Вопросы образования и молодёжной политики рассматривались на заседании Ушачского райисполкома

Актуально Наши дети Образование и молодежь

“Усім нам вельмі хочацца, каб Ушаччына мела не толькі слаўнае мінулае, а і бліскучае будучае”, – адзначыў на пасяджэнні райвыканкама намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Пётр Уладзіміравіч Гнуценка. Важнейшыя складнікі ажыццяўлення гэтай мэты – якасная адукацыя і стварэнне спрыяльных умоў для жыцця і працы маладых грамадзян. Менавіта на гэта накіравана Дзяржаўная праграма “Адукацыя і маладзёжная палітыка” на 2016-2020 гады, вынікі рэалізацыі якой у 2018 годзе ва Ушацкім раёне і разглядаліся на пасяджэнні.

Ад першых навыкаў да грунтоўных ведаў

Для паспяховага выканання праграмы быў зацверджаны комплекс мерапрыемстваў і мэтавыя паказчыкі. Ці ўдалося ў поўным аб’ёме ажыццявіць усё запланаванае – пра гэта распавяла начальнік аддзела па адукацыі Наталля Васільеўна Стрыжонак.

Нямала было зроблена па развіцці сістэмы дашкольнай адукацыі, якой у раёне ахоплены 461 выхаванец. Для тых жа, хто не ходзіць у сад, працавалі групы кароткачасовага прабывання на платнай аснове і дзве гульнявыя пляцоўкі на базе ўстаноў – іх наведвала 41 дзіця. Такім чынам, 98 працэнтаў ушацкіх дзяцей ад 3 да 6 год атрымлівалі дашкольную адукацыю. 39 працэнтаў педагогаў дашкольных устаноў маюць вышэйшую адукацыю (у 2017 – 36), 94 працэнты – адукацыю па накірунку “Педагогіка дзяцінства”, што больш прагнознага паказчыка. 82 працэнты пры запланаваных 76 складае аснашчанасць адукацыйнага працэсу сродкамі навучання, гульнявым і вучэбным абсталяваннем.

У рамках рашэння задач падпраграмы “Развіццё сістэмы агульнай сярэдняй адукацыі” ў 2018 годзе завершана работа па аптымізацыі сеткі ўстаноў. На цяперашні час у пяці школах раёна навучаецца 1218 дзяцей, сярэдняя напаўняльнасць класаў 24,4, на сяле – 8,6, што адпавядае прагнознай лічбе. Са 186 педагогаў 92,5 працэнта маюць вышэйшую адукацыю, 76,5 – вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю, што на 0,5 працэнта ніжэй прагнознага паказчыка, а абумоўлена гэта значнай колькасцю маладых педагогаў – за тры гады ў раён іх прыбыло 24.

У Вялікадолецкай і Глыбачанскай навучальных установах арганізаваны профільныя класы аграрнай накіраванасці, 10-класнікі школ раёна атрымліваюць прафесійную падрыхтоўку па спецыяльнасцях “швачка 2-га разраду” і “агароднік”, ва Ушацкай СШ працягвае работу педагагічны клас.

Сярэдні бал мінулагодніх ушацкіх выпускнікоў на ЦТ па 4-х прадметах быў вышэйшым за абласны, па 3-х – за рэспубліканскі. Выпускнік Ушацкай школы атрымаў стабальны сертыфікат па матэматыцы.

Надавалася ўвага і развіццю сістэмы спецыяльнай адукацыі для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Зараз у раёне функцыяніруюць 15 класаў і 13 груп інтэграванага навучання і выхавання, 5 пунктаў карэкцыйна-педагагічнай дапамогі. Для 8 дзяцей гэтай катэгорыі навучанне арганізавана на доме.

Важныя функцыі ўскладзены на сістэму дадатковай адукацыі. У раённым цэнтры дзяцей і моладзі працуюць 52 аб’яднанні па інтарэсах, якія наведваюць 580 вучняў. Самым запатрабаваным з’яўляецца мастацкі накірунак, але развіваецца і тэхнічны профіль: у верасні адкрыты 4 новыя адпаведныя аб’яднанні.

Рэалізавацца на радзіме

Пра реалізацыю ў 2018 годзе падпраграмы “Маладзёжная палітыка” расказаў на пасяджэнні начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віктар Пятровіч Котаў. На жаль, Ушацкі раён з’яўляецца адным з самых узроставых у рэгіёне: жыхары ад 14 да 31 года складаюць у нас толькі 13,3 працэнта насельніцтва, тады як абласны паказчык – 21,4. А таму літаральна з кожным з 1767 маладых ушачан неабходна працаваць асабіста, ствараць такія ўмовы, каб моладзь прыйшла да высновы, што жыць у рэгіёне можна ярка і насычана, спаўна рэалізуючы свой патэнцыял.

Адзін з важнейшых напрамкаў маладзёжнай палітыкі – фарміраванне актыўнай грамадзянскай пазіцыі і патрыятызму, прыцягненне да грамадскай дзейнасці. У 2018 годзе ў раёне было арганізавана звыш 80 адмысловых акцый, конкурсаў, праектаў. Моладзь прымала актыўны ўдзел у правядзенні выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў, ва ўрачыстасцях, прысвечаных дзяржаўным святам, усіх значных грамадскіх падзеях.

Нішто так не спрыяе замацаванню моладзі ў рэгіёне, як стварэнне сям’і, а таму вельмі важным напрамкам з’яўляецца прапаганда сямейных каштоўнасцяў, здаровага ладу жыцця. Гэтай тэме было прысвечана шмат творчых конкурсаў і спартыўных мерапрыемстваў. Прыемна, што летась наш раён быў абраны для правядзення абласнога турзлёту. Моладзь імкнецца праявіць сябе ў розных важных сферах: дабравольная маладзёжная дружына з 10 працуючых членаў БРСМ садзейнічае ў падтрыманні правапарадку, створаны таксама маладзёжны атрад па ўзаемадзеянні з РАНС.

Маладым людзям неабходна мець магчымасць праявіць сябе ў працы, бо гэта таксама важнейшы складнік яе замацавання ў раёне. Ва ўсіх працоўных калектывах маюцца адказныя за работу з моладдзю. Праведзена некалькі конкурсаў прафесійнага майстэрства, раённыя спаборніцтвы сярод маладых аграрыяў. Самы актыўны ўдзел моладзь прымае ў працоўных акцыях, суботніках па добраўпарадкаванні, валанцёрскім руху – у раёне дзейнічае шэсць атрадаў “Добрае сэрца”, якія дапамагаюць састарэлым, інвалідам, мнагадзетным сем’ям, усім, хто мае ў гэтым патрэбу. Сваю высокую эрудыцыю моладзь раёна праявіла летась у інтэлектуальных гульнях, КВЗ.

Аснова эфектыўнай работы з моладдзю – узаемадзеянне дзяржаўных органаў, працоўных калектываў, грамадскіх аб’яднанняў. Як адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення арганізацыйна-кадравай работы Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Мікалаевіч Давыдоўскі, адказным за рэалізацыю маладзёжнай палітыкі неабходна ісці непасрэдна да людзей, а задумваючы любое мерапрыемства, пазбягаць фармалізму, усведамляць, які канкрэтны плён яно прынясе.

“Моладзь – гэта своеасаблівы індыкатар работы мясцовай улады, – рэзюмаваў старшыня райвыканкама Уладзімір Генадзьевіч Аўдошка, – і калі яна пакідае раён – станоўчую ацэнку нашай дзейнасці даць ніяк нельга”. А таму відавочна, што работу над стварэннем усіх умоў для таго, каб моладзь магла спаўна рэалізавацца на Ушаччыне, была запатрабавана ва ўсіх сферах, варта весці яшчэ больш актыўна і эфектыўна.

Укладанні ў будучае

Шмат зроблена па выкананні падпраграмы “Забеспячэнне функцыянавання сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь”. Вялася плённая работа па павышэнні якасці адукацыйнага працэсу. 10 педагогаў адзначаны дыпломамі прызёраў па выніках абласных этапаў рэспубліканскіх конкурсаў, 3 апублікавалі матэрыялы ў педагагічным друку, 14 трансліравалі вопыт сваёй практыкі на рэспубліканскім і абласным узроўні, на базе ўстаноў раёна праведзена 3 міжрэгіянальныя семінары.

На 100 працэнтаў выкананы паказчык па аздараўленні вучняў. Мінулым летам працавалі 17 аздараўленчых і 1 спартыўна-аздраўленчы лагер, дзе адпачнула 46 працэнтаў навучэнцаў школ раёна. Павялічылася колькасць падлеткаў, якія змаглі папрацаваць на канікулах: летась іх было 61, тады як год таму – 49. За кошт сродкаў ФСЗН працаўладкавана 35 чалавек, 10 працавалі ў складзе студатрада, 16 – самастойна на прадпрыемствах раёна.

На 1 студзеня 2019 года 75 дзяцей у 33 ушацкіх сем’ях знаходзіліся ў сацыяльна-небяспечным становішчы. Дзякуючы плённай рабоце ўдалося дасягнуць нармалізацыі стану спраў у сем’ях 70 непаўналетніх. 7 дзяцей, раней прызнаных маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне, вярнуліся летась у біялагічныя сем’і (у 2017 – толькі 1 дзіця). 67 дзяцей-сірот і дзяцей, што засталіся без апекі бацькоў, выхоўваюцца ў замяшчальных сем’ях і доме сямейнага тыпу, 8 жывуць у сем’ях усынавіцеляў. Такім чынам мы маем 100-працэнтнае сямейнае ўладкаванне.

252 вучні і 35 дашкольнікаў падвозяцца да ўстаноў на 11 школьных аўтобусах, усе дзеці атрымліваюць гарачае харчаванне, працуюць 14 груп падоўжанага дня. Шмат увагі надаецца стварэнню бяспечных умоў жыццядзейнасці – як вынік, ніводнага выпадку траўматызму навучэнцаў у 2018 годзе.

Такім чынам, мерапрыемствы па рэалізацыі праграмы “Адукацыя і маладзёжная палітыка”, якія датычацца сферы адукацыі, у мінулым годзе ў раёне выкананы.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *