Что волнует жителей деревни Мосор? Глава Ушачского района Сергей Шамович встретился с сельчанами

Общество

Старшыня райвыканкама С.С.Шамовіч сустрэўся з жыхарамі вёскі Мосар. Размова атрымалася масавай і ажыўленай: вяскоўцы абмеркавалі з кіраўніком раёна многія сферы дзейнасці, агучылі хвалюючыя іх пытанні.

Ключавой стала тэма медыцынскага абслугоўвання, у прыватнасці, функцыянаванне мясцовага фельчарска-акушэрскага пункта. З-за праблем з кадрамі кіраўніцтва райбальніцы разглядала варыянт закрыцця ўстановы з пераводам на абслугоўванне перасоўным ФАПам. Аднак з такім “раскладам” жыхары Мосара, а таксама Белага не пагадзіліся і калектыўна звярталіся да Сяргея Сцяпанавіча з просьбай вырашыць пытанне на карысць людзей вёскі. Прычым, іх задавольвае нават адзін паўнацэнны дзень работы ўстановы на тыдзень, каб можна было набыць неабходныя лекі, атрымаць меддапамогу і кансультацыю спецыяліста. Зварот вырашаны станоўча: галоўнаму ўрачу ЦРБ Юрыю Пацёмкіну, які прысутнічаў на сустрэчы, даручана арганізаваць работу ФАПа штотыднёва па чацвяргах, пры гэтым перасоўны пункт павінен прыязджаць у вёску па вызначаным графіку.

Яшчэ адна хвалюючая тэма – распаўсюджванне баршчэўніку, на мосарскіх землях хапае гэтай агрэсіўнай расліны. Так, работы па хімічнай апрацоўцы ў наваколлі, канечне, праводзіліся, аднак, па словах вяскоўцаў – не ўсюды і не на ўсіх апрацаваных участках яны могуць паставіць адзнаку “выдатна” за якасць. Сельвыканкаму разам з упраўленнем па сельскай гаспадарцы і харчаванні, экалагічнай інспекцыяй даручана ўзмацніць работу па выдаленні баршчэўніку, а таксама правесці маніторынг якасці хімапрацоўкі паблізу Мосара і Белага згодна актаў выкананых работ падрадчыкамі.

Не абышлося падчас сустрэчы без дарожных пытанняў, у прыватнасці, прагучалі нараканні на стан палатна вуліцы Школьнай. Да канца месяца будзе праведзена яе абследаванне і пры неабходнасці зроблены рамонт.

Камунальнай службе пасля прыёму даручана абгарадзіць кантэйнерную пляцоўку па вуліцы Калгаснай, а на Школьнай устанавіць дадатковую скрыню.

Яшчэ раз агучыла пытанне наконт паляпшэння сувязі ўладальніца аграсядзібы з вёскі Белае. Гэта патрэбна як непасрэдна вяскоўцам, так і для развіцця турызму ў гэтых маляўнічых мясцінах. Раней спецыялісты “Белтэлекама” немагчымасць абсталявання оптавалаконнай сувязі тлумачылі маленькай колькасцю абанентаў. Зараз жа аб сваім жаданні падключыць інтэрнэт-паслугі пісьмова выказаліся больш чатырох дзясяткаў чалавек. Ушацкаму ўчастку электрасувязі даручана дадаткова вывучыць магчымасць падключэння інтэрнэту.

Летась у вёсцы Белае заменена 2,2 кіламетра ліній электрасетак, жыхары Мосара цікавіліся, калі яны змогуць разлічваць на рэканструкцыю, а значыць і падключэнне электраацяплення. Згодна перспектыўнаму плану рэканструкцыі на 2026-2030 гады РУП “Віцебскэнерга”, замена ліній сёлета праводзіцца на дзвюх падстанцыях у Сарочыне, Чарсцвядах і Кублішчыне. А вёска Мосар у плане значыцца на 2027 год.

Прыкмецілі сельскія жыхары станоўчыя змены ў гандлёвым абслугоўванні – тавараў стала прыкметна больш, але часам з-за таго, што Мосар і Белае значацца ў канцы маршрута аўтамагазіна, асобных найменняў малочкі ці хлебабулачных ім не хапае. Таму пыталіся аб магчымасці змяніць графік руху, каб раз у тыдзень ён пачынаўся з іх мясцовасці. Кіраўніцтва Полацкай нарыхтоўчай канторы адказала, што графік мяняцца не будзе, але запэўніла, што асартымент і аб’ём будзе павялічаны з разлікам, каб тавараў хапіла ўсім, тым больш што з іх пастаўкамі праблем няма.

Былі закрануты некаторыя іншыя пытанні, якія будуць вырашаны на ўзроўні сельвыканкама. Прагучала і ўдзячнасць у адрас работнікаў культуры, якія нядаўна арганізавалі для вяскоўцаў добры канцэрт. Дзякавалі жыхары Мосара і кіраўніку раёна за ўвагу да праблем людзей і неабыякавасць у іх вырашэнні.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *