Вечер-портрет Демьяна Крупени

Творчество наших земляков

IMG_1705

 

Правядзенне ў РДК вечара-партрэта Д.У.Крупені было запланавана невыпадкова. Заслугоўвае гэты чалавек павагі акружаючых. Перш за ўсё Дзям’ян Уладзіміравіч – прыкметны ў нашым раёне творца. Ды і не толькі ў нашым. Яго жывапіс экспанаваўся ў Вільнюсе, Віцебску, Маскве, Мінску. А яшчэ карцінамі любаваліся ў Англіі, Венгрыі, Германіі, Чэхаславакіі. Ён – лаўрэат 1-га і 2-га Усесаюзных фестываляў самадзейнай мастацкай творчасці.

 

Асноўны матыў творчасці Д. Крупені – пейзажы, якія ён стварае паводле прыгажосці роднага кутка. Настройваюць на творчы лад, даюць тэму для мастакоўскай работы краявіды вакол Глыбачкі, дзе Дзям’ян Уладзіміравіч пражывае.

Перад пачаткам вечара да мастака падышла Лідзія Рыгораўна Бутоўская з гарпасёлка. Яна паказала яму здымкі, дзе яны сфатаграфаваны разам з іншымі культработнікамі. Жанчына тады толькі стала працаваць у раённай бібліятэцы і памятае высокага, стрыманага маладога чалавека, які ў тым далёкім 1952-м стаў загадчыкам Старынкаўскага сельскага клуба, да гэтага быў загадчыкам Гарадзецкай хаты-чытальні.

У сферы культуры ён адпрацаваў дваццаць гадоў, з 1978-га да выхаду на пенсію – дырэктарам Глыбачанскага СДК. Але ж была яшчэ і праца ў райкаме партыі і чатырнаццаць год – старшынёй рабачкама саўгаса “Кублічы”. Такім чынам Дзям’ян Уладзіміравіч – ветэран працы.

Хочацца зрабіць невялікае адступленне. Трэба сказаць, глыбацкім жыхарам пашанцавала, бо мелі і маюць магчымасць захапляцца творчасцю Д. Крупені, а дзеці яшчэ і займаліся ў студыі выяўленчага мастацтва, дзе Дзям’ян Уладзіміравіч вёў заняткі.

На вечарыне да мастака на сцэну выйшаў яго калега па пэндзлі, дырэктар раённага Дома рамёстваў М.А.Багдановіч. Яны сябруюць, абмяркоўваюць карціны, не баяцца нават пакрытыкаваць адзін аднаго.

– У мяне звычайна пасля сустрэч з Міхаілам Аляксандравічам прыліў творчасці, – прызнаўся Дзям’ян Уладзіміравіч на вечарыне. І дыялог на сцэне ў іх атрымаўся цікавы, як у сапраўды дасведчаных у пэўным напрамку творчасці людзей.

Сама прывезла мастака на мерапрыемства старшыня Глыбачанскага сельскага Савета Л. В. Храмцова. Яна вельмі сардэчна расказала пра яго, выказала шчырыя пажаданні.

Д.У.Крупеня чалавек, які і ў свае 82 гады актыўны. З першага дня ўтварэння раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Белая Русь” ён стаў у яе рады. Пра гэта сказала са сцэны А.В.Пашковіч, якая ўзначальвае гэтую арганізацыю. Яна выказала Дзям’яну Уладзіміравічу цёплыя словы і паднесла падарунак.

За плячыма гэтага чалавека не толькі гады працы, але і ваенны час, які ён перажываў дастойна. Родам Дзям’ян Уладзіміравіч з Судзілавіч, там і пачуў звестку аб пачатку Вялікай Айчыннай. Калі пачаўся народны вызваленчы рух, уступіў у партызанскі атрад імя Суворава брыгады Панамарэнкі. Разам з іншымі хлопец хадзіў у разведку, быў сувязным у начальніка штаба. Маладыя мсціўцы распаўсюджвалі лістоўкі, якія ўжо дастаўлялі з Вялікай зямлі на самалётах. У час блакады юнаку даверылі штабныя дакументы, якія трэба было захаваць, што яму і ўдалося зрабіць.

Пасля выхаду з блакады юнак злёг у выніку цяжкай хваробы, з якой змагаўся некалькі месяцаў. Яго нават палічылі памерлым. Але, відаць, маладосць перамагла хваробу, адчыніла дзверы ў мірнае жыццё, у творчасць.

Так, пачатак яго захаплення прыпадае на пасляваенны час. Скончылася Вялікая Айчынная, і юнак пайшоў працаваць у кузню малатабойцам. У сакавіку 1945-га яго з групай іншых калгаснікаў накіравалі ва Усходнюю Прусію за жывёлай для гаспадаркі. Адтуль яны прыгналі каля трохсот галоў буйной рагатай жывёлы. А яшчэ тая камандзіроўка стала вызначальнай. Справа ў тым, што хлопец нядрэнна маляваў алоўкам, а там, у далёкай Прусіі, на адным з хутароў ён выпадкова знайшоў масляныя фарбы. І нібы нешта падштурхнула: ”Паспрабуй, намалюй”. Няўпэўненым рухам ён бярэ пэндзаль і пачынае маляваць ляжачага ў двары забітага каня. І чамусьці прымалёўвае свайму каню срэбныя падковы…

Гавораць, што падковы прыносяць шчасце. Шчасце Дзям’яна Уладзіміравіча рукатворнае. Ён зрабіў яго сам, уласнымі рукамі. У прамым і пераносным сэнсах. Ён прыгожа пражыў свой унушальны адрэзак жыцця. Яго паважаюць. Яго карцінамі захапляюцца.

На вечарыне ўсе прызнанні былі яму. Іх выказалі Любоў Міхайлаўна Карабань, Людміла Мікалаеўна Цяцерка, Ганна Аляксандраўна Бабянок.

А ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці раённага Дома культуры дарылі Дзям’яну Уладзіміравічу музычныя нумары. Асабліва захапляючымі былі танцы. Яны неслі мастаку і ўсім прысутным малады запал, добры настрой і бадзёрасць. Значыць, будуць новыя карціны. Ды і ў любым выпадку, як прызнаўся Дзям’ян Уладзіміравіч, свайго любімага занятку ён не пакідае ніколі.

Засталося толькі дадаць, што Д.У.Крупеня з’яўляецца членам народнага клуба “Адраджэнне” пры РДК. Яго кіраўнік Ала Васільеўна Кузусёнак была сцэнарыстам і вядучай вечарыны.

 

Г.ВАРАТЫНСКАЯ.

На здымку:віншаванне ад М.А. Багдановіча.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *