В Полоцке успешно прошла выставка работ ушачских мастеров

Культура

З вялікім поспехам прайшла ў Полацкім цэнтры рамёстваў і нацыянальных культур выстава работ удзельнікаў клуба народных майстроў і самадзейных мастакоў “Адраджэнне”. Назва “Традыцыі і сучаснасць” вельмі трапна адлюстравала канцэпцыю экспазіцыі, у якой спалучаліся як старажытныя, так і новыя віды творчасці. Першыя былі прадстаўлены саломапляценнем Ганны Бабянок і Айгуль Смык, ганчарствам Уладзіміра Бязрукава, маляванкамі Крысціны Кляшчонак, вышыўкамі Крысціны Малышкінай, вязаннем Лідзіі Хамічонак, ну а сучасныя напрамкі – праз дробную драўляную скульптуру Андрэя Казіцкага, вырабы ў тэхніцы канзашы Наталлі Клачок, па якой яна, дарэчы, дала захапляльны майстар-клас для полацкіх школьнікаў. Традыцыйна праявіла свае педагагічныя здольнасці і наш прызнаны майстар на ўсе рукі Ганна Бабянок, якая навучыла работнікаў цэнтра рамёстваў плесці лапці. Вельмі ўразілі палачан работы Уладзіміра Бязрукава: нашага земляка нават запрасілі прыняць удзел у праекце “Аднаўленне посуду Х-ХІ стагоддзяў”. Як патлумачылі арганізатары праекту, у Полацку яны не здолелі знайсці майстра адпаведнага ўзроўню, калі ж убачылі вырабы ўшачаніна, былі вельмі здзіўлены, што Уладзімір – расіянін па паходжанні, настолькі дакладна ўзнаўляе посуд нашага рэгіёну, уласцівыя яму формы і арнаменты.

А.КУЗУСЁНАК, кіраўнік клуба народных майстроў і самадзейных мастакоў “Адраджэнне”.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *