Деноминация-2016

Общество

З 1 ліпеня 2016 года ў Рэспубліцы Беларусь праведзена дэнамінацыя беларускага рубля шляхам замены банкнотаў узору 2000 года, якія знаходзяцца ў абарачэнні, на банкноты і манеты ўзору 2009 года ў суадносінах 10000 беларускіх рублёў у грашовых знаках узору 2000 года і 1 беларускі рубель у грашовых знаках узору 2009 года.

Гэта значыць, самы нізкі намінал банкноты, які дзейнічае цяпер – 100 рублёў –  заменены на самы нізкі намінал новага грашовага рада – 1 капейку.

Па прынцыпе 1:10000 пры правядзенні дэнамінацыі будуць пералічаны зарплаты, пенсіі, стыпендыі, рэшта грашовых сродкаў на банкаўскіх рахунках, балансы прадпрыемстваў і ўстаноў.

Банкноты

Усяго з 1 ліпеня 2016 года ў абарачэнне будуць выпушчаны сем наміналаў банкнотаў – 5, 10, 20, 50, 100, 200 і 500 рублёў.

Канцэпцыя дызайну новых банкнотаў адпавядае дэвізу “Мая краіна – Беларусь” з выявай помнікаў архітэктуры і горадабудаўніцтва на правых баках банкнотаў. Кожны банкнот прысвечаны адной з абласцей Беларусі і Мінску. Адпаведнасць вобласці наміналу банкнотаў вызначана ў алфавітным парадку. Адваротныя бакі банкнотаў прысвечаны самабытнасці кожнай з абласцей з гістарычнага і культурнага пунктаў гледжання.

Усе сем наміналаў банкнотаў адрозніваюцца па колеры. Ад малых да большых наміналам банкнотнага рада каларыстычнае рашэнне змяняецца ад больш простых цёплых сонечных адценняў да больш складаных халодных колераў.

Адным з самым прыкметных адрозненняў новых банкнотаў ад старых з’яўляецца тое, што яны адрозніваюцца па памеры. Так, усе наміналы банкнотаў маюць аднолькавую вышыню – 72 мм. Па даўжыні наміналы банкнотаў павялічваюцца на 4 мм: ад 135 мм – у банкнота наміналам 5 рублёў, да 159 мм – 500­рублёвага банкнота.

Манеты

З 1 ліпеня 2016 года ўпершыню ў навейшай гісторыі Рэспублікі Беларусь у наяўным грашовым абарачэнні з’явяцца металічныя манеты. Усяго восем наміналаў манет – 1, 2, 5, 10, 20 і 50 капеек, а таксама 1 і 2 рублі.

Рашэнне аб выкарыстанні ў абарачэнні (цыркуляцыйных) манет з’яўляецца важным. Цяпер банкноты нізкіх наміналаў, якія знаходзяцца ў абарачэнні, выконваюць ролю цыркуляцыйных манет, і як вынік, хутка зношваюцца, у сувязі з чым Нацыянальны банк траціць немалыя сродкі на выраб гэтых банкнотаў. Увядзенне манет у абарачэнне абумоўлена больш працяглым іх тэрмінам службы ў параўнанні з папяровымі банкнотамі, што дасць магчымасць сэканоміць дзяржаўныя грашовыя сродкі, паколькі “жыццё” манет шматразова перавышае тэрміны фізічнага зносу банкнотаў.

На аверсе беларускіх манет размешчаны відарыс Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь – аднаго з сімвалаў нашай дзяржавы.

На рэверсе беларускіх манет раскрываецца тэма аднаго з самых папулярных напрамкаў народнай творчасці – ткацтва.

Ахоўныя прыкметы

Банкноты і манеты маюць пэўны набор ахоўных прыкмет.

Адной з асноўных візуальных ахоўных прыкмет манет з’яўляецца гурт (бакавы бок манеты). Акрамя гэтага, трэба ўлічваць сплаў металаў, з якіх манеты зроблены, розны дыяметр, а таксама дробныя дэталі, якія складана падрабіць у саматужных умовах.

Трэба ўлічваць:

колер манет (1, 2, 5 капеек – чырвоны; 10, 20, 50 капеек – жоўты; 1 рубель – белы; 2 рублі: колца – жоўты; сярэдзіна – белы);

сплаў металаў, з якіх зроблены манеты;

памер (усе маюць розны дыяметр);

гурт (бакавы бок манеты) – роўны, з насечкамі пэўнага памеру, з тэкстам;

якасць чаканкі (выразныя дробныя элементы).

Банкноты – гэта не проста прыгожая карцінка, перш за ўсё гэта банкаўскі білет, які мае пэўны набор ахоўных прыкмет. Банкноты друкуюцца на спецыяльнай паперы з хаатычна размешчанымі ў ёй ахоўнымі валокнамі:

– бачныя: сінія і чырвоныя;

– нябачныя: жоўтыя, люмінесцыруючыя ва ультрафіялетавых промнях жоўта­зялёным колерам.

Сапраўднасць банкнотаў можна вызначыць:

– навобмацак;

– пры нахіле;

– на прасвет;

– пры дапамозе прыбораў.

Пры вызначэнні сапраўднасці банкнотаў навобмацак, трэба ўлічваць:

структуру паперы;

павялічаны рэльеф асноўнай выявы;

намiнал лічбамі і літарамі;

меткі для людзей з аслабленым зрокам.

Асноўныя выявы банкнотаў маюць павялічаную таўшчыню фарбавага слоя.

Для людзей з аслабленым зрокам адціснуты геаметрычныя фігуры на банкнотах, якія таксама маюць павялічаную таўшчыню фарбавага слоя, дзякуючы чаму добра ўспрымаюцца навобмацак.

Пры вызначэнні сапраўднасці банкнотаў на прасвет, трэба звярнуць увагу на:

1. Вадзяны знак. На правым баку банкнотаў злева ад асноўнай выявы на незадрукаваным полі размешчаны лакальны паўтонавы вадзяны знак, які паўтарае фрагмент асноўнай выявы правага боку банкнота.

2. Ахоўную нітку. Металізаваная аконнага (ныраючага) тыпу, якая выходзіць на паверхню правага боку банкнота ў выглядзе прамавугольнікаў, што ўтвараюць пункцірную лінію. Пры разглядзе банкнота на прасвет ахоўная нітка выглядае суцэльнай цёмнай паласой з негатыўным (светлым) тэкстам у прамой і перавернутай выяве.

3. Сумяшчальную выяву. Фрагмент наміналу на правым баку банкнота сумяшчаецца на прасвет з фрагментам наміналу на адваротным баку банкнота, утвараючы суцэльную выяву наміналу банкнота.

4. Cornerstone® – спецыяльны метад умацавання вуглоў банкнота. Вуглы банкнота ўмацаваны шляхам дабаўлення звышшчыльных “палосак” метадам вадзянога знака, якія надаюць структурную калянасць паперы. На прасвет відаць чаргаванне цёмных і светлых палос.

5. MASK™ – комплексны элемент аховы, які складаецца з дзвюх выяў, выкананых па спецыяльнай тэхналогіі. Верхняя выява (геаметрычны ўзор) назіраецца ў адлюстраваным звычайным святле, ніжняя (намінал банкнота, які складаецца з кропак) – на прасвет.

Выява MASK размешчана ў левай частцы правага боку банкнота.

Гэта спецыяльная тэхналогія нанясення выяў характэрна для банкнотаў наміналамі 50, 100, 200 і 500 рублёў.

Для вызначэння сапраўднасці банкнотаў пры нахіле трэба звярнуць увагу на:

– схаваную выяву – выява, выкананая па спецыяльнай тэхналогіі гравіроўкі друкаваных форм, у выніку якой пад вострым вуглом зроку на цёмным фоне бачны светлыя літары “РБ” або на больш светлым фоне бачны больш цёмныя літары “РБ”.

Схаваная выява характэрна для ўсіх 7 наміналаў банкнотаў – 5, 10, 20, 50, 100, 200 і 500 рублёў;

– колерапераменныя фарбы OVI®. Лічбы наміналу ў правым верхнім вугле банкнотаў 200 і 500 рублёў адціснуты спецыяльнай колерапераменнай фарбай (OVI) і мяняюць свой колер пры нахіле банкнотаў.

Для касіраў і банкаўскіх работнікаў ёсць дадатковыя ахоўныя прыкметы, якія можна праверыць з дапамогай спецыяльных прыбораў:

– мікратэксты;

– свячэнне ва ультрафіялетавых промнях;

– выява ў інфрачырвоным дыяпазоне спектра;

– магнітныя ўласцівасці.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *