В ОАО «Деменец» в лидерах среди сельхозорганизаций Ушачского района по урожайности зерновых

Сельское хозяйство

Гэты тандэм, які можна смела назваць сплавам маладосці і вопыту, з першых дзён жніва знаходзіцца ў ліку раённых лідараў. “Уладзіміравіча заслуга, з ім не пастаіш!” – сціпла ацэньвае ўласныя дасягненні малады вадзіцель УП ЖКГ Аляксей Селівёнак, які з 28 ліпеня працуе на адвозцы зерня ў ААТ “Дземенец” і замацаваны за камбайнам аднаго з нязменных перадавікоў уборачных кампаній Мікалая Уладзіміравіча Яловіка.

Вопытнага механізатара ў аўторак пасля абеду знайсці ў наваколлі Лутава было зусім не цяжка. На радасць хлебаробам усталявалася сухое надвор’е, таму клубы пылу ў перамешку з рэшткамі здробненай саломы ўзнімаліся ў паветра і выдавалі месцазнаходжанне КЗС­1218, яшчэ нават калі і гулу яго чуваць не было. Здалося, што ў кабіне нехта з прыцягнутых механізатараў, бо Мікалая Уладзіміравіча спачатку не пазнаў – зламаўся кандыцыянер і, ратуючыся ад засцілаючага вочы поту, мужчына павязаў на галаву майку, якая здалёк выглядала нібы мудрагелістая прычоска.

Дробнаконтурныя ўчасткі “Дземенца” паблізу ад цэнтральнай сядзібы былі размеркаваны паміж камбайнерамі, і М.У.Яловік працаваў адзін. Склады гаспадаркі знаходзяцца непадалёку, таму ГАЗ­53 А.Селівёнка на ўскрайку поля чакаў, калі над бункерам замільгае ліхтар, азначаючы яго запаўненне, а пасля гэтага рвануў пад загрузку. Спыніўшыся падчас яе на некалькі хвілін, расказалі мне мужчыны, што, як і ў мінулым годзе, на жніве задзейнічаны чатыры збожжаўборачныя агрэгаты: за рулём такога ж камбайна працуе брат М.У.Яловіка Аляксандр, на меншай “Лідзе­-1300” – Аляксандр Спірыдовіч. Марку ж камбайна Анатоля Грачова адразу і не вызначыш, ён літаральна “злеплены” з двух – на КЗС-­1218 устаноўлены рухавік і жняярка з КЗР­-10. Зрэшты, гэта не важна. Галоўнае – удалося аператыўна вярнуць у работу камбайн, які нечакана на пачатку жніва выйшаў са строю.

Амаль бяссоннай выдалася ноч напярэдадні ў М.У.Яловіка. Вечарам панядзелка дабіраў жыта на беразе балацявіны і не заўважыў у густой збажыне схаваныя кімсьці калодкі з сеткамі – зламаў жняярку, на рамонт якой  патраціў некалькі і без таго нешматлікіх гадзін адпачынку.

Пакуль што механізатары “Дземенца” вялі ўборку на “старых” землях, але на падыходзе збажына і ў дубраўскай частцы гаспадаркі.

– Толькі вярнуўся са Стай, – расказвае дырэктар сельгаспрадпрыемства Аляксандр Віктаравіч Шарыпенка. – Хоць і адсеяліся там пазней, але збожжа да ўборкі практычна гатова. Таму максімальна канцэнтруем сілы ля Глыбачкі, каб на наступным тыдні накіраваць тэхніку на дальнія палі. Участкі ячменю ёсць і тут – пакінем Аляксандра Спірыдовіча з “Лідай”, будзе “дабіваць”.

Усяго хлебаробам “Дземенца” неабходна ўбраць 1204 гектары зерневых і зернебабовых. А таму вельмі дарэчы прыйшлася дапамога мехатрада ПУП “Ляснеўшчына” – два камбайны прыватнага прадпрыемства ў аўторак працавалі пад Плігаўкамі, адвозку зерня ад іх ажыццяўлялі ўласныя магутныя МАЗы. “Класная тэхніка”, – давялося пачуць на зернетаку гаспадаркі, куды трохвосевы ўсюдыход за адзін рэйс прывозіў па тры бункеры зерня – 15­-16 тон (на здымку). У самім “Дземенцы”, акрамя прыгаданага А.Селівёнка, на адвозцы збажыны заняты яшчэ тры аўтамабілі: МАЗ­-555 Руслана Грачова і два ГАЗ­-53 – прыватніка Фёдара Малашкевіча і мясцовага “шумахера”, як жартоўна за спрыт і хуткасць называюць у гаспадарцы Уладзіміра Жарнасека.

– Разлік за камбайны з “Ляснеўшчынай” будзем весці прадукцыяй, – тлумачыць умовы супрацоўніцтва А.В.Шарыпенка. – 13 працэнтаў ад танажу, намалочанага іхнімі камбайнерамі, аддадзім пасля заканчэння ўборачнай.

Пакуль жа на зернетаку, які нагадваў ажыўлены мурашнік, рыхтаваліся да прыёму тэхнікі з Віцебскага камбіната хлебапрадуктаў, каб адгрузіць апошнія тоны жыта ў залік дзяржзаказу. З яго выкананнем сельгаспрадпрыемства справілася другім у вобласці, што крыху засмуціла дырэктара – “нехта ж абагнаў!” Між тым, ім і так ёсць чым ганарыцца. Напрыклад, арганізацыяй работ на сушылцы і на ачыстцы збажыны, закладцы насення, якім з году ў год не толькі забяспечваюць уласныя патрэбы, але і пастаўляюць іншым сельгаспрадпрыемствам раёна. Даводзіць да кандыцыі і парадкаваць зерне працаўнікам гаспадаркі дапамагае маладзёжны атрад, камандуе якім ненамнога старэйшы за падлеткаў электрык Аляксандр Лабёнак. “Талковы хлопец, адукаваны, будзем рыхтаваць змену нашаму “аксакалу” Сяргею Данілавічу Хадану”, – ахарактарызаваў маладога спецыяліста дырэктар.

Тут умеюць дабівацца намечанага і не плануюць нерэальных задач. І калі ў некаторых гаспадарках дасягненнем лічыцца ўраджайнасць 40 цэнтнераў з гектара на асобных участках, то ў “Дземенцы” разлічваюць па выніках уборачнай атрымаць блізкую да гэтага сярэднюю! Памятаючы, як пры правядзенні на пачатку года выніковага сходу А.В.Шарыпенка агучыў арыенціры будучага жніва – сабраць 4,5 тысячы тон, запытаў у яго, як ідзе ажыццяўленне планаў.

– За свае словы адказваем, – Аляксандр Віктаравіч не хавае задаволенасці прамежкавымі вынікамі. – Ужо сабралі больш тысячы тон, а ўбрана толькі каля 20 працэнтаў плошчаў. Калі не перашкодзіць якая стыхія, пад 5 тысяч тон зерня намалоцім – рэкорд мабыць будзе ўжо калі пераедзем за Горы, на палеткі ля Зарэчча, Калкоў! Падставы для гэтага ёсць, нават улічваючы, што ў дубраўскай частцы ўраджайнасць меншая. Як кажуць у народзе, “мужык сказаў – мужык зрабіў!”

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *