Систему записи для поездок из Ушач в «Евроопт» упорядочили на автостанции

Калейдоскоп

Ніхто так часта не ездзіць у “Еўраопт, як я”. Я выдатна ведаю, у якім месцы знаходзяцца патрэбныя мне прадукты, І хоць на пакупку адводзіцца гадзіна, мне хапае і 20 хвілін, каб затарыцца, разлічыцца на касе і ўзяць зваротны білет. За застаўшыяся 40 хвілін я заходжу ў “Кары”,“Мілу”.

Вельмі многім ушачанам падабаецца ездзіць у “Манеж” з­за таго, што там і “Еўраопт”, і многа іншых гандлёвых кропак.

Ездзяць туды перш за ўсё з­за эканоміі сямейнага бюджэту. Па­першае, не трэба траціцца на білет на рэйсавы аўтобус да Полацка, а ў два бакі сёння трэба аддаць 70 тысяч. Па­другое, цэны на многія тавары танней. Напрыклад, соль у нас 4700, там 2300, свініну можна набыць за 49900. Вяртаемся з сумкамі ў дзвюх руках.

Запіс на паездку ў нас ажыццяўляецца справядліва. Сама не раз прыходзіла за 2 гадзіны да адпраўлення аўтобуса і запісвала людзей, за гадзіну ўжо поўнасцю запісана 27 чалавек. Хто не паспеў, у наступныя дні прыходзяць раней. А бываюць і такія дні, што аўтобус едзе паўпусты: 10, 15 чалавек, а 5 сакавіка было 17.

Таму мы вельмі ўдзячны кіраўніцтву “Еўраопта” за прадастаўленую нам магчымасць так зручна наведваць іх гандлёвую кропку. Удзячны вадзіцелям, якія нас возяць, і прадаўцам за вельмі ветлівае, якаснае абслугоўванне.

І.Урбан і яшчэ 15 подпісаў.

Ад рэдакцыі. Фельетон “Прадпрымальныя ўшачане ці ўсяго гадзіна ў Еўраопце”, у адказ на які напісаны гэты ліст, нарадзіўся дзеля таго, каб упарадкаваць існуючую сістэму. Даведацца аб тым, што запіс вядзецца за дзве гадзіны ці за гадзіну, можна толькі пасля таго, як мінімум адзін раз не трапіш у аўтобус. Дарэчы, менавіта пасля скаргі ў рэдакцыю аб тым, што паездка не атрымалася, і нарадзіўся гэты матэрыял. Па­другое, ці ж гэта зручна, што трэба за дзве гадзіны ісці ў цэнтр, каб запісацца, а потым зноў вяртацца, каб ехаць. Сам па сабе запіс – гэта выдатны сродак эканоміі часу і дзеля гэтага і існуе, таму было б намнога зручней ажыццяўляць яго па тэлефоне. Зразумела, што наўрад ці возьме на сябе гэтыя функцыі нехта з прыватнікаў, ну а вось адміністрацыя аўтавакзала, якая атрымлівае за гэта даход і ажыццяўляе папярэдні запіс на іншыя рэйсы, магла б. І тады не было б ні папрокаў у тым, што ездзяць адны і тыя ж, і не давялося б губляць столькі часу.

Дарэчы, адміністрацыя аўтапарка філіяла “АТП № 6 г.Наваполацк” не прымусіла сябе доўга чакаць. Прачытаўшы матэрыял, яны самі праявілі ініцыятыву па ўпарадкаванні існуючай сістэмы і даслалі рэдакцыі наступны ліст: “Даводзім да ведама грамадзян, якія жадаюць ажыццявіць паездку ў горад Полацк для наведвання магазіна “Еўраопт”, што спісы з 21 сакавіка будуць фарміравацца перавозчыкам на аўтастанцыі па панядзелках і пятніцах (за суткі да адпраўлення) па тэлефонах: 2­78­47; 2­72­72; 2­06­32 з 8.30 да 12.00 і з 13.00 да 17.00. Пасадка ў аўтобус будзе ажыццяўляцца толькі па прад’яўленні дакумента, які пацвярджае асобу, пры яго адсутнасці – толькі пры наяўнасці свабодных месцаў. Пасажырам, якім не хопіць месца, будзе прапанавана скарыстацца наступнай паездкай.

І яшчэ, калі вы запісаліся, а потым нешта не атрымліваецца, абавязкова паведаміце пра гэта, каб месца занялі іншыя. Людзі, якія запісаліся, не паехалі і не паведамілі пра тое, трапяць у “чорны спіс” заяўнікаў, гэта значыць, што пры паўторным выпадку іх заяўка не будзе ўлічвацца.

А.Я.Іоскін, начальнік філіяла “АТП № 6 г.Наваполацк” ААТ “Віцебскаблтранс”.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *