Молодые специалисты приступают к работе. Узнали, как их встретили в организациях Ушачского района

Образование и молодежь

Кіраўнік нашай дзяржавы А.Лукашэнка не раз падкрэсліваў: у рабоце з маладымі спецыялістамі, асабліва на перыферыі, заўсёды трэба трымаць руку на пульсе. Годныя ўмовы працы, дастойны заробак, ну і канечне, дах над галовой – усё гэта павінна стымуляваць юнакоў і дзяўчат на тое, каб пасля вызначанай адпрацоўкі не пакідаць свае калектывы.

М.Мусская, Ж.Нарыцына.

Як сустракаюць маладых спецыялістаў на Ушаччыне? Якую падтрымку аказваюць? Адказы на гэтыя пытанні падчас нядаўняга рабочага візіту ў наш раён шукала першы сакратар Віцебскага абласнога камітэта БРСМ Жанна Нарыцына.

Юнакі і дзяўчаты, якія зусім нядаўна скончылі вышэйшыя, сярэдне-спецыяльныя навучальныя ўстановы і прыступілі да працы, падзяліліся першымі ўражаннямі аб новым месцы, сваіх калектывах, ды і ў госці да сябе запрасілі. У аб’езд па “навасёлах” разам з Ж.Нарыцынай, начальнікам аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама П.Алексяёнкам адправіліся і мы.

А.Акаловіч, Д.Трацюк.

“Акуратны пакой, абсталяваная кухня, да магазіна – рукой падаць, а да бальніцы – усяго 12 хвілін пешшу, – сустракаючы нас у кватэры па вуліцы Ленінскай, расказвае памочнік урача па амбулаторна-паліклінічнай дапамозе ЦРБ Марыя Мусская. – Я родам з Мінскай вобласці, аднак ва Ушачах, дзе раней не бывала, мне ўжо адназначна падабаецца!”. Радуецца атрыманаму па вуліцы Віцебскай жыллю і стаматолаг-тэрапеўт Вераніка Кавалец. “У гэтай прасторнай двухпакаёўцы пакуль жыву адна – не ведаю, ці будзе суседка, – кажа яна. – Крыху прыбралася, бацькі дапамаглі тое-сёе з мэблі прывезці – цяпер абжываюся”. “А я – сапраўды, як навасёл, – усміхаецца лепяльчанін, адміністратар сетак цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый Міхаіл Андрэеў. – Мне далі пакой у кватэры новага дома, у якім усё свежае, прыгожае. Па суседстве – таксама малады спецыяліст, які прыехаў ва Ушачы летась. Застаецца толькі даведацца, як дамоў на выхадныя дабірацца, астатняе ж цалкам задавальняе”.

Пад прыемным уражаннем ад убачанага адпраўляемся ў Ільюшына – паглядзець, ці настолькі камфортна ўладкаваліся маладыя спецыялісты мясцовай гаспадаркі. “Я падчас размеркавання Ушацкі раён прынцыпова выбраў: тут зарплата вышэйшая, – прызнаўся малады бухгалтар Арцём Акаловіч. – З калегамі хутка знайшоў агульную мову, атрымаў пакой у службовым доме, дзе жывуць яшчэ двое работнікаў “Ільюшынскага”. “А мне пашанцавала яшчэ больш! – усміхаецца электрагазазваршчык Давід Трацюк. – Атрымаў не толькі добрае працоўнае месца, але і жыллё, у якім усё дагледжана, прыбрана – тут яшчэ маладая дзяўчына з нашай гаспадаркі жыве. Наколькі мне вядома, пары ў яе таксама няма – хто ведае, як лёс складзецца…”

Па кожным адрасе Ж.Нарыцына па-добраму здзіўлялася: настолькі прыемныя ў зносінах юнакі і дзяўчаты, настолькі яркія іх водгукі аб Ушаччыне. Акрамя даху над галавой многія атрымалі “пад’ёмныя”. Пасільную дапамогу ў выглядзе прадуктаў, рэчаў для арганізацыі быту аказваюць калегі.

“У адным з раёнаў нядаўна давялося ўмяшацца ў ход спраў, – кажа лідар абласной маладзёжнай арганізацыі. – Дзяўчыне ад прадпрыемства выдзелілі пакой у інтэрнаце, але ж суседства не дазволіла ёй жыць спакойна. Было вырашана зняць маладому спецыялісту асобнае жыллё, адпаведныя ж выдаткі ўзяў на сябе наймальнік. Прыемна, што на Ушаччыне такіх праблем няма, але ж сітуацыя і далей будзе трымацца на кантролі”.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *