Про акции, подарочные сертификаты, дни скидок и обслуживание в магазинах. На вопросы наших читателей ответила председатель правления Ушачского райпо Л.А.Долгая

Зваротная сувязь

Тэма гандлёвага абслугоўвання актуальная заўсёды. Гэта пацвердзіла і чарговая “прамая лінія”, якую праводзіла з чытачамі нашай газеты старшыня праўлення Ушацкага райспажыўтаварыства Л.А.ДОЛГАЯ. Ліліі Альбінаўне паступіла шмат розных пытанняў, адказы на якія будуць цікавымі для многіх ушачан.

Жыхарка Сарочына ад імя пажылых людзей прасіла па магчымасці абсталяваць уваход у магазін у населеным пункце: “Мы ўсім задаволены – і асартыментам, і абслугоўваннем, толькі ў магазін так нязручна падымацца па высокім ганку, хацелася б, каб было так, як у “Спадарожніку”.

Лілія Альбінаўна пагадзілася з тым, што ўваход у магазін сапраўды не зусім зручны для пажылых людзей, і паабяцала зрабіць у сарочынскім магазіне пандус.

– Днямі ўбачыла ў магазіне “Абутак” падарункавыя сертыфікаты на суму 300 і 500 тысяч рублёў. А ў якіх яшчэ магазінах райспажыўтаварыства яны рэалізуюцца?

– Магчыма, не ўсе ўшачане ведаюць, што сёлета для сваіх пакупнікоў мы ўвялі такую паслугу як падарункавыя сертыфікаты. Калі вы не ведаеце, што падарыць родным і сябрам на іх свята, дайце ім выдатную магчымасць выбраць падарунак самім, набыўшы ў нас адпаведны сертыфікат. Яны маюцца ў продажы на другім і трэцім паверсе ўнівермага, магазінах “Гаспадар”, “Абутак” і “Тэхнасвет” наміналам 300 і 500 тысяч беларускіх рублёў. Калі вы хочаце, каб ваш падарунак быў больш дарагім, то можаце купіць адразу некалькі сертыфікатаў. Прыйшоўшы ў магазін, уладальнік проста выбярэ патрэбны яму тавар на суму, указаную на сертыфікаце.  Ва ўнівермагу і “Гаспадары”  ўжо рэалізавана 13 падарункавых сертыфікатаў, а вось у “Абутку” і “Тэхнасвеце” ўшачане такой магчымасцю пакуль не скарысталіся.

– Чаму на прадукцыю такіх абутковых вытворцаў як “Марка”, “Белвест”  у нас няма маштабных скідак і акцый?

– Абутак з вялікімі скідкамі гэтыя вытворцы прадаюць толькі ў сваіх фірменных магазінах. А тыя ўмовы, якія прапаноўвае нам, напрыклад, “Марка” не адпавядаюць тым, якія дзейнічаюць у іх фірменнай сетцы. Летась ад сумесна праведзеных акцый з абутковымі вытворцамі мы нават панеслі страты. Але каб мець тавараабарот і прывабліваць пакупнікоў, мы самі ў канцы кожнага месяца праводзім акцыі, прадаючы тавар са скідкай 15 працэнтаў ад рознічнай цаны.

– На выхадных, калі мы адзначалі Радаўніцу, у магазіне аграгарадка Арэхаўна не было ў продажы танных цукерак фабрыкі “Камунарка”. З чым гэта звязана?

– Справа ў тым, што мы завозім тавары “Камунаркі” праз аптовыя базы, на якіх узніклі пэўныя замінкі ў пастаўках, але яны хутка адновяцца.

– У канцы кожнага месяца ў магазінах гарпасёлка праходзяць дні скідак, а чаму такія акцыі  не распаўсюджваюцца на вясковыя магазіны?

–  Дні скідак праводзяцца на тавары нехарчовай групы і толькі ў спецыялізаваных магазінах гарпасёлка, такіх як, напрыклад, “Будматэрыялы”, “Абутак”, “Гаспадар”, “Тэхнамір”. У вясковых жа магазінах праз адну касу рэалізуюцца і харчовыя,  і нехарчовыя тавары, там няма магчымасці прасачыць, які тавар будзе прададзены пакупніку са скідкай.

Адразу два тэлефанаванні на “прамую лінію” паступіла са Старога Сяла Жарскага сельсавета. Пакупнікі занепакоены тым, што ў мясцовым магазіне даўно не было рамонту, у дажджлівае надвор’е цячэ дах у гандлёвай зале. Адпаведна ад такой вільготнасці зніжаецца і якасць некаторых тавараў. Прагучала нараканне і на тое, што ў магазіне слабы асартыментны рад на многія тавары, а малочная прадукцыя наогул паступае ў малой колькасці.

Л.А.Долгая паведаміла, што ў магазіне Старога Сяла якраз у гэтым годзе запланаваны рамонт. Будзе падрамантаваны дах, заменена некаторае гандлёвае абсталяванне, плануецца перарабіць і сістэму ацяплення. Што да слабага асартыменту тавараў, то гэта недапрацоўка і ўпушчэнне непасрэдна прадаўцоў. Дэфіцыту ў той жа малочнай прадукцыі няма, яна паступае ад вытворцаў у дастатковай колькасці і без перабояў. А таму з работнікамі магазіна будуць праведзены размовы, каб пры заказе не толькі малочных, але і іншых тавараў яны арыентаваліся не на ўласнае меркаванне, а на попыт спажыўцоў. Таксама Лілія Альбінаўна  нагадала, што любы тавар, нават габарытны кшталту шыферу ці бытавой тэхнікі, можна заказаць у любым вясковым магазіне, для гэтага там ёсць журналы папярэдніх заказаў.

Падрыхтавала Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *