Ушачские вокалистки забрали все призы

Ими гордятся Наши дети

 IMG_2831Так гаварылі свае і чужыя пасля правядзення вакальнага дзіцячага конкурсу “На крылах мары”, які праходзіў у Полацку. А ўдзельнічалі ў ім вакальныя калектывы і салісты эстрадных студый, музычных школ з усёй вобласці, у тым ліку з Віцебска, Оршы, Наваполацка – гарадоў, дзе вялікі выбар дзяцей, ды і калектывы працуюць не адзін год і маюць званні. Непрафесіяналаў – аматараў там не было, і тым не менш выхаванкі Алены Анатольеўны Сазонавай з Ушацкай школы мастацтваў тройчы сталі лаўрэатамі. Салістка Каця Падвойская ўзяла Гран-пры, Галя Бурак – трэцяе месца (набраўшы аднолькавую колькасць балаў з першым і другім месцамі), а трыо ў складзе Лізы Жарнасек, Ані Ларчанка і зноў жа Галі Бурак заваявала першае месца.  

Гэты конкурс быў вельмі асаблівым – для дзяцей узростам да 10 гадоў. Ушацкія выканаўцы выступалі ў падгрупе 8-10.

“Вельмі цікавы ўзрост (самі дзеці эмацыянальныя, рухавыя, непасрэдныя), аднак і складаны, паколькі цяжка дабіцца нейкіх вынікаў пры тым, што гэта вучні пачатковых класаў школы мастацтваў, – гаворыць загадчыца эстраднага аддзялення і выкладчыца вакалу Алена Анатольеўна Сазонава. – На нас працавала іх нестамляемасць – рыхтаваліся па некалькі гадзін, вялікі дзякуй і харэографу Наталлі Веньямінаўне Корневай, якая прыходзіла, займалася ў свой вольны час, бо вучыцца танцам на эстрадным аддзяленні пачынаюць толькі з трэцяга класа. І як заўсёды, бацькам, якія рыхтавалі касцюмы, наогул траціліся, паколькі літаральна на ўсе конкурсы зараз патрэбны стартавы ўзнос. Добра, што ён быў невялікі. І, канечне, малайцы самі дзяўчынкі. Музыку яны выконвалі сапраўды эстрадную, з добрым гукам, прычым, вельмі складаную – джазавую і блюзавую па накірунку. Дзяўчаты вытрымалі ўсе патрабаванні конкурсу і набралі найбольшую колькасць балаў”.

Якое месца зоймуць, яны маглі прадбачыць яшчэ па рэакцыі публікі ў зале. Ну а пасля падыходзілі члены журы – пераважна эстрадныя выканаўцы Беларусі, віншавалі і казалі: “Бачна ваша школа”. І яна сапраўды бачна, бо не жарты – узяць тры з чатырох дыпломаў пры тым, што прэтэндавала на іх трыццаць канкурсантаў.

З дыпломамі, вялікімі мяккімі цацкамі, і канечне, прыўзнятым настроем, вярталіся юныя вакалісткі. Наперадзе чарговыя заняткі і падбор імя для пакуль што неназванага трыо.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *