Перш чым пісаць пра Тамару Андрэеўну Леснічэнка, правялі невялікае даследаванне: прыпынялі прахожых старэйшага пакалення і пыталіся, ці ведаюць яны такога ўрача. Адны жартавалі, што зубы ўжо штучныя, аднак у крэсле гэтага стаматолага былі неаднойчы, другія прыгадвалі флюсы і аперацыі, знайшліся і такія, у каго і зараз стаяць трывалыя металічныя пломбы. А між тым, зубны ўрач, менавіта такая спецыяльнасць значыцца ў дыпломе выпускніцы Полацкага медвучылішча, ужо дваццаць гадоў носіць званне ветэрана працы, а сёння святкуе 80-гадовы юбілей.
На Ушаччыне Тамара Андрэеўна аказалася з-за вялікай любові да Беларусі. Ураджэнка Лепельшчыны пасля размеркавання працавала ў Чашніцкім раёне, а вось будучы муж служыў на флоце. У партовым горадзе маладым выдзялялі кватэру, аднак жонка і слухаць не хацела пра чужыя землі, так і вярнуўся Уладзімір Філіпавіч на малую радзіму.
Зубаўрачэбныя кабінеты ў 1969 годзе існавалі ў многіх вясковых бальніцах, нават у блізкай Глыбачцы. Маладога ж спецыяліста “прапісалі” ў Арэхаўне, бо ва Ушачах на той час штат быў укамплектаваны. Але месца выдзелілі ў райцэнтры, а хутка і кватэру ў двухпавярхоўцы побач з паліклінікай.
Першы паверх і непасрэднае суседства з такой жа новай бальніцай зрабілі кватэру “прахадной”. Людзі стукаліся і пыталіся, дзе тэрапеўтычнае ці хірургічнае аддзяленне. Ды і непасрэдна да Тамары Андрэеўны з просьбамі дапамагчы ў пазаўрочны час прыходзілі з апухлымі тварамі і моцным зубным болем. Апраналася і ішла ў кабінет рабіць паласныя аперацыі, выдаляць карані, закладаць лякарства. Раней зубныя фельчары – так зараз называюць спецыялістаў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй – праводзілі літаральна ўсе аперацыі, а людзей у раёне было больш у некалькі разоў.
Да стаматолагаў і зараз не любяць звяртацца. А тады… “Яна ўмела супакоіць, пераканаць, што лячэнне неабходна. Заўсёды вельмі ўважлівая і неабыякавая да пацыентаў – ніколі не пакіне пад дзвярыма чалавека без талона, – прыгадвае Людміла Міхайлаўна Шарыпенка, якая працавала медсястрой у хірургічным кабінеце стаматалогіі. – Мы жылі адной сям’ёй, вельмі дружна, і ў многім дзякуючы спагадлівай, з пачуццём гумару Тамары Андрэеўне”.
“Дванаццаць прыёмаў на стаўку, а іх заўжды было намнога больш. Па 20 хвілін на чалавека, а сустракаюцца вельмі складаныя выпадкі. Працавалі ж не на сучаснай апаратуры (у сямідзясятыя гады нават на аўтаномных, пераносных устаноўках), з адкрытай атрутай – у шкодных умовах. У Тамары Андрэеўны ж было паўтары стаўкі, ды і па сваёй дабрыні яна падмяняла літаральна ўсіх калег. Выціснутая за дзень як лімон, яе тым не менш не сустрэнеш змрочнай. Пажартуе, падбадзёрыць – прыгадваю найперш яе характар за выключныя чалавечыя вартасці, – успамінае маладзейшая калега Жанна Ніканораўна Рыбчынская. – І спецыяліст была выдатны. Заўсёды дапаможа, падкажа. У яе вучылася і імкненню змагацца да апошняга, каб выратаваць зуб. Удзячна ёй не толькі як настаўніку, але і ўрачу. Дзякуючы ёй захавала верхнія “шасцёркі” – карэнныя зубы, што вырастаюць у 6 год. Згубіць іх лёгка, а вылечыць, дабрацца да каранёў вельмі складана”.
“Памятаю выпадкі, калі пасля працэдуры людзі кідаліся цалаваць ёй рукі і называлі залатымі”, – прыгадвае дачка Тамары Андрэеўны Ірына, якая ў дзяцінстве часта бывала “пад наглядам” у кабінеце матулі і дзякуючы ёй мае ўсе свае зубы. Але не таму, што якасна запламбіраваны. Нагледзеўшыся на пацыентаў (лячылі тады без анестэзіі), вельмі баялася крэсла. Таму і сачыла за імі выключна, а ліквідоўвала карыес пры першых прыкметах.
Зносіны з калегамі Т.Леснічэнка цяпер падтрымлівае пераважна па тэлефоне. На карпаратыўныя мерапрыемствы ўжо не ходзіць, а вось увагай вельмі даражыць – на бачным месцы захоўвае ўсе віншавальныя паштоўкі. Радуецца перааснашчэнню бальніцы і стаматалогіі ў прыватнасці – яна рэгулярна выпісвае “раёнку” і яшчэ шмат выданняў. Вельмі многа чытае, у тым ліку і мастацкай літаратуры. І заўжды з нецярпеннем чакае прыходу вясны, каб зноў перабрацца з кватэры ў Канцавыя. Едзе туды з ужо падрыхтаванай расадай таматаў і перцаў. Адпачывае душой, калі глядзіць на квецень сваіх любімых руж, ды і градкі пакідае толькі пад прымусам родных. Тамара Андрэеўна адчувае біярытмы прыроды, цэніць яе прыгажосць. А з маленькіх радасцяў і складаецца вялікае шчасце мудрага чалавека – проста жыць.
Намнога больш цікавых выпадкаў з жыцця магла б расказаць сама юбілярша, толькі артыкул мы вырашылі зрабіць падарункам.
Вольга КАРАЛЕНКА.

