Ушачанин Иван Ярмош делится интересными эпизодами своей трудовой деятельности

Общество

Іван Іванавіч Ярмош – выдатны субяседнік. Не толькі таму, што ў свае 75, якія сустрэў днямі, памятае ўнікальныя акалічнасці працоўнай біяграфіі. У большасці за тое, што ўсе жыццёвыя эпізоды афарбаваны ў светлыя колеры. Быццам і пра зямныя простыя рэчы расказвае, а непрыземлена. Мабыць таму, што заўсёды напалову быў у небе: і ў марах, і на яве.

Першы самаробны планёр

Палётамі заразіла класны кіраўнік Аляксандра Сямёнаўна Муша. Не сама, а яе сын Віталь, якога паклікала на сустрэчу ў школу, калі, нямногім старэйшы, ён ужо стаў ваенным верталётчыкам. І хутка над Ушачамі лунаў самаробны планёр, запушчаны Іванам і аднагодкамі з гары ля Чаравэчча. Зрабілі па схеме, зачапілі вяроўкамі, паляцеў так хутка, што толькі хвіліны і палюбаваліся. Пралетарскія хлопцы (так называлася тады частка вуліц Каранеўскага, Ленінскай, Піянерскай, Данукалава – землі калгаса, а потым саўгаса “Ушацкі”) бавілі час пераважна на гэтых палетках. Любімым месцам была сённяшняя “Петухоўшчына” – там рос гарох. Колькі разоў лавіла іх на кані брыгадзір “Аннушка”. Хоць і страшна было тады, а сёння Іван Іванавіч называе яе, як і ўсе, ласкава па імя. Усё гэта ў вольны час, ну а дапамога маці на свінаферме і па сваёй гаспадарцы – справа абавязковая.

“Дзякуючы” чарчэнню… навучыўся курыць

Іван Іванавіч з удзячнасцю прыгадвае не толькі А.Мушу, а і ўсіх настаўнікаў Ушацкай школы. Дзякуючы Надзеі Арсенаўне Васілеўскай і сёння памятае формулы квадратных ураўненняў. Ніякіх цяжкасцяў падчас вучобы ў Магілёўскім машынабудаўнічым (пазней політэхнічным) тэхнікуме не паўставала, а вось навыкі Івана Іосіфавіча Палонскага, які выкладаў чарчэнне, саслужылі дрэнную службу. Адзін з аднакурснікаў “аддзячыў“ за зроблены яму чарцёж… цыгарэтамі і майстар-класам па першых зацяжках. Усё жыццё смаліў і толькі пасля перанесенага інфаркту ў адзін дзень пазбавіўся нездаровай звычкі.

За паступленне І.Ярмош, маючы добрыя атэстат і веды, не хваляваўся. А вось месца вучобы выбіраў не толькі па тэхнічным напрамку ўстановы, а абавязкова па наяўнасці ў горадзе аэраклуба, у які адразу пайшоў запісвацца. На лётчыкаў тым не менш спазніўся, а вось парашутыстам стаў, здзейсніўшы 99 скачкоў. Жартуе, што не выскачыў, а вываліўся першы раз з самалёта, але адразу зачараваўся абсалютнай цішынёй, дзівосным станам адлучанасці. Так любіў гэтыя адчуванні, што нават на рабоце неяк з яшчэ адным дэсантнікам прывязваліся і віселі на вяроўках на вышыні. Навучыўся ў аэраклубе і кіраваць планёрам, нават петлі рабіў.

Хоць без патэнтаў, аднак вынаходнікі

Размеркавалі І.Ярмоша ў Наваполацк, аднак вярнуўся ў родныя Ушачы. І сорак год адпрацаваў на розных пасадах на адным месцы – у “Райсельгастэхніцы”. Маючы дыплом механіка, пачынаў зваршчыкам. Тады па раёне толькі ўстанаўлівалі воданапорныя вежы і У.М.Малаткавец, прымаючы на работу, запытаўся ў юнака, ці ўмее ён варыць “пад ваду”. Іван Іванавіч меў 4 разрад (самы высокі пяты) – цэлы год праходзіў вытворчую практыку на Мінскім трактарным заводзе. І першым заданнем аказалася водазабеспячэнне вёскі Зарэчча. Уладзімір Мікалаевіч перапытаўся, ці трывала зварыў, а калі пры закладцы трубу бульдозерам выпадкова пагнулі, вельмі расхваляваўся, што шво трэсне. І.Ярмош супакоіў – якасць сваёй работы гарантаваў.

Прыкладна праз год яго перавялі ў разрад інжынерна-тэхнічных работнікаў, працаваў механікам, інжынерам, прарабам, але ніколі не грэбаваў узяць у рукі зварачны апарат. Тым больш што шмат уласных вынаходніцтваў укаранялі, напрыклад, першымі ў вобласці ўсталёўвалі па гаспадарках ворахасушыльныя пункты. Падачу фуражу паветрам і за 50 метраў, як у Завячэллі, з дапамогай вентылятара высокага ціску прыдумаў У.Малаткавец. Яны ж ажыццявілі ідэю. Схему яшчэ аднаго свайго вынаходніцтва ўбачылі пазней у часопісе “Механізацыя сельскай гаспадаркі”. “А мог быць наш патэнт, – усміхаецца Іван Іванавіч. – Не думалі пра славу, а змайстравалі свае “плужкі” для падтрымкі пры зварцы пластыкавых труб намнога раней за час выхаду таго нумара. Спачатку стыкавалі іх уручную і здаралася, што труба заварвалася поўнасцю – вада не ішла, таму і прыдумалі металічныя трымальнікі. А калі ў Мосары на ферме вялі малакаправод, я нават на тэлебачанні засвяціўся. І напольныя сушылкі ўстанаўлівалі. Сабралі, памятаю, у калгасе “ХХІ партз’езд”, а куча запчастак засталася. Збіраліся ў Лепель да калег звяртацца, аказался, яны да нас за вопытам ехалі. А самастойна першымі іх сабралі хлопцы ва “Ушацкім”. Яны і падказалі, што лішнія дэталі – гэта крапёж “Нурыі” непасрэдна да падлогі”.

Многае ў раёне толькі распачыналася, напрыклад, у кожнай гаспадарцы манціравалі апараты вітаміннай мукі для абагачэння кармоў, ва “Ушацкім” нават з гранулятарам, куды ішла крапіва і іншая трава. Былі і катлы для запарвання ежы. Адзін з такіх пры эксплуатацыі ў Касарах разарвала (нагрэлі без вады, а потым халоднай далі). “Мы другі манціруем, а жанчына падышла ды кажа: дзеткі, звычайны кацёл і то выбухнуў, а вы ракету нейкую прыцягнулі, – прыгадвае чарговы эпізод Іван Іванавіч. – Пазней такія бочкі выкарыстоўвалі для сушкі зерня, толькі грэлі дрывамі не ваду, а паветра, якое накіроўвалі вентылятарамі. І ручную падачу зерня на напольных механізавалі… мазгі пастаянна ўключалі”.

Правялі водаправод, а потым вёску зруйнавалі…

І.Ярмош выдатна ведае не толькі ўсе сельгасаб’екты Ушацкага раёна, але і частку Брагінскага. Летам 1986 года вялі водаправод – брыгады з “Райсельгастэхнікі” ездзілі туды вахтавым метадам. “Калі стаялі ў вырытай траншэі, галава знаходзілася на ўзроўні зямлі з радыяцыйным пылам. Дыхалі ім, маглі і абрыкосы з зямлі падняць. Мясцовая жанчына шчаўем частавала, пакуль не праверылі шклянкі, – расказвае І.Ярмош. – У лесе лісічкі збіралі – іх там услана, а мясцовае насельніцтва за грыбы не лічыла. Праўда, і мы пабаяліся гатаваць. Тады мала што ведалі пра небяспеку, рэчы, у якіх працуем, сказалі дамоў не забіраць. Радыяцыя ж не адчуваецца. Суха ў роце толькі пастаянна было. Добра бачылі, як з верталётаў рэактар засыпалі. Блізка ад яго знаходзіліся. А калі крыху пазней паехалі забіраць наш экскаватар, у вёсцы, дзе праз 30 метраў ставілі калонкі, насельніцтва ўжо адсялілі. Праз пэўны час вёску поўнасцю пахавалі”.

*—*—*

Здаецца, што ён увесь час на перадавой. І зараз, з’яўляючыся старшынёй ветэранскай арганізацыі, таксама клапоціцца, каб у іх утульным прыгожым Градзянцы жыць аднавяскоўцам было камфортней. Яшчэ доўгіх гадоў актыўнасці жадалі Івану Іванавічу падчас віншаванняў старшыні раённага Савета дэпутатаў Н.М.Марковіч і ветэранскай арганізацыі Н.А.Васілеўская. Ну а трое дзяцей і дзевяць унукаў – сустрэць стагадовы юбілей. Дарэчы, аднаго з іх назвалі ў яго гонар… Яўгенам. Гэта яшчэ адна сямейная гісторыя: такое імя выбрала маці Івана Іванавіча, ну а бацька па шляху да сельсавета перадумаў.

Цікава, што мы знаёмы з Іванам Іванавічам амаль паўстагоддзя. Ён беспаспяхова спрабаваў асвяжыць у маёй памяці апошні чэрвеньскі дзень 1974 года, калі калона матацыклістаў стартавала ад плошчы імя Леніна на ўрачыстае адкрыццё новага мемарыяльнага комплексу “Прарыў”. У люлькі матацыклаў садзілі святочна ўбраных школьнікаў. І менавіта я аказалася “аздабленнем” яго транспартнага сродку.

Вольга КАРАЛЕНКА.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *