Точка на карте Ушаччины. Рассказываем про деревню Рог

Общество

Чым вылучаецца сярод многіх іншых прыгожая вёска Рог-2, што раскінулася на беразе Чарсцвядскага возера? Сваяцкасцю. Тут што ні падворак – то родныя адзін аднаму людзі. Першы дагледжаны дом набыла ўнучатая пляменніца старэйшыны Надзеі Архіпаўны Первянёнак, блізка ад яго сядзіба яе дачкі Любові Мацыль, на супрацьлеглым канцы – сына Мікалая, побач – пляменніцы Таццяны Чарняўскай, ну а разам з ёй жыве дачка Вольга Качалава, якая перабралася з Полацка, каб дапамагаць маці.

Таму і адносіны да вёскі, як і да нямногіх людзей, з кім не звязаны кроўнымі вузамі, тут асаблівыя. Варта толькі кінуць кліч – выйдуць усе. Ну а на падворках тут выключны парадак – за сядзібамі старанна сочыць кожны.

Т.Чарняўская, В.Качалава.
Л.Первянёнак.

Талака ўсё зрушыць

“Не ведаю, як у іншых, а ў нас існуе паняцце талакі, мы не самі па сабе, а ўсім мірам жывём, хоць у кожнага спраў хапае”, – з асаблівым запалам гаворыць Любоў Мацыль, праводзячы па роднай вёсцы. Яна па сутнасці і з’яўляецца неафіцыйным намеснікам старэйшыны населенага пункта, якім на працягу дзесяцігоддзяў застаецца яе маці. Але Надзея Архіпаўна ўжо не такая лёгкая на пад’ём, таму дзе патрэбна дабегчы, пад’ехаць, удакладніць – падмяняе Люба. Не па сілах скласці дровы інваліду Аляксандру Лунёнку – расцягнуліся ланцужком і хутка перанеслі. Таксама разам, грамадой, выходзяць яны на абкос грамадскай тэрыторыі, падсыпку дарогі. Зламаўся масток – набылі дошкі і зрабілі часовую пераправу. Праўда, гэта ненадзейная замена, таму дарога і баршчэўнік застаюцца асноўнымі праблемамі вяскоўцаў.

“Афіцыйная шаша праходзіць праз Гарбаціцу, а як мост стаў аварыйным – праз Апанаскавічы. Толькі там нават не гравійка, а так, старадаўняя палявая, што звязвала напрамкі – дзвюм машынам цяжка размінуцца, у гразь не праехаць. Так што чакаем, абяцалі, што мост наш у планах, – дзеліцца Н.Первянёнак. – Вяркуды побач, а які круг даваць трэба”. У праўдзівасці сказанага мы пераканаліся самі – з’язджалі на абочыну, каб прапусціць паштовую машыну. Аўтамагазін і іншыя службы ўлетку дабіраюцца, складана, праўда, уявіць, як гэта робяць вадзіцелі ў завею.

І па-ранейшаму рыбачыць

На гандлёвае абслугоўванне Надзея Архіпаўна не скардзіцца, прадаўца аўтакрамы Іну Федарэнку вельмі хваліла, усё, што заказваюць – прывязе, новае прапануе. Спыняецца машына ля дома Первянёнкаў, ну а талака для зручнасці чакання крытую паветку з лавачкамі і сталом змайстравала. “Нам бы суседзяў добрых прыдбаць – стаіць нічыйны дом, вялікі, цагляны, пустазеллем зарастае”, – перадае старэйшына яшчэ адзін свой непакой. Разумее жанчына, што прыватная гэта спадчына, толькі ёй вельмі хочацца, каб усюды быў парадак.

Н.Первянёнак.

На яе падворку трава зрэзана да зямлі, па-ранейшаму навокал клумбы, парадак на градках і ў доме, на сценах якога адмысловыя самаробныя лялькі. “Захапленне маёй Волечкі. Вы б бачылі, колькі іх у яе кватэры. Рукастыя мае дзеці, з фантазіяй. Люба з дрэва шэдэўры робіць, Вольга – з тканіны. Коля, як і бацька, сам усё будуе”, – з гонарам зазначае Н.Первянёнак. Канечне, па гаспадарцы маці дапамагае дачка Вольга Віктараўна і яе сям’я, аднак і Надзея Архіпаўна, нягледзячы на шаноўны ўзрост – у лістападзе споўніцца 88 – не толькі ўказанні дае. Яна таксама мае ўстойлівае захапленне – па-ранейшаму ловіць рыбу. На лодку – і на возера. Дзеці хвалююцца, маўляў, ціск, галава закружыцца. “Вы перажывайце, калі я раптам не пачну снасці збіраць”, – рэзонна адказвае галава сямейства. Я ж бачу Надзею Архіпаўну такой жа маладжавай душой, як і дзясяткі гадоў таму, калі мы пісалі пра актыўнага старэйшыну.

Рамяство ў спадчыну

У сталярцы Аляксандр Аляксандравіч Мацыль быў з памочнікам, інвалідам Васілём Троцкім. Дошку падтрымаць, перанесці – нескладаная работа, а тым не менш вельмі важная для адзінокага чалавека. Мабыць, нават большая, чым апека суседа ў справах бытавых – дрывамі забяспечыць, накарміць, генеральную ўборку ў доме навесці – ён заняты цікавай справай і адчувае сябе патрэбным – разам з майстрам выпускае ў свет лодкі. Справа гэта перайшла да А.Мацыля ў спадчыну. Цесць Віктар Арсенавіч Первянёнак рабіў і іх, і сані, і аглоблі – патрэбныя рэчы карысталіся попытам у наваколлі. Вось і зяця спачатку “заразіў”, а потым і навучыў. І зараз гэта асноўная справа самазанятага А.Мацыля.

В.Троцкі, А.Мацыль.

А Мікалай Віктаравіч Первянёнак дапамагаў бацьку з дзяцінства, таму калі набылі сабе ў дзевяностых дачу ў роднай вёсцы – літаральна усё ўзводзіў сваімі рукамі. Тут гаспадарчыя пабудовы, лазня, многа цяпліц, драўляныя канструкцыі пад вінаград і ружы, якія разводзіць жонка Любоў Сцяпанаўна, што славіцца адной з лепшых агародніц, у якой першай выспяваюць памідоры. Малыя архітэктурныя формы, у тым ліку і пясочніцу ў выглядзе машыны, майстраваў яе брат Васіль Шнітко, які ўсім дапамагае ў вёсцы, а ў зімовы час застаецца гаспадаром у доме сястры.

В.Шнітко, М.Первянёнак.

“Хутка ў нас суседзі з’явяцца – участак набылі на беразе возера”, – паказвае Мікалай Віктаравіч на блакітную палоску. Там пакуль суцэльны трыснёг, аднак бачаць перспектывы будучыя дачнікі, дарэчы, у Рагу-2 нядаўна з аўкцыёну прададзена два зямельныя надзелы.

Пад надзейным патранажам

На сядзібе Чарняўскіх таксама можна вешаць шыльду “Дом узорнага парадку”. Яна не агароджана і выкашана ад дарогі. Транспарт тут не ходзіць, таму непасрэдна ля вуліцы стаяць крытыя арэлі – любімае месца адпачынку ўнучкі, тут жа столік, вельмі цікавыя, абшытыя дошкай высокія клумбы. Апрануты ў сайтынг бацькоўскі дом Таццяны Іванаўны. Вясёлая, пазітыўная яна літаральна з усімі. Раіць зазірнуць да Лідзіі Васільеўны Шэндзелевай (на здымку), адзінокай жанчыны, якая на лета таксама вяртаецца ў бацькоўскі дом. Папярэджвае, што суседка ў сталым узросце, аднак замест бабулі сустракаю за чытаннем кнігі інтэлігентную мініяцюрную даму ў каралях, якая пагаджаецца выйсці на спякоту, каб паказаць свае мнагалетнікі. На сезон яе прывозяць пляменнікі, а дапамагаюць спраўляцца блізкія суседзі – Чарняўскія і Первянёнкі. Абкосяць дом, вады прынясуць, цыбуляй, бульбай і агароднінай падзеляцца. Так што ўсё, што казала Любоў Мацыль пра талаку – чыстая праўда. І пашчасціць тым навасёлам, што вырашылі кінуць тут якар.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *