Чем полезны и опасны арбузы и дыни? Объясняет инструктор-валеолог

Калейдоскоп

Наступіў сезон кавуноў і дынь. Самы час высветліць, у чым іх карысць і магчымая небяспека. Дапаможа нам у гэтым інструктар-валеолаг Ушацкага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Ала Васільеўна НІКІЦЕНКА:

– Плады гэтых бахчавых культур амаль на 90 працэнтаў складаюцца з вады. Іх можна лічыць эфектыўным мачагонным сродкам натуральнага паходжання. Да таго ж пры разумным спажыванні яны не дададуць вам лішніх кілаграмаў. Каларыйнасць кавуна у залежнасці ад гатунку – усяго 25-27 ккал, дыні – 30-35.

Астатнія 10 працэнтаў у складзе мякаці – гэта пераважна цукры: глюкоза, фруктоза, цукроза. На 100 г прадукту іх каля 6 у кавуне і 8 у дыні. Гэта сур’ёзная колькасць вугляводаў, але ж ад адной-дзвюх лустачак смачнага свежага дэсерту шкоды не будзе.

У пладах утрымліваецца клятчатка, якая паляпшае страваванне, дзейнічае як прэбіётык. Нямала ў іх вітамінаў (А, С, РР і групы В), мікраэлементаў (жалеза, калій, кальцый, магній, натрый, фосфар, цынк), амінакіслот (аргінін, валін, ізалейцын, лізін і інш). Кавун да таго ж багаты на фалійную кіслату, крэмній, лікапін, вітамін Д, а дыня – на селен, сератанін, важны для валасоў, пазногцяў іназін, а таксама на рэчывы, якія спрыяюць выпрацоўцы калагена.

Каб гастранамічнае задавальненне не абярнулася непрыемнасцямі, памятайце: спалучэнне бахчавых з некаторымі прадуктамі можа выклікаць закісанне ў кішэчніку, затрымкі вадкасці ў арганізме. Да ліку такіх адносіцца ўсё салёнае, марынаванае і квашанае, кіслыя агародніна, ягады і садавіна, крупы, бабовыя, бульба, любое мяса і рыба, яйкі, малако, хлебабулачныя вырабы, выпечка, газіраваныя напоі. Лепш за ўсё есці кавуны і дыні асобна –на перакус. Тым больш што пераварваецца іх мякаць вельмі хутка – за 20-30 хвілін.

Кавунамі і дынямі не варта злоўжываць людзям з хваробамі ЖКТ, а таксама жанчынам у трэцім трыместры цяжарнасці.

Каб не памыліцца ў спеласці, выбірайце кавуны з жоўтай або цёмна-аранжавай плямай на баку – гэта галоўная прыкмета таго, што ягада даспела на градцы. Націсніце пазногцем на лупіну – калі яна лёгка прамінаецца, кавун “зялёны”. А вось сухі хвосцік – не паказчык спеласці (ён мог высахнуць і ад працяглага захоўвання на складзе). Значна больш скажа месца яго мацавання – калі яно шчыльнае, светлае, выпуклае – кавун можна браць. Выбірайце “дзяўчынак” (знешне іх адрознівае шырокае кола, якое ўтварылася ад кветкі падчас цвіцення і выспявання) – у іх саладзейшая мякаць і менш семак. Дома ацаніце знешні выгляд мякаці – калі яна з жоўтымі пражылкамі і ўшчыльненнямі, выкідвайце: у ёй змяшчаецца шмат нітратаў.

Каб зберагчы сябе ад кішачных расстройстваў і атручвання, набывайце бахчавыя толькі ў месцах санкцыянаванага гандлю. Адмоўцеся ад пладоў з бачнымі пашкоджаннямі, а таксама парэзанымі на часткі – бяспечней купляць цалкам. Перад ужываннем добра прамыйце кавун, дыню пад гарачай праточнай вадой. Захоўвайце разрэзаны плод не больш за суткі ў халадзільніку, прыкрыўшы харчовай плёнкай. Калі ў мякаці з’явіўся кіславаты пах або яна змяніла колер – выкідвайце: такі кавун (дыню) ужо
нельга есці.

Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *