Сердце — невечный «двигатель». Как его сберечь, поддержать и укрепить, рассказывает врач-кардиолог Ушачской ЦРБ Анастасия Лютько

Здравоохранение Общество

Сэрца працуе – чалавек жыве. Ніхто не стане аспрэчваць важнасць органа, які падтрымлівае жыццядзейнасць усяго арганізма. І наўрад ці трэба каго пераконваць, што сардэчна­сасудзістая сістэма патрабуе ўвагі і клопату. Як зберагчы сэрца, каб яно працавала без збояў? Што можа падтрымаць і ўмацаваць гэты орган? Якія фактары рызыкі асабліва небяспечныя для яго? Пра ўсё гэта расказвае ўрач­-кардыёлаг Ушацкай цэнтральнай раённай бальніцы Анастасія Аляксандраўна ЛЮЦЬКО.

У адпаведнасці са статыстыкай СААЗ, кожны трэці чалавек у свеце пакутуе на артэрыяльную гіпертэнзію – небяспечную хваробу сардэчна­сасудзістай сістэмы. На пачатковых стадыях працякае гіпертэнзія амаль без сімптомаў, таму вымярэнне артэрыяльнага ціску для кожнага павінна ўвайсці ў практыку. Нармальны ціск вагаецца ў межах ад 100/60 да 130/80 мм.рт.сл. Павышаны ж аказвае негатыўны ўплыў на ўсе ўнутраныя органы і сістэмы.

Асноўны прынцып пераадолення хваробы – пастаянства. Калі ўрач назначыў прэпараты, якія зніжаюць артэрыяльны ціск, іх трэба прымаць пастаянна. Заўважу, што поўнасцю вылечыцца ад артэрыяльнай гіпертэнзіі нельга, але змяніўшы свой лад жыцця, рэгулярна прымаючы лекі, магчыма не толькі кантраляваць узровень артэрыяльнага ціску, але і пазбегнуць цяжкіх наступстваў – развіцця многіх хвароб сістэмы кровазвароту (інфаркт, інсульт, сардэчная недастатковасць і інш.).

Лішняя вага – вораг сэрца і сасудаў

Для ацэнкі сваёй вагі выкарыстоўвайце простую формулу вызначэння індэкса масы цела: вагу (у кілаграмах) раздзяліць на рост (у метрах) у квадраце. Калі атрымаецца менш 25 – у вас нармальная маса цела, калі больш 28 у жанчын і 30 у мужчын – можна казаць пра атлусценне. Прычым, больш небяспечнае так званае цэнтральнае атлусценне (мужчынскага тыпу), калі тлушч адкладаецца на жываце.

Харчаванне павінна быць у меру насычаным калорыямі, багатым на вітаміны, мікраэлементы. Варта адмовіцца ад жывёльнага тлушчу, прысмакаў, што дапаможа знізіць вагу, а значыць і артэрыяльны ціск. Страта толькі 5 лішніх кілаграмаў зніжае артэрыяльны ціск на 5,4 міліметра.

Не соль, а свежая зеляніна!

Многія харчовыя прадукты – вэнджанае мяса, каўбасы, пікантныя сыры, кансервы, хлеб – утрымліваюць соль, якая затрымлівае вадкасць у арганізме, павышае ціск. Злоўжываць соллю не варта – сутачная патрэба для дарослага чалавека складае 4­6 грамаў. Імкніцеся выкарыстоўваць не павараную, а дыетычную соль. Ужывайце больш свежай зеляніны, прадуктаў, якія ўтрымліваюць у дастатковай колькасці калій і магній. Добра ўздзейнічаюць на сасуды гарох, фасоля, буракі, кабачкі, морква, бульба, цыбуля, баклажаны, пятрушка, садавіна.

Рух – лепшы трэнер кровазвароту

Для людзей з павышаным ціскам рэкамендуюцца хада, бег, плаванне, лыжы. Але пачынаць заняткі фізкультурай варта паступова, папярэдне параіўшыся з урачом, і паступова павялічваць нагрузку, не перанапружвацца. Звярніце ўвагу на сваіх дзяцей, бо да артэрыяльнай гіпертэнзіі ёсць спадчынная схільнасць. Калі не прымаць прафілактычных мер, то ў дзяцей артэрыяльны ціск пачынае павышацца на 5­8 гадоў раней, чым у іх бацькоў­гіпертонікаў. Хай малы з дзяцінства сябруе са спортам!

У модзе здароўе, а не шкодныя звычкі

Алкаголь нясе ў сабе лішнія калорыі: у адным граме спірту іх утрымліваецца каля сямі. Гэта прыводзіць да дадатковай нагрузкі на сэрца. Больш таго, злоўжыванне спіртнымі напоямі можа прывесці да рэзкага пад’ёму артэрыяльнага ціску, парушэння сардэчнага рытму, розных сасудзістых катастроф.

Курэнне разбурае і звужае крывяносныя сасуды, становіцца прычынай парушэнняў кровазвароту і павышэння ціску. Станьце праціўнікам гэтай звычкі – іншага выйсця пры такой хваробе няма.

Пазбягайце стрэсавых сітуацый!

Стрэс на рабоце і дома спрыяе імкліваму скачку крывянога ціску. Паспрабуйце “заплюшчваць вочы” на дробязі і не хвалявацца з­за абставін, змяніць якія не па сіле. Падзяліцца з кім­небудзь хвалюючым пытаннем іншы раз становіцца добрай разрадкай. Прагулкі і паўнацэнны сон супакойваюць і зніжаюць стрэсавасць.

У час адпачынку ціск зніжаецца сам па сабе. Таму знаходзьце магчымасць рабіць невялікія перапынкі і днём. Дапамагаюць расслабіцца спецыяльныя практыкаванні, ароматэрапія і саўна.

Кубак кавы? Будзьце асцярожныя!

Кубак кавы ці моцнай гарбаты не супрацьпаказаны пацыентам з павышаным ціскам. Ёсць пэўная група людзей з артэрыяльнай гіпертэнзіяй, якія раніцай, наадварот, маюць патрэбу ў гэтых напоях, каб зняць галаўны боль, выкліканы парушэннем тонусу ўнутрычарапных вен. Але катэгарычна не рэкамендуецца выпіваць за дзень больш 3­4 кубкаў. Варта выбіраць гатункі кавы без кафеіну. А яшчэ лепш успомніць пра карысныя зёлкавыя зборы. Мята, сардэчнік, валяр’ян зробяць пахучым чай і прынясуць карысць сэрцу і сасудам.

Дапамога пры гіпертанічным крызе

Гіпертанічны сасудзісты крыз узнікае на фоне значнага фізічнага ці нервовага перанапружання, асабліва ў дні магнітных бур. Звычайна ўзнікаюць моцны галаўны боль, пацямненне ці чорныя кропкі перад вачамі, млоснасць, слабасць, болі за грудзінай.

Пакладзіце пад язык 0,5­1 таблетку ад павышанага ціску. Прыміце ўнутр адну чайную лыжку заспакаяльных кропель (карвалол, сардэчнік, валяр’яна). Прыкладзіце халодны кампрэс на лобную частку галавы, гарачую грэлку да ног ці гарчычнікі на ікраножныя мышцы. Утульна сядзьце на стул ці ў крэсла, адкінуўшы спіну і апусціўшы ногі. Пры адсутнасці паляпшэння можна дадаткова пакласці пад язык яшчэ 0,5 таблеткі ад павышанага ціску.

Увогуле, заўсёды трымайце пры сабе патрэбныя лекі, каб у выпадку пагаршэння самаадчування тэрмінова выкарыстаць іх. Калі ж вы знаходзіцеся на ўліку ў тэрапеўта па артэрыяльнай гіпертэнзіі, наведвайце спецыяліста з мэтай карэкцыі назначанага лячэння не радзей 3­4 разоў за год.

Падстаў для аптымізму мала

Хваробы сістэмы кровазвароту па­ранейшаму застаюцца асноўнай прычынай смяротнасці ва Ушацкім раёне. Толькі за першы квартал 2015 года па гэтай прычыне пайшлі з жыцця 33 мясцовыя жыхары, у тым ліку 2 – працаздольнага ўзросту. І хоць гэтыя паказчыкі значна меншыя, чым летась (48 і 6 адпаведна), падстаў для аптымізму мала. Як паказвае практыка, толькі каля 55 працэнтаў «сардэчнікаў» рэгулярна наведваюць медыкаў, кантралююць узровень ціску, праходзяць неабходнае лячэнне.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *