Каждый второй ушачский выпускник стал студентом ВУЗа. Анализируем статистику поступления

Образование и молодежь

Сёлетнюю ўступную кампанію называюць адной з самых паспяховых за апошнія пяць гадоў: усе беларускія ВНУ цалкам закрылі план набору. На 49,1 тысячы бюджэтных і платных месцаў дакументы падалі 69 тыс. прэтэндэнтаў. Агульны конкурс склаў 1,4 чалавекі на месца. На Ушаччыне ж ёсць і ўласная нагода для гонару: на “бюджэт” у вышэйшыя навучальныя ўстановы паступіў амаль кожны другі нядаўні школьнік.

Выдатныя вынікі прадэманстравалі сельскія навучэнцы: ажно 64 працэнта сталі студэнтамі ВНУ. У іх ліку – адразу трое з чатырох выпускнікоў Вялікадолецкай СШ. Прычым, двое з іх абралі запатрабаваныя ў краіне і на Ушаччыне, у прыватнасці, педагагічныя спецыяльнасці – у Віцебскім дзяржуніверсітэце імя П.М.Машэрава Ганна Клачок і Данііл Рэут будуць вучыцца на настаўнікаў музычнай адукацыі і пачатковых класаў адпаведна. Дарэчы, хлопец узяў мэтавае накіраванне, паколькі з такім выбарам вызначыўся даўно: вырас у вялікай мнагадзетнай сям’і і неаднойчы прымяраў на сябе такую ролю ў зносінах з малодшымі брацікамі і сястрычкамі.

Д.Рэут.
Г.Клачок.

Парадавалі выпускніцы Глыбачанскай школы: студэнткамі ВНУ з траіх сталі дзве. Пра Аляксандру Сіскевіч мы ўжо расказвалі нашым чытачам – напэўна, многія памятаюць, што дзяўчына стала ўдзельніцай абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды па нямецкай мове і хацела па прыкладзе сваёй маладой настаўніцы Д.Герцык паступіць на факультэт рамана-германскай філалогіі, праўда, не ў Мінск, а ў Полацк – каб бліжэй ад дома. І мара дзяўчыны спраўдзілася! Па мэтавым накіраванні будзе атрымліваць неабходную ў раёне спецыяльнасць Анастасія Сяліцкая – яна паступіла ў Віцебскую ветэрынарную акадэмію.

Яшчэ нядаўна сельскагаспадарчыя спецыяльнасці лічыліся не самымі запатрабаванымі сярод абітурыентаў. Але гэты трэнд удалося пераламіць: сёлета прыём у аграрныя ВНУ павялічыўся адразу на 350 чалавек.

А.Лёля.

Пакарыліся ВНУ і дзвюм выпускніцам Ільюшынскай школы. Так, Валерыя Урбан будзе вучыцца на лесагаспадарчым факультэце Беларускага тэхналагічнага ўніверсітэта, а Варвара Сінякова асвойваць інфармацыйныя тэхналогіі ў ПДУ.

Дарэчы, айці-сфера – традыцыйна запатрабаваная і ў выпускнікоў Ушацкай СШ. Сёлета ў Віцебску і Мінску набываць адпаведныя спецыяльнасці будуць Анастасія Лёля, Аліна Хамёнак, а Аляксей Селезень на факультэце інфармацыйных тэхналогій і робататэхнікі ВДТУ паглыблена будзе вывучаць цеплаэнергетыку і цеплатэхніку.

Г.Качко.

Самыя папулярныя ВНУ ў нашых землякоў – ПДУ (яго студэнтамі сталі 5 выпускнікоў), ВДТУ (4), а таксама БДТУ і ВДУ імя П.Машэрава (па 3).

Напэўна, многіх цікавіць лёс нашых сёлетніх медалістак. І вельмі прыемна адзначыць, што свае высокія веды падчас уступнай кампаніі дзяўчаты пацвердзілі! Так, Анастасія Ларчанка, якая па выніках цэнтралізаваных экзаменаў і ЦТ набрала максімальна магчымыя 300 балаў, без праблем паступіла на хімфак БДУ, дзе прахадны бал у залежнасці ад спецыяльнасці вагаўся ад 297 да 372. А Анастасія Клачок, якая некалькі год запар перамагала на абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды па рускай мове, нечакана для многіх (але ж не для сябе і блізкіх!), стала студэнткай Беларускага дзяржуніверсітэта замежных моў, прычым, перакладчыцкага факультэта.

А.Іоскін.

Каля 95 працэнтаў залічаных у БДУ набралі рэкордныя 300 балаў па выніках ЦТ і ЦЭ. Сярод іх – 132 пераможцы рэспубліканскіх і міжнародных алімпіяд, 993 скончылі школу з медалём або сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы з дыпломам з адзнакай. Амаль палову набору склалі выпускнікі гімназій і ліцэяў.

Сёлета назіраўся ажыятаж вакол лінгвістычных спецыяльнасцяў. Конкурс і прахадныя балы ўніверсітэта замежных моў былі каласальнымі: нават на платную аснову паступіць было немагчыма з вынікам менш за 300-320 балаў.

Гэтак жа ў БДУ, толькі на гістарычным факультэце, будзе вучыцца Паліна Аўласенка, сярэдні бал атэстата якой – адзін з самых высокіх па школе (9,6), як і вынікі пройдзеных іспытаў. З медыцынай, што бывае нячаста, вырашыла звязаць лёс толькі адна выпускніца – на фармацэўтычны факультэт ВДМУ паступіла Ганна Качко, тройчы ўдзельніца абласной алімпіяды па хіміі. Студэнтамі ўстаноў сельскагаспадарчага профілю па мэтавых накіраваннях сталі Мікіта Юркевіч і Аляксей Макараў. Тэхналогіі праектавання адзення і абутку будзе асвойваць Кацярына Васілеўская, трубаправодны транспарт, захоўванне нафты і газа – Арцём Іоскін, правазнаўства – Яраслава Ліпаўка, радыёсістэмы і радыётэхналогіі – Дзіяна Маслоўская, распрацоўку радовішчаў карысных выкапняў – Яраслаў Севярын, біятэхналогіі – Максім Цароў, Аляксандра Аўтух – інжынерную эканоміку, Дзіяна Булаўка – электронныя сістэмы і тэхналогіі. Як бачыце, сферы дзейнасці – самыя розныя, што сведчыць пра разнапланавасць інтарэсаў юнакоў і дзяўчат. Дарэчы, пераважная большасць тых, хто паступіў у ВНУ, вучыліся ў профільных – педагагічных і аграрных – групах.

Л.В.Давыдава, начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама: “Не раз даводзілася чуць, што выпускнікі сельскіх школ, ды і такіх адносна невялікіх, як Ушацкая, па ўзроўні ведаў саступаюць ліцэістам і гімназістам. Але ж вынікі сёлетняй уступнай кампаніі даказваюць: нашы юнакі і дзяўчаты падрыхтаваны не горш! Віншую ўсіх з пачаткам новага шляху, лёгкай вучобы!

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *