Работники участка по ремонту жилищного фонда ЖКХ заняты работой в любую пору года

К профессиональному празднику

Выдзеліць асаблівы сезон, калі ў іх самая напружаная работа – нельга, бо працаўнікі ўчастка па рамонце жыллёвага фонду УП ЖКГ заняты ў любую пару года, а здараецца, што і ў любы час сутак. “Брудная” работа гэтых людзей хоць і невысока аплачваецца, але вельмі важная і запатрабаваная. З года ў год яны шчыруюць над тым, каб было ўтульна ў шматкватэрных дамах грамадзян. Часта мы і не бачым іх намаганняў, але як у “хуткую дапамогу” звяртаемся да сантэхнікаў і рабочых участка, калі ў нашых пад’ездах і кватэрах узнікаюць нейкія бытавыя праблемы.

На працягу ўжо многіх гадоў кіруе гэтым, да нядаўняга часу выключна мужчынскім калектывам, старшы майстар Ніна Мікалаеўна Маковіч. Ураджэнка Камянецкага раёна пасля заканчэння Брэсцкага будаўнічага тэхнікума трапіла на Ушаччыну па размеркаванні ў той час, калі некаторыя з яе цяперашніх падначаленых яшчэ і не нарадзіліся – у далёкім 1987 годзе. Ды і памеры ўчастка тады былі значна меншыя. Зонай іх адказнасці з’яўляюцца 134 шматкватэрныя жылыя дамы, колькасць якіх у раёне з тых часоў узрасла ўдвая, а працэнт зносу канструкцый і камунікацый значна павялічыўся. І калі жыллёвы фонд сельскіх населеных пунктаў абслугоўваюць пераважна структурныя падраздзяленні камунальнай гаспадаркі, створаныя ў аграгарадках, то 85 шматкватэрных дамоў гарпасёлка, а таксама прылягаючыя да іх тэрыторыі рамантуюцца і добраўпарадкоўваюцца рукамі рабочых участка Н.М.Маковіч.

Жанчыны ў падначаленні старшага майстра з’явіліся адносна нядаўна, пасля таго як камунальная служба пачала займацца ўборкай пад’ездаў шматкватэрных жылых дамоў, а гэта 147 пад’ездаў. Па лесвіцах і калідорах кожны дзень праходзяць сотні чалавек, а вось парадак там наводзяць усяго дзевяць.

– Складана дзяўчатам даводзіцца, – расказвае Ніна Мікалаеўна. Не сакрэт, што жыльцы часта загрувашчваюць грамадскія тэрыторыі, захоўваюць там дзіцячыя каляскі, веласіпеды і старую мэблю, а некаторыя нават пакеты са смеццем пакідаюць… Акрамя лесвіц і пляцовак убіраць нашым работніцам даводзіцца і тэрыторыю ля пад’ездаў, расчышчаць снег, але сёлета зіма над імі “злітавалася”.

У астатніх рабочых участка вельмі шырокі спектр абавязкаў. Закрыць і зашкліць усе падвальныя вокны, замяніць аконныя блокі ў пад’ездах, адно з самых важных пытанняў – рамонт дахаў. Вясной прыступаюць да ўборкі падвалаў, што аднімае шмат часу і сіл. Вось і размова наша напярэдадні прафесійнага свята камунальнікаў адбывалася з работнікамі ўчастка прама на “вытворчасці”, калі яны ачышчалі ад смецця падвалы дома №19 па вуліцы Ленінскай. Пры адсутнасці экстранных выклікаў на такіх работах задзейнічаны і сантэхнікі, і рабочыя, агульная колькасць якіх на ўчастку складае 19 чалавек. Майстар Вячаслаў Фёдаравіч Стуканаў і брыгадзір Генадзь Уладзіміравіч Банеўскі кажуць, што такія працаўнікі, як, напрыклад, Сяргей Уладзіміравіч Хурсан, Аляксандр Сяргеевіч Булаўка, Уладзімір Аляксандравіч Вацьковіч за гады працы сталі майстрамі на ўсе рукі, а моладзь, якой даволі многа сярод работнікаў участка, расце ля іх прафесійна. Дапамагаюць гэтаму і курсы павышэння прафмайстэрства, куды ў першую чаргу накіроўваюць маладых. Дзякуючы гэтаму на сённяшні дзень на ўчастку з’явіліся два “хаўс-­майстры”.

– За кошт прадпрыемства ў абласным вучэбным цэнтры прайшлі спецыяльныя курсы Максім Палякоў і Сяргей Курбака, – тлумачыць значэнне навамоднага тэрміна Н.М.Маковіч. – Так зараз называюць спецыялістаў шырокага профілю, якія могуць выканаць вельмі разнастайны спектр паслуг, бо ўсё што ў доме – наша. Яны могуць урэзаць дзвярны замок, замяніць аконную раму і разам з тым адрамантаваць разетку, ліквідаваць цечу ў ваннай і шмат чаго іншага. У хуткім часе адпраўляем на вучобу Пятра Вацьковіча і Юрыя Лаюшку. Пераважная большасць нашых работнікаў не мае якой­небудзь спецыяльнай адукацыі, хаця ёсць і працаўнікі з тэхнікумам за плячыма. Вучымся ў асноўным непасрэдна на рабочых месцах.

Сантэхнікі дзяжураць у выхадныя дні, а ў начны час – на доме па графіку, бо прадказаць, калі пацячэ старая труба, нельга. А словы ўдзячнасці ад жыльцоў работнікі ўчастка жылфонду ў большасці выпадкаў чуюць менавіта пасля ліквідацыі аварый, хаця ўся іх нялёгкая праца кожны дзень накіравана на паляпшэнне камфорту пражывання людзей.

Д.Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *