Ушачское предприятие мелиоративных систем сотрудничает с ОАО «Нафтан»

Общество

Плённае супрацоўніцтва Ушацкага прадпрыемства меліярацыйных сістэм і ААТ “Нафтан” доўжыцца ўжо больш дзесяці гадоў. Працуюць нашы меліяратары ў парках захоўвання гатовай прадукцыі, да якіх пракладзены нафтаправоды. Выконваюць работы па адводзе ліўневых паверхневых вод, зрэзцы грунту, вырабе адмосткі і падыходаў да вытворчых аб’ектаў – абсталёўваюць пешаходныя дарожкі, на чым работнікі прадпрыемства, як кажуць, “сабаку з’елі” – у гарадскім пасёлку не адна сотня метраў тратуараў з пліткі пакладзена іх рукамі. Хаця па жаданні заказчыка могуць рабіць падыходы як з асфальтавым пакрыццём, так і заліваць бетонныя. У залежнасці ад пары года і аб’ёмаў работ у Наваполацк кожны дзень накіроўваецца ад 10 да 20­25 чалавек нашых меліяратараў. Улічваючы адлегласць, каб паспець на аб’ект да пачатку звычайнага рабочага дня, падымацца працаўнікам прыходзіцца з пеўнямі – у 6.45 транспарт з камандзіраванымі адбывае з тэрыторыі прадпрыемства. Ужо два з паловай гады нязменна кіруе работамі ўшацкіх брыгад на “Нафтане” прараб Юрый Анатольевіч Сазанкоў, дапамагае яму старшы майстар Дзмітрый Мікалаевіч Дрозд. Работнікаў прадпрыемства я застаў на Віцебскай, дзе яны раніцай забіраюць некалькі чалавек, пражываючых у гэтым маладым мікрараёне. Аднак сярод камандзіраваных не толькі жыхары гарпасёлка – пасажырскія УАЗы зробяць прыпынак яшчэ і ў Арэхаўне.

Склад брыгад мяняецца ў залежнасці ад спецыфікі выконваемых работ. “Мы больш будаўнікі, чым меліяратары, – усміхаецца Ю.А.Сазанкоў. – Асвоіць яшчэ работу з металам – і можам не толькі на добраўпарадкаванні працаваць, а нават будаваць новыя паркі!”.

Нашых меліяратараў­будаўнікоў на нафтахімічным гіганце цэняць за якасць выкананых работ, за тэрміновасць, дзеля якой яны могуць затрымацца на аб’екце і звыш адведзеных працоўным дагаворам гадзін. У сваю чаргу і прадпрыемству меліярацыйных сістэм выгадны “замежныя” камандзіроўкі: арганізацыя захоўвае штат і зарабляе – за мінулы год на аб’ектах “Нафтана” выканана работ на суму 4 348 мільёнаў рублёў.

Д.Раманоўскі



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *