Цветочный рай семьи Дрозд. Заглянули на одну из красивых усадеб в Ушачах

Общество

“Зараз вас здзіўляць будзем! У кветкавым раі ніколі не бывалі?” – заінтрыгавала старшыня Ушацкай раённай ветэранскай арганізацыі Н.А.Васілеўская, запрашаючы да Мікалая Сяргеевіча і Святланы Васільеўны Дрозд. На штогадовым аглядзе-конкурсе па добраўпарадкаванні яны перамагалі не раз, ды і зараз у намінацыі “Лепшы ветэранскі падворак” многім фору могуць даць. А таму адмовіцца ад прапановы Ніны Аляксандраўны проста не маглі.

Патрэбны дом па вуліцы Мамкіна ў райцэнтры мы прыкмецілі здалёк. Не па нумарных указальніках ці асаблівасцях будынка – у вочы кінулася вялізная “гара” кветак. Іх тут, напэўна, сотні! Самых розных – эфектных петуній і мілых аксамітак, рознакаляровых фуксій і пышных гартэнзій… Яны, здаецца, усюды: у двары, па яго перыметры, на арках, падаконніках і нават пад столлю на ўваходзе.

– Кветкі – мая даўняя любоў, – прызнаецца, сустракаючы нас на падворку, Святлана Васільеўна. – Гэта ў мяне ад маці: у нашым Сорзаве заўсёды быў вялізны палісад. Я прывыкла рабіць усё дасканала. Бывала, прыйду вечарам з працы, завалюся стомленая на канапу… а праз гадзіну ўжо на падворак бягу – трэба ж сваіх жывых прыгажунь паліць, прапалоць, падрыхліць. Зараз, калі ўжо на пенсіі, вольнага часу пабольшала, а таму і з кветкамі можна паэксперыментаваць.

Нядаўна, напрыклад, ушачанка пачала плесці для іх стыльныя карзіны з ратангу. Вёдры і тазы для асновы спецыяльна аб’ёмныя выбірае: ведае, што кусцікі хутка пойдуць у рост. Шыкоўнымі “шапкамі” петуній пад паўметра ў дыяметры можна любавацца бясконца.

– У мяне з імі – узаемная любоў, – усміхаецца С.Дрозд. – Неяк знаёмая пахвалілася, маўляў, ажно 15 вазонаў за сезон вырасціла. Я толькі ўсміхнулася, нічога не стала казаць – калі ж неяк паспрабавала ў сябе падлік правесці, збілася пасля паўсотні. Многае рэалізую на рынку, у сябе ж новыя варыянты пасадкі прадумваю. Сын зварыў пад гэтыя мэты спецыяльныя “горкі” – цяпер рознакаляровыя вазончыкі з усіх бакоў бачныя, радуюць нас і прахожых.

Па вуліцы Мамкіна (дзіўна, што не на суседняй Кветкавай, што больш падыходзіла б па назве) Мікалай Сяргеевіч і Святлана Васільеўна жывуць ужо 34 гады – былі аднымі з першых, хто справіў тут наваселле. Прасторны двухпавярховы дом гаспадар будаваў з цесцем, сам пракладваў дарожкі ў двары. Калі ж падраслі сыны, разам лазню паставілі, агароджу замянілі.

– Часы былі няпростыя: будаўнічых матэрыялаў у магазінах не хапала, – прыгадвае жанчына. – Дапамагала тое, што муж у райспажыўкааперацыі працаваў – ведаў, дзе можна дастаць, адкуль прывезці. Ну а я добраўпарадкаваннем займалася. Каардынавала такую работу і ў газавай службе, якой аддала 30 год прафесійнай дзейнасці.

Усё ў іх дагледжана, стыльна, акуратна. Упэўнены, што і ў халодную пару, калі няма кветак, паглядзець ёсць на што. На вялікіх арэлях (дарэчы, таксама самаробных), бывае, усёй сям’ёй збіраюцца – да гаспадароў рэгулярна прыязджаюць сыны, нявесткі, унучкі. Усе разам любяць ва ўтульнай альтанцы пасядзець, між прыгожых туй у двары прагуляцца. Шчыра зычым гэтым людзям поспехаў і далейшых здзяйсненняў у навядзенні парадку на зямлі.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *