От увлечения до собственного дела. Татьяна Андреева делает руки ушачанок красивыми и неповторимыми

Общество Экономика и малый бизнес

“Загарэлася я адразу, як убачыла раскладзеныя на стале шкляначкі, бутэлечкі. І ўсе свае дэкрэтныя пусціла на набыццё лямпы, фразы, пілак ды лакаў… Потым пачала ездзіць на розныя семінары. І ўсё больш захаплялася. Зараз я многае ўмею: нарошчаныя ногці, шалак хоць, канечне, і не спыняюся вучыцца, каб выконваць пашыраны від паслуг. Нядаўна прайшла курсы медыцынскага педыкюру, каб выпраўляць дэфектныя ногці на нагах, вельмі хачу навучыцца ствараць на ногцях ружы… Я пераканана, што знайшла сваю любімую справу”. Такім чынам фельчар, індывідуальны прадпрымальнік і мнагадзетная маці Таццяна Аляксееўна Андрэева пераконвае, што вучыцца можна ўсё жыццё, а паспяваць і, галоўнае, займацца тым, што падабаецца – нават маючы недабудаваны дом, траіх дзяцей, бацьку­ інваліда І групы.

Яна марыць адкрыць свой салон і нават падбірае імя для яго. Хоча, каб гэта атрымалася сёлета. Шкадуе, што не паспее да 21 мая. Менавіта ў гэты дзень тры гады таму Таццяна зрабіла першы манікюр – сабе. Праўда праз непрацяглы час ногці злезлі, ды і выглядалі, як зараз разумее – зусім не ідэальна. Аднак гэта было захапленне, якое не мінула, як знічка, а стала зоркай, якая асвятляе будні. Гэта цікава, дынамічна, крэатыўна. Сёння Таня гаворыць, што гэта справа, якой хацела б займацца ўсё жыццё. Таму яна аформіла прадпрымальніцтва і пакуль робіць рукі жанчын прыгожымі на доме.

– Усе мае захапленні ад беднасці, – смяецца Таня. – Хацелася прыгожа апранацца – навучылася шыць. Падчас вучобы ў медвучылішчы нават пайшла на курсы, аднак там мне не спадабалася. Мама была швачкай, таму многаму мяне навучыла, а таксама скарысталася падручнікамі, што меліся дома. Потым з’явіліся часопісы “Бурда” з моднымі фасонамі. У 90­х не было нічога ў продажы, затое працавалі камісійныя магазіны і за капейкі можна было набыць няновыя рэчы. З плісірованай спадніцы зрабіла цікавую сукенку і прыходзіла на дыскатэку самай моднай. Бабуля навучыла вышываць гладдзю. Якія карціны я рабіла! І бісерам вышывала, і крыжыкам, запоем. Пераважная большасць захапленняў развівалася падчас знаходжання на бальнічным ложку па захаванні дзяцей. Нечым жа трэба сябе займаць.

Цяпер заняткаў не шукае. Толькі вольны час. Абавязковы яе дамашні атрыбут – запісная кніжка, куды распісвае час выхадаў у змену і прыём кліентак. Іх нямнога, паколькі трэба прыгатаваць ежу на вялікую сям’ю, зрабіць усе хатнія справы, пакарміць, пераапрануць бацьку­-калясачніка, які не можа абслугоўваць сябе сам. Чакае недабудаваны другі паверх дома, у яе, як і ва ўсіх – агарод. Пры ўсім пры гэтым яна заўсёды жыццярадасная, хуткая, безадмоўная ў дапамозе іншым. Гэта напэўна выпрацавана родам заняткаў. Фельчар Таццяна Андрэева за 20 год працы на “хуткай дапамозе” дапамагла многім. Вельмі напужалася, напрыклад, калі ў салоне машыны прымала роды неданошанага хлопчыка, а потым радавалася, што яго здароўю нічога не пагражае. Лічаныя хвіліны вырашалі ўсё ў жыцці чалавека, якога везла ў бальніцу з ацёкам лёгкіх. “Такіх выпадкаў вельмі многа, гэта тое, дзеля чаго, я лічу, і працуе “хуткая дапамога”. Самыя ж распаўсюджаныя нашы выклікі – да пажылых людзей з гіпертаніяй”.

Дарэчы, Таццяна, ужо маючы дзіця і стаж работы, паступала на лячэбны факультэт медыцынскага ўніверсітэта, абучэнне на якім, як вядома, вядзецца толькі на стацыянары. Гэта рыса да таго, што яна ніколі не стамляецца вучыцца. “Мозг чалавека абавязкова трэба загружаць нечым новым, каб ён працаваў”, – лічыць жанчына. Тады, дарэчы, яна не дабрала паўбала і не прайшла па конкурсе. І гэта, лічу, недапрацоўка нашай сістэмы. Практыкі, якія робяць выбар асэнсавана, павінны мець пры паступленні льготы.

Аднак гэта ўсё ў мінулым абаяльнай стройнай маладой жанчыны, якая ўмее рабіць, напэўна, усё. І за руль машыны сядзе, і чалавеку жыццё выратуе, і прывабны малюнак намалюе.

– Я была афарміцелем школьнага альманаха “Першыя крокі” пры нашай Ушацкай школе, дзе, дарэчы, і было надрукавана некалькі маіх вершаў. Але пісаць сур’ёзна я не стала, як і развіваць далей здольнасці малявання. Ну а вось пры стварэнні манікюру яны спатрэбіліся. Прыдумаю або скапірую, але імкнуся не паўтарацца. Як і перадаваць на ногцях абсалютна сіметрычны малюнак – для гэтага ёсць наклейкі. Ствараць вобраз цікавей.

Таццяна Аляксееўна пры ўсёй занятасці не забываецца пастаянна абнаўляць і ўласны манікюр. Вось толькі даўжыню ногцяў пры выхадзе ў студзені на работу давялося значна скараціць, праўда, і мода зараз на невялікія, натуральныя. Тым самым яна абвяргае меркаванне, што з манікюрам немагчыма нічога рабіць па доме. “Наадварот. Абрэжаш пасынкі памідораў – рукі ўсе зялёныя. Возьмеш шчотачку, пачысціш з мылам – і зноў манікюр як новы. Не трэба пасля кожнага мыцця посуду лак наносіць. А паколькі ногці не мяккія, як уласныя, таму намнога меней залежаць ад уздзеяння хатняй работы. Адзіны недахоп – нятанныя. Аднак калі разбіць на дні, што ходзіш з дагледжанымі рукамі – то варта адмовіцца ад нечага шкоднага – цыгарэт ці цукерак – і яно кампенсавана. Затое якое задавальненне. Зусім іншае ўспрыняцце сябе”, – гаворыць Таццяна, і з гэтым нельга не пагадзіцца. Нездарма ж узрост жанчыны вызначаюць па руках. Вось і трохгадовая Жана, што круціцца ля рабочага стала маці, працягвае маленькія ручкі, на ногцікі якіх яна самастойна нанесла лак.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *