Похудение без диет и специальных препаратов. Как это сделать, читайте в нашем материале

Здравоохранение

Калегі спачатку насцярожана назіралі, а потым з непадробнай цікавасцю пачалі пытацца: ”Вы не захварэлі? Якой дыетай карысталіся? Раскажыце, як атрымалася так пахудзець за такі кароткі час”. А паколькі залішняя вага з’яўляецца прычынай многіх захворванняў, а ад складак тлушчу марыць пазбавіцца кожны, мы раскрыем нашым чытачам сакрэт пахудзення гэтага ўшачаніна, а потым працягнем тэму. Паколькі на Ушаччыне зараз, можна сказаць, бум барацьбы з залішняй вагой – вельмі многа добра знаёмых людзей кардынальна змянілі формы. Дык вось, калі вы жадаеце пахудзець без дыет, ужывання прэпаратаў для пахудзення – гэты артыкул для вас.

Патрэбна матывацыя

Першае, што патрэбна кожнаму для таго, каб скінуць залішнюю вагу – гэта матывацыя. У нашага героя яна была амаль што анекдатычная: яго імя было занесена на Дошку гонару прадпрыемства. Зразумела, для гэтага было зроблена фота, на якое ён і натыкаўся некалькі раз на дні. Позірк з боку не падабаўся, так і пачаўся шлях да пахудзення.

У інтэрнэце выпадкова натрапіў на Максіма Сакулевіча – беларуса, які расказваў, як ён за паўгода скінуў 60 кілаграмаў. Праслухаў, аднак падышоў да “інструкцыі” вельмі творча, далучыўшы мноства сваіх напрацовак. Па сутнасці ад настаўніка ўзяў толькі тры першыя дні галадання, падчас якіх толькі піў чай з лімонам. Ну а далей проста абмежаваў нормы ежы і павялічыў фізічныя нагрузкі.

Проста гучыць, а па сутнасці наш герой поўнасцю памяняў дзённы графік. Калі раней гэта быў сядзячы лад жыцця, ежа – ад пуза, то зараз нормай сталі штодзённыя фізічныя нагрузкі і абмежаванае ўжыванне ежы. Абмежаванні па сутнасці толькі ў аб’ёмах. Дазволіць ён мог сабе ўсё, што захоча, а вось порцыі сталі вельмі сціплымі. Калі сала – то некалькі лустачак, да іх памідор ці агурок, калі боршч – то чарпак, не болей. На сняданак – варанае яйка і кава ці гарбата. Зусім выключыў з рацыёну бульбу, каўбасы. Зноў жа – не таму, што многа калорый, а таму, што аддаваліся свае заахвочванні ў ежы. Не ўжываў і беленькае, якім не балаваўся і да пахудзення. Можна сказаць, што стравы сталі больш разнастайнымі. Многа агародніны: марынаваная морква, памідоры, агуркі, буракі, спаржа, грыбы. За абмежаванне ў аб’ёмах арганізм атрымаў далікатэсы накшталт салаты з шыітакі ці тушанай смачнай рыбы. Паўтаруся, дазваляў сабе ўсё, што захочацца, але толькі патроху. Абавязкова былі і малочныя прадукты: малако, ражанка, кефір.

Калі бачыш вынік – не спыніцца

Ці хацелася есці? Канечне. Аднак не аббягаў кухню нават першыя тры дні, калі не еў зусім. А потым мог браць нешта з агульнага стала, толькі невялікімі порцыямі. Табу на ежу надыходзіла пасля 6 гадзін вечара. Хіба што шкалік кефіру!

З першага ж дня арганізм атрымаў і вялікія фізічныя нагрузкі – 8­10 кіламетраў хадзьбы. Пазней, з грузам. Да іх далучылася і ранішняя гімнастыка: качанне прэсу, практыкаванні з гантэлямі. Усё гэта было ўведзена ў ранг абавязковага, нягледзячы на самаадчуванне ці надвор’е.

А вось ад чаго адвыкаў пакутліва – дык гэта ад піва. Калі раней як гурман разбіраўся ў розных сартах, сачыўшы за новымі калекцыямі, то вось ужо тры месяцы яно выключана з рацыёну зусім.

Усё гэта і з’яўляецца асноўным і ўключаецца ў паняцце СІЛА ВОЛІ, без якой немагчымы ніякія кардынальныя перамены. Проста, паглядзеўшы ролік у інтэрнэце, сказаў сабе: “Ён змог, а я не?” І змог. Трэба зазначыць, што дзесяць гадоў таму так жа рэзка кінуў курыць, ужываючы да гэтага і па два пачка моцных цыгарэт.

Услед за півам амаль на нуль выключылася і іншае спіртное. Затое з’явілася цяга да вагаў. Яны прыманьвалі. І калі ў першыя тры дні тлушч ніяк не хацеў пакідаць цела, то потым кілаграмы пайшлі ўніз – паступова, па паўкіло. Што надавала ўзнёсласці. Вось ўжо і запаветная мяжа 100 кілаграмаў. Вось і 95. Можна і спыніцца. Аднак гэта не проста барацьба з залішняй вагой, гэта барацьба са сваімі шкоднымі звычкамі. Праверка сябе. Я таксама магу. Самастойна. Таму калі і можа дазволіць сабе зараз больш ежы, аднак асноўныя пастулаты захаваліся: не пераядаць, не есці позна вечарам, заняткі фізкультурай, штодзённая працяглая хадзьба. І замест 120 кілаграмаў – 91 за 70 дзён!

Кажуць, што худзець трэба паступова, што такія нагрузкі – стрэс для арганізма. Наш герой лічыць, што самая вялікая шкода – насіць на сабе лішнія кілаграмы. Што да адчування, то яно значна палепшылася. Нармалізаваўся ціск, знікла санлівасць, ды і шнуркі можна завязаць без пакутлівых адчуванняў. Так што ўсё ў нашых руках. Аднак гэта не парады для дзеяння. Кожны арганізм – індывідуальны, і не кожнаму падыдуць гэтыя метады. Трэба ўлічваць наяўнасць захворванняў, узрост і многае іншае. Аднак схема пахудзення заўсёды адна: колькасць калорый, якія атрымлівае арганізм, павінна спальвацца, тады і не будзе накоплівацца тлушч. І кожны можа распрацаваць індывідуальную схему, але пажадана спачатку пракансультавацца з урачом.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *