Любви все возрасты покорны. В отделении круглосуточного пребывания для пожилых людей и инвалидов в Веркудах пожилах сыграли свадьбу

Общество

Знайсці сваю другую палавінку ніколі не позна! Не верыце? А дарэмна. Нават калі чалавеку за 80 і ён адзінокі, побач можа аказацца той, хто стане верным спадарожнікам і падтрымкай. Доказам гэтаму з’яўляецца і наступны факт: нядаўна ў аддзяленні кругласутачнага знаходжання для пажылых людзей і інвалідаў у аграгарадку Вяркуды згулялі вяселле.
Той, хто ведае Маю Іванаўну Сакалову, адразу ахарактарызуе яе як актыўную і энергічную жанчыну. Ураджэнка Гомельшчыны, скончыўшы сталічны інстытут, працяглы час жыла і працавала ў Наваполацку настаўнікам замежнай мовы. Яна настолькі любіла сваю справу, што ў 75 гадоў яшчэ выкладала ў адной са школ горада нафтавікоў. Пасля выхаду на заслужаны адпачынак жанчына набыла жыллё ў Глыбачцы, тут некаторы час нястомны педагог таксама працавала ў мясцовай школе.
– Каб не забываць англійскую мову, быць у пастаянных зносінах з людзьмі, гатова была за проста так вучыць дзяцей. Я настаўнік па прафесіі і па жыцці, і зараз у аўтобусе саступаю па звычцы дзецям месца, сваіх суседзяў у аддзяленні магу навучыць чаму-небудзь, – расказвае жанчына.
Так склалася, што ў адзін момант ў Маі Іванаўны не засталося свайго прытулку, блізкіх і родных людзей побач, якія б маглі сагрэць яе сваёй цеплынёй і ўвагай, паклапаціцца і дапамагчы. Таму і апынулася яна ў аддзяленні сярод такіх жа пажылых ушачан.
Калі для М.Сакаловай наш раён стаў месцам пражывання не так даўно, то Леанід Аляксандравіч Бандарэнка нарадзіўся і вырас менавіта тут. Сваю прафесійную дзейнасць мужчына звязаў з тэхнікай – працаваў вадзіцелем, механізатарам. Вельмі цяжка ён перажываў страту жонкі і сына. Хоць і ёсць сіла ў 80-гадовага чалавека, але вельмі падводзіць зрок, па гэтай прычыне ён некалькі гадоў таму атрымаў інваліднасць і зразумела, што жыць аднаму мужчыне вельмі складана, хоць і ёсць свой куток.
Вось так жыццёвыя шляхі гэтых людзей сышліся два гады таму ў Вяркудах. Пасля знаёмства яны сталі часта сустракацца і праводзіць разам час, падтрымлівалі адзін аднаго добрым словам. Такія розныя, яны знайшлі агульную мову і інтарэсы.
– Мы выдатна дапаўняем адзін аднаго! Ён маўклівы, а я гаварлівая, ён – мае ногі, а я – яго вочы: у мяне ўжо баляць суставы і яго моцная рука мяне падтрымлівае, ён дрэнна бачыць і я яго суправаджаю ўсюды. Чым не ідылія? – усміхаецца Мая Іванаўна.
Зусім нядаўна снежаньскім днём гэтая пара ўзаконіла свае адносіны. Урачыстая цырымонія заключэння шлюбу прайшла ў Вяркудскім сельвыканкаме, як і павінна быць – пад гукі вальса Мендэльсона. Канечне, не абышлося ў святочны дзень без віншаванняў і падарункаў, прамкамбінат перадаў “маладым” цёплы плед, а ў аддзяленні накрылі салодкі стол, новая сям’я атрымала асобны пакой для пражывання.
Супрацоўнікі сельвыканкама не прыпомняць, калі апошні раз рэгістравалі шлюб людзей такога ўзросту, а работнікі аддзялення – каб у іх пражывалі такія пары. Спадзяёмся, што прыклад гэтых людзей будзе не адзінкавым і нам давядзецца яшчэ пісаць пра адзінокіх, якія сталі шчаслівымі ў гэтай установе.
Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *