Самые разные обряды демонстрировали работники культуры во время проведения мини-фестиваля «Рака часу» в Ушачах

Культура

Напоўненае звонкімі гукамі народных песень наваколле. Яркія колеры нацыянальных касцюмаў, вышыванак, ручнікоў і абрусаў. Бліскучая пад праменямі яшчэ па­летняму ласкавага сонейка лакіраваная паверхня вырабаў з дрэва, саломкі, керамікі. Сквер ля раённага Дома культуры ў пазамінулую суботу міжволі прыцягваў увагу прахожых. “З якой нагоды мерапрыемства?” – ушачане марна стараліся адшукаць у календары прычыну дзейства і губляліся, калі на адной пляцоўцы бачылі побач калядную Казу і купальскія вянкі, чулі прыпеўкі “Гукання вясны” і традыцыйныя старажытныя спевы “Зажынак” – шэраг абрадаў на любы густ дэманстравалі работнікі  культуры падчас правядзення міні­-фестывалю “Рака часу”.

А паказаць і сапраўды было што. Усе сельскія ўстановы культуры далучыліся да правядзення мерапрыемства, якое аказалася не толькі цікавым і відовішчным, але і пазнавальным. А ўдзел у ім прымалі самадзейныя артысты самых розных узростаў.

– Сёння неабходна шмат працаваць над тым, каб зацікавіць моладзь традыцыямі, – расказвае  дырэктар Ушацкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Марына Пятроўна Макрыдзіна. – Так, вельмі добра, калі малады чалавек цікавіцца сучаснымі напрамкамі музыкі, наведвае спартыўныя ці забаўляльныя мерапрыемствы. Але ён павінен таксама не забывацца і на культуру свайго рэгіёна. Для гэтага трэба бачыць тыя традыцыі, ведаць пра іх хаця б нешта… Неабходна вучыць дзяцей абрадам, запрашаць да ўдзелу ў фальклорных фестывалях, майстар­класах народных умельцаў – тады гэтыя каштоўныя скарбы не застануцца для іх таямніцай.

Работы Айжан Смык, Крысціны Кляшчонак, Крысціны Малышкінай, Уладзіміра Бязрукава, Міхаіла Багдановіча можна было не толькі разглядзець, але і набыць, а таксама даведацца аб тэхналогіі стварэння. У захапленні спыняліся ля  вырабаў майстроў маленькія ўдзельніцы мастацкай самадзейнасці з Вяркуд, Ільюшына: “Ах, якая лялька, сабе вось такую абавязкова куплю!”. У сваіх прыгожых народных касцюмах дзяўчаты і самі нагадвалі персанажаў выставы.

У гэты выхадны дзень адклаў у бок хатнія справы і Пётр Алексяёнак. Менавіта ад яго я даведаўся, што выкананне некаторых побытавых танцаў мае свае асаблівасці не толькі ў розных рэгіёнах краіны, а нават у розных частках раёна! “Мы “Лысага” па­свойму выконваем, Віктар Голік так не падыграе”, – расказваў гарманіст, майстар і нязменны ўдзельнік падобных мерапрыемстваў, калі перад пачаткам свята рэпеціраваў танец з гарэзлівымі ўдзельніцамі мастацкай самадзейнасці з Касарскога сельскага клуба.

А пачыналася мерапрыемства тэатралізаваным паказам невялікіх урыўкаў з абрадаў вяселля, хрэсьбін і ўваходзін у дом. Нязменным іх атрыбутам з даўніх часоў быў ручнік, які ў аўтэнтычнай народнай творчасці займае асаблівае месца, бо гэты элемент нацыянальнай культуры суправаджаў чалавека ад нараджэння да смерці. Выдатна аздобілі абрады песні ў выкананні народнага калектыву “Матырынская спадчына”, на працягу творчай дзейнасці якога ўжо змянілася амаль чатыры склады ўдзельнікаў. “Амаль”, таму што з першых дзён утварэння калектыву ў сакавіку 1987 года беражліва захоўваюць песенныя традыцыі продкаў і перадаюць іх нашчадкам Надзея Ануфрыеўна Рудзёнак і Валянціна Васільеўна Шалак, якія і зараз у страі.

Акрамя таго, “Матырынская спадчына” прапанавала гледачам элементы абрадаў “Зажынкі” і “Дажынкі”. Дарэчы, толькі матырынцы ды ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці з Арэхаўскага сельскага Дома культуры, якія выдатна справіліся з ролямі калядоўшчыкаў, рыхтавалі свае часткі праграмы самастойна. Астатнія сельскія ўстановы культуры для гэтага аб’ядналі свае намаганні. Нібы ў зімовы час вярнулі гледачоў рознаўзроставыя вясковыя артысты з Глыбачкі і Вяркуд, якія запрашалі прысутных на “Масленіцу”. Культработнікі і іх маленькія памочнікі з Ільюшына, Жар і Старога Сяла гукалі вясну, а разам з касаранамі ў паказе элементаў свята “Купалле” ўдзельнічалі прадстаўнікі Кубліцкага і Вялікадолецкага сельскіх Дамоў культуры. Прыклад жа арганізацыі свята, якое вянчае кола земляробчага календара, прадэманстравалі захавальнікі народных традыцый з Сарочына і Селішча – элементы абраду “Багач” у іх выкананні выглядалі вельмі прывабна.

У сарочынцаў бадай што самым багатым быў і стол. Іх, шчодрыя на розныя стравы, накрылі супрацоўнікі ўсіх без выключэння ўстаноў культуры раёна. Вельмі апетытна выглядалі сала і вяндліна, бліны і галубцы, іншыя традыцыйныя блюды беларускай кухні. Падыходзячыя да сталоў госці спрабавалі выпечку і кандытарскія вырабы, салаты з агародніны, сыры, стравы з рыбы, а груш і яблыкаў, якіх шчодрыя вяскоўцы прывезлі мноства, можна было адсыпаць і з сабой.

Каб лішні раз упэўніцца ў тым, што на Ушаччыне ўмеюць і любяць спяваць, дастаткова было паслухаць выступленні самадзейных калектываў. Свае лепшыя нумары паказалі артысты з раённага і Арэхаўскага сельскага Дамоў культуры, а падчас першых гукаў беларускай дуды шматгалосае “Брава!” даносілася нават з аддаленых куткоў сквера. На гэтым старажытным інструменце дасканала асвоіў тэхніку выканання народных мелодый спецыяльны госць мерапрыемства з суседняй Лепельшчыны, гаспадар аграсядзібы “Поўсяж” Васіль Шкіндзер. Весяліць ушацкую публіку  яму дапамагаў зямляк Уладзімір Крыцкі. Трэба сказаць, што Васіль Аляксандравіч з’яўляецца заўзятым прыхільнікам даўніны, у сваёй аграсядзібе стварыў этнаграфічны музей. Акрамя таго, ужо некалькі год запар ладзіць рэгіянальны фестываль беларускай сярэднявяковай музыкі і танцаў, дзе вучыць усіх жадаючых такім пакуль экзатычным пляскам як, напрыклад, “Маразуля”, “Дракула” і “Падыграс”.

Таму і не змог устаяць лепельскі госць пры выкананні побытавых танцаў наведвальнікамі студыі “Авантаж” раённага Дома культуры, якія прымалі ўдзел у абласным танцавальным турніры “Браслаўскія зарніцы” – падхваціўшы пад рукі метадыста цэнтра раённай творчасці Галіну Сяргееўну Рудзёнак, В Шкіндзер таксама пусціўся ў танцы. Зрэшты, не адставалі ад іх і некаторыя гледачы мерапрыемства.

Дзве гадзіны праляцелі на адным дыханні, але за гэтыя імгненні перад вачыма наведвальнікаў праплыла сапраўдная “рака часу”, якая прыўзняла заслону гісторыі і паказала толькі самую маленькую частку багатай культурнай спадчыны нашага рэгіёна, традыцый, якія дасталіся нам ад продкаў.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *