Накануне Дня знаний в Ушачах прошла традиционная педагогическая конференция

Общество

Сёння ва ўсіх школах Ушаччыны праходзяць урачыстыя лінейкі: залівісты першы званок у гэтым годзе пакліча ў няпростае, цікавае падарожжа па краіне ведаў 1223 вучняў, у тым ліку 130 першакласнікаў.

Своеасаблівы экзамен на гатоўнасць да новага старту адбыўся напярэдадні Дня ведаў і ў настаўнікаў – прайшла раённая педагагічная канферэнцыя, на якой прысутнічалі лепшыя педагогі Ушаччыны, прадстаўнікі ўлады, прафсаюза работнікаў галіны, ветэраны, адораныя вучні.

Як адзначыла ў сваім выступленні старшыня раённага Савета дэпутатаў Н.М.Марковіч, адукацыя – прыярытэтная галіна ў бюджэце раёна. На яе долю ў 2018 годзе прыходзіцца амаль 30 працэнтаў. Значныя сродкі накіроўваюцца на камп’ютарызыцыю навучальных устаноў. У рамках рэалізацыі дзяржаўнай праграмы “Адукацыя і маладзёжная палітыка” абсталяваны новыя камп’ютарныя класы ў Глыбачанскай і Арэхаўскай школах. Усюды праведзены бягучы і касметычны рамонт, працягваецца капітальны ў яслях-садзе №3 г.п.Ушачы. Для арганізацыі падвозу дзяцей да месцаў навучання за сродкі раённага бюджэту набыты новы школьны аўтобус – цяпер іх у парку 11.

Укладзеныя дзяржаўныя сродкі павінны даваць аддачу – у першую чаргу праз высокую ступень якасці адукацыі, пераканана Наталля Мікалаеўна. Яна адзначыла, што педагагічны калектыў раёна ў гэтым накірунку працуе мэтанакіравана і мае нядрэнныя вынікі, пажадала годна справіцца з задачамі ў новым навучальнага годзе.

Адным з важнейшых накірункаў сацыяльнай палітыкі дзяржавы з’яўляецца захаванне даступнасці дашкольнай адукацыі. Менавіта з гэтай тэмы пачала сваё выступленне начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Н.В.Стрыжонак. Яна падрабязна спынілася на ўсіх накірунках работы дашкольных устаноў – хваліла за поспехі (галоўны з іх – адкрыццё 3 груп кароткачасовага знаходжання і адной гульнявой пляцоўкі, што дазволіла істотна павялічыць ахоп дзяцей ва ўзросце ад 1 да 6 гадоў дашкольнай адукацыяй), адзначала недапрацоўкі, акрэслівала задачы на перспектыву.

Гэтак жа грунтоўна прааналізавала Наталля Васільеўна і работу школ. Па выніках мінулага навучальнага года ажно 20 вучняў узнагароджаны пахвальнымі лістамі. Залатыя медалі атрымалі 2 выпускніцы Вялікадолецкай і Ільюшынскай школ – цяпер яны студэнткі прэстыжных ВНУ. Пасведчанне з адзнакай атрымалі таксама два дзевяцікласнікі Глыбачанскай і Ушацкай школ – яны працягнуць навучанне на трэцяй ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Па выніках цэнтралізаванага тэсціравання сярэдні бал у нас вышэйшы за адпаведны абласны і нават рэспубліканскі паказчык. Адметна, што былы вучань Ушацкай школы Леанід Давыдаў атрымаў 100-бальны вынік на ЦТ па матэматыцы (настаўнік – Л.А.Худалеева). Ва ўстановы вышэйшай адукацыі сёлета паступіла ажно 42 працэнты выпускнікоў, у сярэднія спецыяльныя – 30, прафесійна-тэхнічныя – 28. Сярод знакавых дасягненняў – і паспяховы ўдзел школьнікаў у рэспубліканскай алімпіядзе па вучэбных прадметах. Так, дыпламантамі яе абласнога этапу сталі трое вучняў, а з заключнага з перамогай вярнуліся двое прадстаўнікоў Ушацкай СШ. Зрэшты, “алімпіядныя” вынікі гэтай школы сёлета адзначаны на высокім узроўні. Па рашэнні Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў установе выдзелены 10 тысяч рублёў на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы.

Па прычыне змяншэння колькасці навучэнцаў з 1 верасня, на жаль, спынілі сваё існаванне Кубліцкая і Вяркудская школы. Сродкі, вызваленыя ад правядзення аптымізацыі, будуць накіраваны на набыццё яшчэ аднаго школьнага аўтобуса, а таксама вучэбнага і лабараторнага абсталявання, сучасных сродкаў навучання для ўстаноў, у якія пераведзены вучні. У планах на бягучы год – завяршэнне капітальнага рамонту ясляў-сада №3 і рамонт асфальтавага пакрыцця ў яслях-садзе № 2 г.п.Ушачы.

Асобна спынілася Н.В.Стрыжонак на новаўвядзеннях, якія чакаюць вучняў і педагогаў у 2018-2019 навучальным годзе. Так, на базе 3 школ адкрыюцца профільныя групы: ва Ушацкай – хіміка-біялагічнай накіраванасці, а ў Вялікадолецкай і Глыбачанскай – аграрнай. Тыя ж старшакласнікі, што не трапяць у іх, будуць атрымліваць прафесійную падрыхтоўку на ўроках працоўнага навучання – яны цяпер уведзены і для 10-класнікаў. Ва Ушацкай школе адкрыюцца таксама факультатыўныя заняткі па робататэхніцы – тэхнічнае абсталяванне для іх набыта за сродкі абласнога Савета дэпутатаў.

Шмат узнагарод атрымалі ўшацкія педагогі падчас мерапрыемства. Ганаровая грамата Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь уручана дырэктару Вялікадолецкай школы Рыме Леанідаўне Аніскевіч, грамата Міністэрства – настаўніцы біялогіі Ушацкай школы Вользе Анатольеўне Жыткай. Ганаровымі граматамі ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама адзначаны настаўнік беларускай мовы і літаратуры Глыбачанскай школы Алена Сцяпанаўна Герцык, настаўнік-дэфектолаг ясляў-сада №4 г.п.Ушачы Вольга Уладзіміраўна Гурленя, метадыст вучэбна-метадычнага кабінета Алена Мечыславаўна Жук, настаўнік пачатковых класаў Вяркудскай школы Ганна Мікалаеўна Пашкова, начальнік гаспадарчай групы Ірына Кліменцьеўна Пасах, інжынер-цеплатэхнік Мікалай Паўлавіч Шарын, бухгалтар Антаніна Пятроўна Васілеўская, Ганаровымі граматамі аддзела па адукацыі райвыканкама – настаўнік пачатковых класаў Кубліцкай школы Зінаіда Мікалаеўна Краўчанка, намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада №2 г.п.Ушачы Алена Аляксандраўна Банеўская, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Ушацкай школы Алена Васільеўна Ціханава, настаўнік хіміі гэтай жа ўстановы Алена Васільеўна Марозава, выхавацель ясляў-сада №4 г.п.Ушачы Ірына Аляксандраўна Харашкевіч. Шэраг педагогаў атрымалі ўзнагароды ад раённага выканаўчага камітэта, раённага Савета дэпутатаў. Не забыліся арганізатары мерапрыемства і пра ветэранаў педагагічнай працы – падзякавалі ім за шматгадовую дзейнасць на ніве адукацыі, прысутным уручылі памятныя падарункі.

Сёлета традыцыйна быў складзены рэйтынг сярод навучальных устаноў раёна, які ўлічыў асноўныя паказчыкі работы педагагічных калектываў. Сярод дашкольных першае месца раздзялілі яслі-сад №2 (лепшая дашкольная ўстанова гарпасёлка) і Арэхаўскі яслі-сад (сельская). Сярод жа школ на лідарскіх пазіцыях аказаліся Вялікадолецкая, Ільюшынская і Ушацкая – першае, другое і трэцяе месцы адпаведна.

Шчырымі апладысментамі сустракалі прысутныя і пераможцу раённага агляду-конкурсу па падрыхтоўцы адукацыйных устаноў да новага навучальнага года. Сёлета ёй стала таксама Вялікадолецкая школа.

На канферэнцыі не раз гучалі імёны лепшых педагогаў. Менавіта з іх можа браць прыклад маладое папаўненне настаўнікаў. З 1 верасня ва Ушацкай школе выкладаць рускую мову і літаратуру пачне Аляксандра Аляксандраўна Жаваранак-Дрозд, замежную мову – Алена Леанідаўна Клачок. Настаўнікамі працоўнага навучання ў Ільюшынскай і Глыбачанскай школах сталі Юлія Дзмітрыеўна Бараўцова і Віталь Сяргеевіч Дзямідаў. Штат Арэхаўскай школы папоўніў настаўнік фізічнай культуры і здароўя Крысціна Фёдараўна Голубева. Вырашэннем прававых пытанняў займаецца юрыст сацыяльна-педагагічнага цэнтра г.п.Ушачы Ігар Генадзьевіч Грыгор’еў. У адрас маладых спецыялістаў гучалі словы віншаванняў, наказы і пажаданні, ім былі ўручаны кветкі.

Падчас мерапрыемства, што праводзілася на базе Ушацкай школы, на вызначаную канцэртную пляцоўку, сцэну актавай залы не раз выходзілі і дзеці – каб парадаваць сваіх настаўнікаў, выхавацеляў шчырымі вершамі, песнямі, танцамі, аддзячыць за тое, што яны з дня у дзень вучаць, выхоўваюць, настаўляюць.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *