Двое юных кубличан обворовали склады райпо и столовую ОАО «Ушачский райагросервис»

Закон - один для всех

Сёлета на лаве падсудных аказалася двое юных кублічан. Невядома, што кіравала роднымі братамі, тым не менш, гэтым летам яны перайшлі мяжу закону. Прычым, зрабілі гэта двойчы.

Ініцыятарам першага крадзяжу стаў малодшы Мікіта (імя зменена) 1999 года нараджэння. Менавіта па яго прапанове браты прыйшлі позняй ноччу да размеркавальных складоў Ушацкага райспажыўтаварыства. Пашумеўшы ля вартаўнічага пакою, хлопцы ўпэўніліся ў адсутнасці “пагрозы” і праз агароджу трапілі на тэрыторыю арганізацыі. Вырваўшы металічным прадметам некалькі дошак у дзвярах, старэйшы залез у памяшканне і пачаў перадаваць каробкі з таварам Мікіту. У ход ішло ўсё – каўбасы, кансервы, макароны, кетчуп, гарэлка, цыгарэты, цукеркі, чыпсы… Увесь гэты здабытак коштам каля 8,5 мільёна рублёў юныя злачынцы аднеслі ў кусты за тэрыторыю складоў, а пасля – сабе дамоў.

Праз тры тыдні, прагульваючыся па вёсцы Градзянец, ужо “напрактыкаваныя” злачынцы вырашылі пажывіцца ў сталовай ААТ “Ушацкі райаграсэрвіс”. Дзейнічалі па старой схеме: старэйшы, выставіўшы шкло ў фортцы, пранік у памяшканне, а малодшы прымаў тавар звонку. На гэты раз іх здабычай сталі смятана, сыр, фарш, марожанае, тварог, электрычны чайнік і 250 тысяч рублёў. Агульны ўрон, нанесены гаспадарцы, склаў амаль 5 мільёнаў.

Знікненне тавару ў абодвух выпадках было хутка выяўлена супрацоўнікамі ўзгаданых арганізацый. З’яўленне ў доме вялікай колькасці прадуктаў выклікала падазрэнні і ў матулі юнакоў – падчас размовы з ёй Мікіта прызнаўся ў крадзяжы.

У адносінах братоў была ўзбуджана крымінальная справа. Па выніках яе разгляду суд прызнаў непаўналетняга Мікіту вінаватым у крадзяжы, здзейсненым паўторна, групай асоб, і назначыў яму пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 1 год 6 месяцаў. Праўда, у выкананне гэты прысуд вырашана не прыводзіць, калі на працягу года малады чалавек не здзейсніць новае злачынства і будзе выконваць ускладзеныя на яго абавязкі. Старэйшаму ж з братоў давялося адказваць не толькі за крадзяжы, але і за ўцягненне ў іх непаўналетняга. Шляхам частковага складання пакаранняў за гэтыя правапарушэнні яму прызначана абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую калонію адкрытага тыпу на два гады. Вядома, што абодвум злачынцам (ці, хутчэй за ўсё, іх бацькам) давядзецца разлічыцца з райспажыўтаварыствам і райаграсэрвісам за выкрадзеныя і ўжо ўжытыя прадукты.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *