На вопросы ушачан во время «прямой линии» отвечает нотариус

Общество

У сераду, падчас правядзення ў рэдакцыі чарговай “прамой лініі”, тэлефанаванні да натарыуса натарыяльнай канторы Ушацкага раёна Ж.Л.Каваленка паступалі адно за адным. На ўсе пытанні ўшачан Жанна Леанідаўна давала грунтоўныя тлумачэнні. З самымі актуальнымі знаёмім сёння нашых чытачоў.

– Маю дом, у якім акрамя мяне ніхто не зарэгістраваны. Хачу, каб дастаўся ён маёй унучцы, якая зараз мяне даглядае (дарэчы, ёсць у мяне і сын). Што для гэтага неабходна зрабіць?

– У вас ёсць два варыянты. Па­-першае, можна аформіць дагавор рэнты з пажыццёвым утрыманнем. У дакуменце будзе прапісана, як канкрэтна ўнучка павінна за вамі даглядаць – купляць прадукты, лекі, аплачваць камунальныя паслугі і іншае, а вы ўзамен аддаяце ёй права ўласнасці на дом. У гэтым выпадку ўласніцай жылля ўнучка будзе яшчэ пры вашым жыцці. Разам з тым, пры неналежным выкананні ўнучкай абавязкаў па вашым доглядзе, прапісаных у дагаворы, дакумент можа быць скасаваны.

Па­-другое, можна скласці на імя ўнучкі завяшчанне. Аднак у гэтым выпадку трэба ўлічваць некаторыя аспекты. Так, калі дом быў пабудаваны ці набыты ў шлюбе, а на момант вашай смерці муж будзе яшчэ жывы, то яму будзе належыць права ўласнасці на долю жылога памяшкання. Адпаведна, спадчынніца зможа атрымаць толькі палову дома. Улічыць варта і тое, што калі на момант вашай смерці муж і (ці) сын будуць пенсіянерамі або інвалідамі, то яны таксама, незалежна ад складзенага вамі завяшчання, змогуць прэтэндаваць на долю ў доме.

– З мамай прыватызавалі ва Ушачах кватэру. Так атрымалася, што я згубіла пастаяннае месца працы і зараз не маю магчымасці штомесяц аплачваць палову вызначанай сумы – гэта цалкам робіць маці. Ці можна змяніць дагавор куплі­-продажу прыватызаванага жылля, прапісаўшы ўласнікам кватэры толькі яе?

– Унесці змяненні ў дагавор можна па дамове абодвух бакоў, якія ўдзельнічалі ў прыватызацыі: райвыканкама і вас з мамай. Калі выканаўчы камітэт адмовіць у змене ўласніка кватэры, паспрабаваць зрабіць гэта можна будзе праз суд.

– У нас з мужам двое сыноў. Маем прыватызаваную кватэру і  хочам, каб дасталася яна аднаму з іх. Плануем аформіць дагавор дарэння. Падкажыце, калі ласка, якія для гэтага патрэбны дакументы?

– Для афармлення дагавору дарэння вам спатрэбяцца: выпіска з арганізацыі па дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомасці (БТІ) на кватэру; даведка з сельвыканкама аб тым, хто там зарэгістраваны; даведка аб суме жыллёвых квот (атрымліваецца ў аддзеле жыллёва­камунальнай гаспадаркі райвыканкама, інфармацыя можа змяшчацца і непасрэдна ў дагаворы аб прыватызацыі); пасведчанне аб нараджэнні сына, на якога збіраецеся афармляць дагавор дарэння; дакументы ўсіх удзельнікаў прыватызацыі – пашпарты і ваша з мужам пасведчанне аб заключэнні шлюбу; дагавор аб прыватызацыі (арыгінал). Адзначу, што першыя тры дакументы натарыус можа самастойна запытаць у адпаведных службах пасля звароту ў натарыяльную кантору вашага мужа або сына. Паслуга гэта платная, кошт аднаго запыту складае 0,2 базавыя велічыні (на сённяшні дзень – 42 тысячы рублёў).

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *