Сыроўчанка. Іна Фёдараўна адзначыла важнасць і значнасць такіх акцый у прыцягненні да заняткаў фізкультурай і спортам дзяцей і падлеткаў, дарослага насельніцтва, далейшым развіцці і масавасці такой работы. Сапраўды, для большасці ўдзельнікаў было зусім не важна, якім ён прыйшоў да фінішу. Адна з лыжніц адзначыла: “Галоўнае – аптымізм, бадзёры настрой і актыўная жыццёвая пазіцыя”. Проста здорава, што гэта разумеюць кіраўнікі працоўных калектываў, якія і самі стараюцца ўдзельнічаць у такіх спаборніцтвах штогод, і падтрымліваюць ініцыятыву работнікаў. Але той масавасці, што назіралася на папярэдніх зімовых святах, не было. Разам са сваімі спартсменамі можна было ўбачыць толькі асобных кіраўнікоў, або іх намеснікаў. Пераважная большасць не знайшла для гэтага часу і, горш таго, не забяспечыла ўдзел у спаборніцтвах сваіх каманд. Няўжо перавяліся спартсмены і аматары здаровага ладу жыцця сярод будаўнікоў, работнікаў банкаў і шэрагу бюджэтных устаноў, у працоўных калектывах гаспадарак і прамысловых прадпрыемстваў райцэнтра? Хочацца, каб такіх было болей, а “Беларуская лыжня” і іншыя спартыўныя мерапрыемствы набывалі яшчэ большую папулярнасць.

Дзмітрый Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *